Лампада на Святым полі

№ 36 (854) 06.09.2008 - 12.09.2008 г

ХV Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” з Дабрадатным Агнём ад Труны Гасподняй прайшла па беларускай зямлі. У гэтым годзе ў ёй, па традыцыі, удзельнічалі прадстаўнікі міністэрстваў культуры, інфармацыі і адукацыі, пісьменнікі, святары, журналісты, навукоўцы...

Па традыцыі, экспедыцыя праследавала праз некалькі раёнаў краіны, у тым ліку Баранавіцкі, Зэльвенскі, Мастоўскі, Шчучынскі, Дзятлаўскі, а завершыцца яна ў Барысаўскім храме Нараджэння Хрыстовага.
На Святым полі, што на Барысаўшчыне, пасля малебна паэты чыталі вершы… Надзея Ягорава, кіраўнік мясцовай гаспадаркі, заўсёды сустракае “Лампаду”. Цудатворная Загор’е-Сталовіцкая ікона Пакрову Прасвятой Багародзіцы асвятляла і поле, і паломнікаў, і жніво.
Праект “Лампада” Ніны Загорскай і Аляксандра Лапата-Загорскага ўжо мае сваю гісторыю. Дастаткова сказаць, што Загор’е-Сталовіцкай іконай Пакрову Прасвятой Багародзіцы блаславёна ўжо адраджэнне Баркалабаўскага Свята-Успенскага манастыра, што за 12 кіламетраў ад Быхава. Гэтая ікона з’яўляецца Адзігітрыяй (Шляхаводнай). Вось і шлях ад вёскі да вёскі яна асвяціла. Яна вядзе ад аднаго раёна да наступнага, ад храма да храма...
Вершы гучалі ў школах і клубах. Навукова-асветніцкая “Лампада” аб’ядноўвала малых і старых… Кіруе экспедыцыяй протаіерэй Свята-Духава кафедральнага сабора Сергій Гардун.
У Барысаве будзе пакінуты абярэг — каўчэг з Дабрадатным Агнём у саборы ў гонар Уваскрасення Гасподняга. 7 верасня адбудзецца пасадка Саду малітвы — гэта 15 яблынек у гонар XV “Лампады”!..

Вольга ЯГОРАВА