Чортавы тузін? Не, шчаслівая традыцыя!

№ 48 (1435) 30.11.2019 - 07.12.2019 г

У наступным годзе Гродна ў трынаццаты раз стане сталіцай рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Чортавы тузін? Не! Шчаслівая традыцыя. І не можа тут быць ніякіх забабонаў. Прынамсі, менавіта гэтае мерапрыемства, што ладзіцца раз на два гады, не мае аналагаў у свеце па шматнацыянальнай мастацкай яскравасці і эфектыўнай міратворчасці. Інакш кажучы, фэст нагадвае святочны букет, да якога штораз дадаюцца ўсё новыя выразныя кветкі. Лепшага падарунка для кожнага і не прыгадаць.

/i/content/pi/cult/773/16685/05.JPGЗадача гродзенскага мерапрыемства — прэзентацыя творчых магчымасцяў грамадскіх нацыянальна-культурных суполак, што існуюць у Беларусі. Першы фестываль прайшоў у 1996 годзе. На ім тады было прэзентавана адзінаццаць нацыянальных аб’ яднанняў. У 2016-м іх колькасць павялічылася ці не ў чатыры разы. Дынаміка, пагадзіцеся, больш чым пераканаўчая.

Падрабязней распавесці пра нацыянальнае свята мне дапамагла начальнік аддзела культурна-асветніцкай работы, мастацтваў і навучальных устаноў упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Вольга Багдановіч, якая была галоўным рэжысёрам двух апошніх фэстаў. Кожны з іх, па перакананні Вольгі Томашаўны, мае сваю адметнасць. Фішкай першага, да прыкладу, стаў удзел прадстаўнікоў французскага горада-пабраціма Міложа. Пакрысе традыцыйным стаў фэст карэйскага кіно. Галоўная адметнасць мерапрыемства — не столькі нацыянальныя падворкі, колькі атмасфера нязмушанага рэспубліканскага свята, якое доўжыцца не толькі на сцэнічных падмостках, але і на пляцах і вуліцах Гродна. Больш стала турыстаў. Колькасць іх будзе павялічвацца ў сувязі з бязвізавым турыстычным статусам. Пазалетась фестываль наведалі 270 тысяч чалавек, у тым ліку — тры тысячы замежных гасцей.

На апошнім нацыянальным свяце Гродна ўпрыгожвалі вокны фэсту, дзе маляўніча фіксавалася хроніка мерапрыемства. А трэці яго дзень упершыню ладзіўся на Аўгустоўскім канале. Фестываль, сапраўды, пашырае межы свайго мастацкага ўплыву.

З цягам часу, сцвярджае Вольга Багдановіч, больш стала тэлевізійнай рэкламы, абвестак у сеціве. Было перагледжана і стаўленне да моладзі, якая стала завадатарам самых добрых фестывальных спраў. Да прыкладу, студэнты з Нідэрландаў стыхійна і, напэўна, нечакана для саміх сябе ўключыліся ў шчаслівы вір танцавальна-песенных прэзентацый. А танец харызматычнага школьніка Васіля Астрамецкага на дагестанскім падворку прымушаў гледачоў плакаць і суперажываць. Тая сітуацыя, калі для адлюстравання сяброўства не патрэбны словы.

Пра эфектыўнасць міратворчасці. Горад стаў не толькі канцэртнай пляцоўкай, але і арэнай для канструктыўнага міжнароднага дыялогу. Удзел дыпламатычных місій у фестывалі стаў абавязковым. Афіцыйная дыпламатыя паядналася ў Гродне з дыпламатыяй народнай. Фэсты сталі тэматычнымі. Па словах Вольгі Багдановіч, адзінаццаты фестываль прысвячаўся малой радзіме, дванаццаты — міру ва ўсім свеце. У 2018 годзе, як вядома, даны дэвіз стаў актуальным як ніколі. І місію сваю гродзенскае мерапрыемства выконвае.

Кожны раз фэст дорыць гораду незвычайны арт-аб’ ект. Так, ля тэатра лялек узнікла фестывальная дыярама: кожную гадзіну дванаццаць лялек пачынаюць танец вакол імправізаванай афішнай тумбы. А на беразе Нёмана ўзнікла вытанчаная ратонда. Што будзе ў наступным годзе?

На гэтае пытанне ў самы бліжэйшы час адкажа начальнік упраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Алена Клімовіч. Літаральна днямі будзе вызначаны галоўны рэжысёр мерапрыемства ды абмеркаваны і зацверджаны фестывальныя сюрпрызы 2020 года. А пакуль Алена Віктараўна запэўніла, што душа свята над Нёманам захаваецца абавязкова, а вось аблічча займее чарговыя прыемныя нечаканасці.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"