Метады і методыкі няўрымслівага “штаба”

№ 47 (1434) 23.11.2019 - 30.11.2019 г

Сёлета нашы абласныя метадычныя цэнтры адзначаюць 80-годдзе. Сёння ж мы працягваем публікацыю “юбілейных” артыкулаў. Гэта не толькі даніна павагі дзейнасці метадыстаў, якія заўжды лічыліся носьбітамі адмысловых ідэй. Цэнтры прайшлі пакручасты шлях станаўлення, зрабілі самі сябе, зацвердзілі сваю запатрабаванасць у справе фармавання заўтрашняга культурнага аблічча сельскіх, раённых і абласных устаноў культуры. Пра гэта — і гаворка. А прыкладам сёння стаў метадычны “штаб” Віцебшчыны.

/i/content/pi/cult/772/16671/014.JPG

Першай такая абласная ўстанова была створана на Віцебшчыне: пастановай аргкамітэта Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 17 сакавіка 1939 года пры Віцебскім абласным аддзеле мастацтваў быў арганізаваны абласны Дом народнай творчасці. Дакладныя факты аб яго дзейнасці мы маем толькі з 1944 года, з моманту вызвалення Віцебска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 

Рэарганізацый было шмат. Але ў 2006 годзе ўстанова стала называцца “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”.

Згадаем кіраўнікоў і падначаленых

Кіраўнікамі ўстановы ў розныя часы працавалі Мікалай Тышэвіч (у штаце былі метадыст па хору і аркестрах народных інструментаў, метадыст па выяўленчым мастацтве і харэаграфіі, бухгалтар; актывізуюцца тэатральныя і танцавальныя калектывы), Галіна Сакалова (пачынаюць дзейнічаць дзесяцімесячныя курсы кіраўнікоў калектываў мастацкай самадзейнасці ўсіх жанраў; вялася работа па стварэнні дамоў рамёстваў, музеяў народнай творчасці).

З сярэдзіны 70-х гадоў цэнтр з’яўляўся ініцыятарам і арганізатарам абласных фестываляў польскай песні, якія праходзілі раз у два гады з абавязковым запрашэннем мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў з Польшчы.

У 1988 годзе ў Віцебску адбыўся Усесаюзны фестываль польскай песні. У яго межах прайшоў “Горад майстроў”, да гэтага ён “паказаўся” падчас фестывалю “Полацкія зоры” і падчас “Браслаўскіх зарніц”. Майстры не толькі гандлявалі творамі традыцыйнага нацыянальнага мастацтва, але і дэманстравалі працэсы стварэння ганчарных, керамічных, саламяных вырабаў. Цяпер “Горад майстроў” праходзіць штогод у межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. У рамках кірмашу праходзяць як абласныя конкурсы майстроў па пэўным відзе традыцыйнага беларускага рамяства, так і міжнародныя конкурсы па традыцыйных славянскіх рамёствах, у якіх прымаюць удзел майстры не толькі з Беларусі, але і Расіі, Украіны, краін Прыбалтыкі, Польшчы...

/i/content/pi/cult/772/16671/013.JPGЗ 1989 да 2011 года ўстанову ўзначальваў Іван Лабацкі (калектыў стаў пераможцам Рэспубліканскага агляду-конкурсу абласных навукова-метадычных цэнтраў у намінацыі “За прапаганду і развіццё нацыянальнай культуры, традыцыйных відаў мастацтва і рамёстваў, звычаяў і абрадаў”). Ідэя стварэння дамоў рамёстваў належыць вядучым спецыялістам установы Тамары Зубаравай і Людміле Вакар. Упершыню ідэя была рэалізавана ў 1989 годзе на Глыбоччыне, хутка ініцыятыву падхапілі Лепельскі, Браслаўскі, Гарадоцкі раёны...

З разраду новых пачынанняў — Міжнародныя фестывалі песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” і “Звіняць цымбалы і гармонік”.

Культурнае жыццё Віцебшчыны і абласнога цэнтра народнай творчасці трывала звязана з асобай заслужанага дзеяча культуры БССР Івана Серыкава. Цягам апошніх гадоў свайго жыцця ён працаваў галоўным балетмайстрам цэнтра, стаў заснавальнікам знакамітага ансамбля песні і танца “Маладосць”. У вобласці праводзіцца абласны агляд-конкурс беларускага народнага танца “Прыдзвінскія карункі”, прысвечаны Серыкаву.

