“J:Морс”выступілі ў ААН

№ 47 (1434) 23.11.2019 - 30.11.2019 г

Гурт “J:Морс” сыграў адмысловы канцэрт у Палацы нацый у Жэневе ў межах акцыі, прысвечанай 30-годдзю прыняцця Канвенцыі аб правах дзіцяці. Удзельнікі калектыву сталі першымі беларускімі сучаснымі поп / рок-артыстамі, якія выступілі ў гэтых сценах.

/i/content/pi/cult/772/16680/024.JPGПалац нацый першапачаткова быў штаб-кватэрай Лігі нацый — арганізацыі, якая папярэднічала ААН. Цяпер тут знаходзіца Еўрапейская штаб-кватэра ААН — другая па значнасці пасля Нью-Ёрка.

Канвенцыя аб правах дзіцяці — галоўны дакумент, які абараняе дзяцей і іх правы, падкрэсліваючы іх роўнасць незалежна ад нацыянальнасці, полу, рэлігіі ды іншых асаблівасцяў. Ён з’яўляецца найбольш шырока ратыфікаванай міжнароднай дамовай у свеце.

Мерапрыемства адкрылі дырэктар Аддзялення ААН у Жэневе Таццяна Валавая, рэгіянальны дырэктар ЮНІСЭФ Афшан Хан, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Аддзяленні ААН у Жэневе Юрый Амбразевіч.

На канцэрце прысутнічалі акрэдытаваныя дыпламаты з Жэневы, супрацоўнікі міжнародных арганізацый, а таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары, якія жывуць у Швейцарыі. Усе жадаючыя мелі магчымасць патрапіць на канцэрт бясплатна па рэгістрацыі. Акрамя гэтага ў Жэневе адбылася творчая сустрэча з гуртом для беларусаў Швейцарыі.

Канцэрт адбыўся пры падтрымцы ЮНІСЭФ, Асацыяцыі беларусаў у Швейцарыі і Фонду Марыі Магдалены Радзівіл. Выступ у Жэневе стаў часткай вялікага юбілейнага тура “J:Морс” з праграмай “20 лет. Полёт норм!” Наступныя канцэрты гурта адбудуцца ў Маскве (21.11), Смаргоні (23.11), Гродна (24.11), Рэчыцы (28.11).