Крутыя экзерсісы маладых

№ 47 (1434) 23.11.2019 - 30.11.2019 г

15 лістапада адбыўся другі этап конкурсу рэжысёрскіх эксплікацый. Конкурсныя працы разглядаліся і ацэньваліся ў форме вочнай адкрытай абароны аўтарамі і прадстаўнікамі ўдзельнікаў творчага спаборніцтва. Па выніках конкурсу ўсе дзесяць фіналістаў атрымалі права пастаноўкі спектакляў на аснове сваіх рэжысёрскіх эксплікацый у тэатрах Беларусі тэатральных сезонаў 2019 — 2020 гг. і 2020-2021 гг. Фінансаванне пастановак пераможцаў конкурсу ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, а таксама за кошт іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам Беларусі.

/i/content/pi/cult/772/16679/022.JPGАцэньвала абарону эксплікацый моцнае прафесійнае журы: дацэнт факультэта журналістыкі БДУ, кандыдат мастацтвазнаўства, тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў; дэкан тэатральнага факультэта, прафесар, заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Мішчанчук; мастацкі кіраўнік тэатра імя М. Горкага, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчык; кіраўнік Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры і выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, рэжысёр Таццяна Траяновіч; рэжысёр-пастаноўшчык, лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі Беларусі Аляксей Ляляўскі.

Падчас вочнай абароны аўтары эксплікацый распавядалі журы пра тое, чаму менавіта іх праекты змогуць зацікавіць беларускую публіку і павінны быць пастаўлены на сцэне. Прапаноўваем спіс фіналістаў (у дужках пазначаны тыя пляцоўкі, на якіх будуць пастаўлены спектаклі) і галоўныя іх аргументы, якія павінны зачапіць гледача:

Дзмітрый Багаслаўскі, Аляксандр Марчанка, аўтарскі дакументальны праект спектакля “АНЁЛЫ” (Дзяржаўная ўстанова “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі”).

Апытваючы для спектакля ўдзельнікаў пошукава-выратавальнага атрада “Анёл”, аўтары хочуць паглядзець на праблему з як мага большай колькасці ракурсаў, таму яшчэ невядома, чым скончыцца дакументальны праект, як будуць расстаўлены акцэнты. Але ж вядома, што даследаванне паўстане перад гледачом у выглядзе калажу з выказванняў герояў, хронікі, лічбаў.

Андрэй Жыгур, праект “Метро” па п’есе Аляксандра Савухі (Дзяржаўная ўстанова “Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа”).

Жанр п’есы — “цёмная камедыя са святлом у канцы тунэля”. Праблема самапазнання, выбару, разважанне аб належным уласным шляху. Не ўсё можна купіць за грошы, а за свае ўчынкі рана ці позна прыйдзецца адказваць — менавіта на гэтыя тэмы Андрэй Жыгур хоча паразважаць з гледачом у гэтай пастаноўцы. Плануецца паставіць п’есу на камернай сцэне тэатра імя Якуба Коласа, у аўтара ёсць напрацоўкі цікавага вырашэння прасторы.

Анастасія Лапцінская, праект “Чарльз Дарвін. Рэвалюцыя” (Установа культуры “Магілёўскі абласны тэатр лялек”).

З дзецьмі і падлеткамі ад 12 гадоў Анастасія Лапцінская хоча на прыкладзе жыцця вядомага вучонага пагутарыць пра пераадоленне ўнутраных сумненняў і межаў. Разам з тым у цікавай мастацкай форме гледачы даведаюцца і пра саму тэорыю эвалюцыі Дарвіна.

Наталля Ляванава, праект “Самы вялізны страх”.

Наталля Ляванава ўжо чатыры года арганізуе фестываль камерных спектакляў для дзяцей “Казачны джэм”, і гэты праект запланаваны ў тым жа фармаце. Як паведаміла сама арганізатар, на такія спектаклі звычайна прыходзяць 20 — 30 сем’яў з дзецьмі да сямі гадоў. Тэма страхаў — агульная для ўсіх людзей, баяцца і дарослыя, і дзеці, хоць і розных рэчаў. З дапамогай гісторыі пра Зайца-сына і Зайца-бацьку пастаноўка паспрабуе ўпэўніць гледачоў усіх узростаў, што баяцца — гэта нармальна, галоўнае ведаць, што з гэтым рабіць.

