Мінскі рэгіянальны фестываль: від з Маладзечна на Гародню

№ 47 (1434) 23.11.2019 - 30.11.2019 г

У мінулую суботу ў маладзечанскім гарадскім Палацы культуры прайшла творчая імпрэза абласнога маштабу — XIII фестываль нацыянальных культур. Свята сабрала прадстаўнікоў шэрагу этнічных супольнасцяў Міншчыны. Гэта адзін з этапаў падрыхтоўкі агульнабеларускага фестывалю нацыянальных культур, які традыцыйна ладзіцца раз на два гады і адбываецца ў Гродне. Адбыўся канцэрт, прайшла выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Рэспубліканскае журы вылучыла калектывы, якія, верагодна, будуць прадстаўляць свае супольнасці на заключных мерапрыемствах Рэспубліканскага фестывалю. Сваімі меркаваннямі пра маладзечанскую імпрэзу з карэспандэнтам “К” падзяліліся некаторыя члены журы.

/i/content/pi/cult/772/16678/021.JPGМіхаіл ДРЫНЕЎСКІ, кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь:

— Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур праводзіцца ў дваццаць трэці раз, і за гэты час склалася пэўная традыцыя, адмысловая рэжысура свята і, бадай, галоўнае — ад года ў год расце майстэрства і ансамбляў, і салістаў. Гэта вынік сур’ёзнага стаўлення да фестывалю як арганізатараў, так і ўдзельнікаў. Усе, каго гэта датычыць, сёння разумеюць, што трэба не проста выступіць — праспяваць, станцаваць у спадзяванні на тое, што самадзейных артыстаў журы строга судзіць не будзе, але выступіць годна. Бо ты прадстаўляеш не сябе самога, а сваю супольнасць у суквецці беларускай культуры. Усё згаданае я бачу і на Міншчыне, і на іншых абласных фестывалях.

На маладзечанскай імпрэзе была прадстаўлена ўся вобласць. Можна сказаць, што ў розных рэгіёнах Беларусі жывуць розныя нацыянальныя меншасці, але паўсюль ёсць людзі рускай мовы і культуры.

Кожная культура — кветка ў агульнабеларускім вянку, і як беларус я ганаруся сваёй радзімай, якая такое суквецце мае. Я не ведаю, ці ёсць дзе ў свеце падобны фестываль, які так спрыяў бы захаванасці і развіццю культур нацыянальных меншасцяў. Наша дзяржава не толькі дазваляе ім быць самімі сабой, але дапамагае матэрыяльна і арганізацыйна. На першым фестывалі было прадстаўлена сем нацыянальных супольнасцяў, а зараз іх за трыццаць, і гэта лічба з кожным годам павялічваецца.

Гаварыць пра вынікі абласнога фестывалю пакуль зарана. Журы толькі акрэсліла кола тых, хто мог бы прадстаўляць свае супольнасці на заключных мерапрыемствах фестывалю агульнабеларускага, але квота прадстаўніцтва пакуль не вызначана. Заключны акорд фестывалю традыцыйна адбываецца ў Гародні.

/i/content/pi/cult/772/16678/023.JPGТадэвуш СТРУЖЭЦКІ, старшыня Беларускага фонду культуры:

— На фестывалі нацыянальных культур я бываю ад самага пачатку, з 1994 года, калі было прынята рашэнне аб яго ўтварэнні. Мы ініцыявалі яго разам з Камітэтам па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. І вось ужо трынаццаты раз ён ладзіцца ў рангу рэспубліканскага. На абсалютнай большасці фестываляў я быў ад пачатку да канца, і, безумоўна, у мяне ёсць магчымасць параўноўваць, ацэньваць. Першае, і самае галоўнае, што я хачу адзначыць, гэта сам факт, што фэстываль ёсць, і ён развіваецца. Лічу, што гэта адзін з самых значных для Беларусі фестываляў, мо нават і самы брэндавы. Ён вельмі выгадна прадстаўляе нашу краіну ў вачах сусветнай супольнасці, асабліва ў параўнанні з некаторымі нашымі суседзямі, што маюць праблемы, якіх мы шчасліва пазбеглі. Беларусь у свеце ведаюць як краіну, дзе шануюцца традыцыі нацыянальных меншасцяў. Фестываль мае добрую падтрымку на ўсіх узроўнях — ад мясцовай улады да кіраўніцтва краіны.

З прыемнасцю адзначаю рост майстэрства ўдзельнікаў. Ён відавочны. Журы даволі складана ацэньваць калектывы і салістаў, бо кожная нацыянальная культура мае свае асаблівасці, і знайсці адзіны крытэрый для ўсіх наўрад ці магчыма. Ды і не трэба. А як экспертная група мы можам адзначыць найболей яркія калектывы. І вось задача экспертнай групы на гэтым адборачным этапе — заўважыць тых, хто найбольш дакладна прадстаўляе нацыянальную аўтэнтыку, нацыянальны дух. Прычым, носьбітамі нацыянальнай культуры не абавязкова з’яўляюцца прадстаўнікі заяўленай нацыянальнасці.

Вось мы сёння абмяркоўвалі, напрыклад, ансамбль цыганскага танца. А там ёсць і сапраўдныя цыганы, і беларусы, якім падабаецца цыганскі фальклор. І гэта нармальна. Сёння звычайная справа, калі ў рэпертуары многіх беларускіх калектываў ёсць танцы і песні розных народаў. І ўсё ж сутнасць нацыянальнай культуры лепш перадае той, хто ў гэтай культуры выхаваны.

Пашыраецца геаграфія фестывалю. З кожным годам да яго далучаюцца раёны, якія раней у ім не былі прадстаўленыя. Павышаецца сцэнічная культура, якасць сцэнічных касцюмаў, усе ансамблі маюць адпаведныя інструменты. Ну і Палац культуры ў Маладзечна выдатны з цудоўнай залай. Адчуваецца, што фестывалі запатрабаваны гледачамі. Сёння глядацкая зала была амаль запоўнена.

Колькі слоў пра фэст сказала і гаспадыня пляцоўкі, на якой абласны фестываль адбыўся, Святлана САРОКА, дырэктар памянёнага Палаца культуры.

Яна адзначыла, што Маладзечна ўжо мае досвед правядзення маштабных культурніцкіх акцый, і, адпаведна, мае каманду спрактыкаваных прафесіяналаў, здольных арганізаваць і рэгіянальнае свята, і нацыянальны фестываль, і міжнародную імпрэзу. Так што тое, што ўсё прайшло на высокім узроўні — рэч натуральная. Інакш і быць не магло.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"