З кастрычніка 2011 года цэнтрам кіруе Кацярына Лабука.

У розныя гады намеснікамі дырэктара цэнтра былі прафесійна адукаваныя людзі, якія ў тандэме з дырэктарам і раённымі метадычнымі цэнтрамі ажыццяўлялі розныя культурныя праекты: Мікалай Пашынскі, Валянціна Юдава, Іван Кішковіч, Зоя Гукава. Другі год намеснікам дырэктара па аматарскай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці Віцебскага АМЦНТ з’яўляецца Андрэй Струнчанка.

Дзень сённяшні

За апошнія гады рэалізавана больш за дзесяць новых абласных праектаў і святаў па развіцці традыцыйнай народнай творчасці: міжнародны фестываль-конкурс мажарэтак і барабаншчыц у межах “Славянскага базару ў Віцебску”, праект па рэканструкцыі народнага касцюма Віцебшчыны ”Сцяжкі майстэрства“, Браслаўская харавая асамблея, турнір нацыянальных танцаў; свята-конкурс традыцыйнай свістулькі “Салавейка” ў межах Міжнароднага фестывалю песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, абласное святы: вясельных абрадаў Віцебшчыны “Вялікая Вясельніца”, дзіцячых аматарскіх тэатраў “Малая сцэна”, батлеечных пастановак і тэатраў лялек “Лялечны свет”, цыркавога мастацтва “Арэна”, тэатраў мод “Модны дывертысмент”...

Гонар вобласці — 24 дамы і цэнтры рамёстваў. На Віцебшчыне жывуць і працуюць больш за 600 майстроў і ўмельцаў па ўсіх традыцыйных відах і жанрах народнай творчасці, якія на годным узроўні прадстаўляюць рэгіён на міжнародных, рэспубліканскіх, абласных мерапрыемствах.

У Беларускім саюзе майстроў народнай творчасці ад Віцебскай вобласці налічваецца 64 чалавекі, 15 з іх — Народныя майстры Рэспублікі Беларусь. Упершыню ў рэспубліцы два клубы майстроў народных мастацкіх рамёстваў Віцебшчыны атрымалі званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”: клуб “Скарбонка” Лепельскага Цэнтра рамёстваў і клуб “Вытокі” Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору. У кожным Доме рамёстваў створана калекцыя свайго рэгіянальнага касцюма.

Нам засталася спадчына

Ва ўстановах вобласці дзейнічаюць 2933 клубныя фарміраванні. Народныя і ўзорныя калектывы з’яўляюцца носьбітамі традыцыйнай народнай культуры, заўсёды былі і ёсць прадметам пастаяннай пільнай увагі супрацоўнікаў АМЦНТ. У клубных установах налічваецца 564 аматарскія калектывы з найменнем “народны” і “ўзорны”. 17 маюць званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”.

Прыярытэтным напрамкам дзейнасці АМЦНТ з’яўляецца захаванне скарбаў нацыянальнай спадчыны, умацаванне і развіццё традыцый народнага мастацтва. Для гэтага ладзяцца фальклорныя экспедыцыі, ствараюцца цэнтры аўтэнтычнай культуры, аформлены спіс наматэрыяльных праяў, які ўключае на сёння 12 элементаў.

Цягам апошніх дзесяці гадоў абласныя метадысты сумесна з тэлеканалам “Арт-відэа” стваралі TV-праграмы “Культура Віцебшчыны”, дзе штомесяц асвятляліся найбольш значныя падзеі культурнага жыцця. Чацвёрты год на базе АМЦНТ працуе лялечны тэатр ”Клуб’ОК“, удзельнікамі якога з’яўляюцца работнікі цэнтра. На базе ўстановы працуе школа электроннай музыкі, дзе праходзяць навучанне вядучыя вечароў адпачынку, танцавальных вечароў і дыскатэк.

Штогод творчыя калектывы ўстаноў культуры вобласці супрацоўнічаюць з больш чым 40 краінамі.

Падсумоўваючы вынікі, можна канстатаваць: тут не толькі аналізуюць, але і ствараюць новыя сучасныя культурныя праекты сацыякультурнай дзейнасці, што дае магчымасць прагназаваць развіццё галіны.

Ала ЛЯЛЬКІНА,
вядучы метадыст
Віцебскага абласнога
метадычнага цэнтра
народнай творчасці