Аляксандр Марчанка, праект “13 першых правіл баскетбола, сфармуляваныя Джэймсам Нэйсмітам” па п’есе Дзмітрыя Багаслаўскага (Прыватная тэатральна-відовішчная ўстанова культуры “Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “АРТ Карпарэйшн”).

— Персанажы п’есы — нашы сучаснікі, маладыя людзі. Яны па сваёй прыродзе зусім не дрэнныя, але мы бачым сітуацыю, калі з іх бесперапынна вырываецца ўсё тое, што мы можам назваць найгоршымі чалавечымі якасцямі. Больш за тое — п’еса напісана ў выглядзе спаборніцтва. Яны спаборнічаюць у тым, хто зможа зрабіць балючай, — пракаментаваў Аляксандр Марчанка. Ці чакае гэтых герояў святло ў канцы тунэля?

Лізавета Машковіч, праект “Жаданне 16+” па п’есе Мікалая Рудкоўскага (Установа адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў”).

Лізавету Машковіч цікавіць праблема адзіноты сучасных жанчын і бяздзейнасць мужчын. На матэрыяле п’есы Мікалая Рудкоўскага малады рэжысёр паспрабуе па-свойму растлумачыць прычыны такіх сацыяльных змен.

Дзяніс Нупрэйчык, праект “Жыццё чалавека” па п’есе Леаніда Андрэева (Дзяржаўная ўстанова “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі”).

“Мы ўсе памром” — з такой жорсткай думкай прыйдзецца сустрэцца гледачу падчас таго, як ён будзе прасочваць жыццё чалавека на сцэне, нібы падымаючыся разам з ім па прыступках жыцця або зазіраючы ў вокны вагонаў, што пралятаюць міма. Аўтар праекта лічыць, што не кожны глядач захоча сустрэцца наўпрост з такімі складанымі пытаннямі.

Раман Падаляка, праект “Колер Беларусі” па кнізе Міхаіла Амнепадыстава “Колер Беларусі” (Дзяржаўная ўстанова “Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы”).

— Колер Беларусі — гэта шэры, бы гэта колер хаты, якая прастаяла 200 гадоў, — сказаў напачатку сваёй абароны Раман Падаляка. У яго планах — нестандартны спектакль-перформанс з уключэннем філасофскіх тэкстаў пра колер Беларусі, дакументальных матэрыялаў пра Міхаіла Амнепадыстава і песень з “Народнага альбома”.

Таццяна Самбук, праект “Тры сястры” паводле аднайменнай п’есы А.П. Чэхава (ООО “ТрыТфармаТ”).

Каб зацікавіць гледача тэатральнай класікай, Таццяна Самбук спадзяецца зрабіць з “Трох сясцёр” кінаспектакль: з дапамогай мантажу, не шкодзячы сюжэту, падкрэсліць інтэнсіўнасць пачуццяў і ўнутраных канфліктаў герояў.

Каміля Хусаінава, праект “Гамлет, прынц дацкі” (пер. Б. Пастэрнака) па п’есе У. Шэкспіра (Установа культуры “Магілёўскі абласны драматычны тэатр”).

Галоўным вобразам праекта аўтар эксплікацыі бачыць змяіны клубок. Юны Гамлет трапляе ў яго з рамантычнымі ідэаламі, а выходзіць напрыканцы — зверам. Дэкарацыяй стане чатырохметровая сцяна-трансформер, якая дазволіць хутка змяняць месца дзеяння. Стылізацыя касцюмаў — пад бронекамізэлькі, каб выявіць закрытасць персанажаў. Сучасная музыка, гульня з прасторай і святлом — усё запланавана так, каб прывабіць гледача, які шукае эксперыментаў.