Развітальная гастроль Артыста

№ 47 (1434) 23.11.2019 - 30.11.2019 г

Драматызаваць не будзем: 28 снежня ў Мінску пройдзе ўсяго толькі, як было абвешчана задоўга да мерапрыемства, апошні канцэрт гурта “БЕЗ БИЛЕТА”. Справіўшы сваё 20-годдзе, калектыў спыніць існаванне — такое рашэнне Віталя АРТЫСТА. Сам жа лідар каманды з музыкай “завязваць” назусім не збіраецца, наадварот — у галаве яго маса ідэй, аб якіх ён і расказаў нашаму выданню. А, дамаўляючыся аб інтэрв’ю, я даведаўся ад некалі аўтара “К” (!) і сёе-тое з яго сямейнага побыту. У прыватнасці, што да майго тэлефанавання ён спрабаваў справіцца з пральнай машынай…

/i/content/pi/cult/772/16666/07.JPGВАКОЛ СВЕТУ

— Спярша нагадай, калі ласка, пра тое, што цябе звязвала з газетай “Культура”.

— У 2003-м годзе я, як яе пазаштатны аўтар, ездзіў у Венгрыю на фестываль музыкі, культуры і мастацтва Sziget. Пра форум у “Культуры” і напісаў. Аб тым часовым супрацоўніцтве з вашай газетай не забываю і ўдзячны за давер, што мне тады быў аказаны з боку яе кіраўніцтва.

— У цябе нядаўна быў дзень нараджэння. I якія адчуванні ад сарака двух гадоў?

— Па-ранейшаму адчуваю сябе дзіцём. Больш стала творчых планаў і магчымасцяў для іх рэалізацыі. Але спачатку трэба правесці канцэрт у “Мінск-Арэне”. Пасля паеду на Віцебшчыну — у вёску Белая Царква, дзе ў мяне дом, і буду там месяц — паўтара даводзіць да розуму песні. Музыка і тэксты ўжо ёсць, трэба звязаць іх разам. Калі вершы жонкі Тані (Таццяна Кушнер — кліпмэйкер, спявачка, аўтар песень — А.К.) больш лірычныя, то мае заўсёды былі такімі — дваровымі. Вось яны цяпер і папёрлі.

Захапіўся танцамі, займаюся хіп-хопам, відэаграфіяй, здымаю кліпы — на свае музыку і песні. Хачу запусціць яшчэ адзін праект пра падарожжа. Папярэдні называўся “Беларусь без межаў”, для новага — “Без білета вакол свету” — гатовы ўжо тры праграмы: дзве пра Канары і адна пра Марока. У студзені — лютым шоу выйдзе ў інтэрнэце, а з тэлебачаннем пакуль ідуць перамовы аб яго дэманстрацыі. Увогуле, куча ўсяго ў галаве, мне ўсё цікава.

— А ў якіх месцах наогул, акрамя Канарскіх выспаў і Марока, гурту пашчасціла пабываць? Што асабліва запомнілася?

— У Перу, Чылі, Бразіліі, ЗША, Егіпце і на Далёкім Усходзе. А цалкам неверагоднае ўражанне зрабіў востраў Пасхі, з яго сусветна-вядомымі статуямі мааі, раскіданымі па ўсёй тэрыторыі. І ён нагадаў мне... Белую Царкву! На вулканах там такая ж трава расце, як у нас на лугавых вясковых палях. Толькі ў Беларусі на іх каровы пасвяцца, а на востраве коні.

— Дарэчы, хто фінансаваў усе шматлікія паездкі каманды па свеце, раскрыеш асобу гэтага добрага самарыцяніна?

— Няма каго раскрываць. Падарожжы ажыццяўляліся за ўласны кошт, на грошы, заробленыя гуртам, мы самаакупны калектыў.

Добрае слова і калегам прыемна

— Што мы ўсё пра цябе ды пра цябе? Давай пагаворым аб іншых. У 2019-м годзе круглымі датамі адзначыліся многія гурты. Я назаву некаторыя з іх, а ты выкажы меркаванне аб калегах. N.R.M.

— Прытым, што я не з’яўляюся прыхільнікам калектыву, гэта максімальна паважаны мной гурт. Рэальная легенда беларускай рок-музыкі. Наогул з піетэтам ставіўся і стаўлюся да ўсіх праектаў Лявона Вольскага. Ён для мяне — безумоўны аўтарытэт.

— Naka.

