Вынікі пінскага крэатыву

№ 48 (1435) 30.11.2019 - 07.12.2019 г

20 снежня ў Пінску — Культурнай сталіцы Беларусі 2019 года — адбудзецца ўрачыстая цырымонія закрыцця маштабнай рэспубліканскай акцыі.

/i/content/pi/cult/773/16682/04.JPGЯк распавяла “К” загадчыца сектарам культуры Пінскага гарвыканкама Тамара Дземідзенка, на знакавым для ўсіх пінчан мерапрыемстве чакаецца выступленне калектываў як з Пінска, так і з усёй Беларусі. У прыватнасці, адбудзецца выступленне Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” ды некаторых іншых айчынных эстрадных “зорак”. Акрамя таго, чакаецца і прыезд дэлегацыі з Ліды. Як вядома, менавіта гэты горад Гродзенскай вобласці ў наступным годзе быў абраны для далейшага нясення годнага статусу Культурнай сталіцы Беларусі — 2020.

Па планах, у рамках акцыі ў Лідзе будуць рэалізаваны шматлікія праекты, сярод якіх музейна-асветніцкі праект “Замак Гедыміна — сведка мінуўшчыны”, маладзёжны фестываль андэграўнднага мастацтва “Нетыпічны PARADIS”, абласны фэстываль маладзёжных субкультур “Моладзевая хваля”, адкрыты фестываль-конкурс мастацкай творчасці “Арт-тэрыторыя” і іншыя значныя культурныя мерапрыемствы.

Што да самога Пінска, дык, як адзначылі “К” у мясцовым гарвыканкаме, на сёння ў Культурнай сталіцы Беларусі адбылося прыкладна 400 адметных як рэгіянальных, так і рэспубліканскіх мерапрыемстваў — сцэнічных канцэртаў, тэатральных пастановак, музейных імпрэзаў і форумаў, якія дапамаглі многім беларусам спазнаць і раскрыць культурную самабытнасць Пінска і зразумець усю разнастайнасць і шматграннасць мясцовых самабытных традыцый.

Сярод іншага, былі зладжаны фестывалі арганнай і духоўнай музыкі, бардаўскай песні, міжнародны фестываль духавых аркестраў. Таксама гэтым летам у горадзе прайшлі адроджаны фестываль самадзейнай творчасці “Світанкі над Пінай” і фестываль вулічнай творчасці “Скрыжаванне” ў рамках доўгатэрміновага праекта “Пінская пешаходка”. Акрамя таго, на асабліва значных помніках даўніны з’явілася міжнароднае абазначэнне гэтых аб’ектаў — QR-коды, а музей Беларускага Палесся падрыхтаваў серыю выставаў “Таямніцы пінскай зямлі”.

Не магу не згадаць і пра яшчэ адзін факт, які датычыць сталіцы Беларускага Палесся. Днямі ў Пінску быў адкрыты набор навучэнцаў — у першую чаргу тых, хто цікавіцца рамесніцкай справай, — у майстэрню мясцовага майстра Руслана Макарэвіча. Як плануецца, выпускнікі творчай майстэрні змогуць не толькі рэстаўраваць або рамантаваць розныя струнныя інструменты, але і ствараць іх самі.

Нагадаем, культурны праект па адкрыцці майстэрні струнных інструментаў у Пінску ўвасоблены ў 2019 годзе па распараджэнні Прэзідэнта Беларусі пры падтрымцы Міністэрства культуры краіны, а таксама абласной і гарадской адміністрацый. Акцэнт у майстэрні, як ужо неаднаразова пісала наша газета, зроблены на балалайкі і беларускія домры. Так што зусім хутка ў Пінску пачнецца адукацыйны і творчы працэсы. За ягонымі вынікамі абавязкова будзе сачыць і паведамляць “К”.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"