Зборнік уключае ў сябе 100 дакументаў Беларускага штаба партызанскага руху з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. У іх знайшлі адлюстраванне асноўныя падзеі баявой і разведвальнай дзейнасці беларускіх партызан. У дакументах таксама сабраны звесткі аб колькасці і характары грузаў, дастаўленых народным мсціўцам з Вялікай зямлі, інфармацыя аб рэарганізацыі і перайменаванні партызанскіх фарміраванняў, месцах іх дыслакацыі і многае іншае.
— Гэтыя дакументы ніколі раней не публікаваліся і маюць выключную каштоўнасць не толькі для навукоўцаў, але і для ўсіх зацікаўленых у гісторыі нашай гераічнай і трагічнай мінуўшчыны, — адзначыў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша. — А ўжо налета, у першых месяцах 2020 года, пабачаць свет выданні дакументаў 1942 і 1943 гадоў.
Прэзентацыя выдання прымеркаваная да 75-годдзя заканчэння дзейнасці Беларускага штаба партызанскага руху.