— Ведаю, што ёй нялёгка прыходзіцца ў рамках таго кірунку, якім яна ідзе. Гурт абсалютна не ў мэйнстрыме са сваім ухілам у тэатр, наколькі я разумею творчасць калектыву. У адсутнасці сур’ёзнага попыту на песенны прадукт, прапанаваны ім, яго вернасць выбранаму шляху, перакананасць у правільнасці шляху выклікаюць толькі захапленне.

— Gods Tower.

— Гомель — прыстанак талентаў у галіне цяжкай музыкі. А Gods Tower — гэта самародкі, гурт узроўню, дапусцім, амерыканцаў з KoЯn — прызнаных мэтраў сусветнага металу.

— Trubetskoy.

— Я спачатку за імі сачыў, адзначыў для сябе пару сімпатычных песень, але нешта апошнім часам яны зусім зніклі з маіх радараў. Верагодна, тое мой “вушак”, а не самога супергурта, у якім што ні імя, то гісторыя айчыннага року.

— “J:морс”.

— Закахацца ў іх музыку так і не змог — сумная яна для мяне. Сэнс тэкстаў выслізгвае. Аднак бачу, што творчасць гурта знаходзіць водгук у сэрцах сотняў, а, можа, і тысячаў людзей. І ён таксама гне ўласную лінію.

— “Тяни-Толкай”.

— З асаблівай сімпатыяй і нават з замілаваннем да гурта стаўлюся, хоць песнямі яго і не заслухоўваюся. Трошкі ў стылістыцы “Любэ” працуе калектыў. Якасная поп-музыка. У мяне з гуртам смешны выпадак звязаны. Калі я толькі купіў дом у вёсцы, суседзі чамусьці падумалі, што я і ёсць той самы мажны музыкант з “Тяни-Толкая”. Трэба будзе Пашы Клышэўскаму распавесці гэтую гісторыю.

— “Стары Ольса”.

— Класная музыка з дудой. Выразны, зразумелы стыль. Прымудраюцца вельмі сучасна-танцавальна аранжыраваць старадаўнія беларускія песні. Каверы на сусветныя рок-хіты ў іх выдатна выйшлі.

— “Троіца”.

— Глыба беларускай аўтэнтыкі. Іван Кірчук для мяне — такая ж легенда і такі ж аўтарытэт, што і Вольскі, але ў народнай музыцы. Не ў казённай, як, бывае, па тэлевізары паказваюць, а ў сапраўднай, каранёвай, без гэтых папсовых “аля-улю” і “ой, так”. Мудрасць стагоддзяў, філасафічнасць, глыбіня — гэта ўсё пра “Троіцу”, яна ўжо заслугоўвае таго, каб ёй паставілі помнік пры жыцці. А калі гурта не стане, песні яго ўсё роўна будуць жыць — як узор сапраўднай беларускай культуры.

Як філосаф філосафу

— Што мы пра іншых ды пра іншых? Калі ўжо ты вымавіў слова “філасафічнасць”, хачу задаць табе некалькі філасофскіх пытанняў. Яны навеяны фразамі з вельмі старых песень “Машины времени” і Юрыя Антонава. Паводле іх — “праз дваццаць гадоў” усе людзі будуць жыць у адной вялікай краіне, над якой будзе вечнага сонца святло?

— Свет практычна стаіць на парозе таго, што людзі стануць жыць у адной вялікай краіне. У адзінай камунікацыі, адзінай дзяржаве са сваімі абласцямі. Ці асветліць яе мірнае сонца? Па большай частцы — так.

— У прынцыпе, сэнс некаторых кліпаў гурта, знятых падчас яго паездак за мяжу, у тым жа і складаецца: у агульнасці народаў, краін.

— Я б сказаў, гэта наогул чырвоная нітка, якая праходзіць праз усю творчасць калектыву: адрас людзей, што насяляюць Зямлю, не нумары дамоў і не назвы вуліц, а планета ў цэлым.

— І як рэагавалі разявакі, сочачы за здымкамі такіх відэа?

— Усюды прыблізна аднолькава — з вялікай цікавасцю, з жаданнем самім уключыцца ў здымачны працэс, што камусьці і ўдавалася. Мясцовыя жыхары музыкантаў гурта дапускалі і ў сваё жыццё: так у Лацінскай Амерыцы нам дазволілі патрымаць на руках маленькіх дзяцей. Уявіць у Беларусі падобнае, — калі незнаёмцу дазваляюць пагушкаць немаўля, проста немагчыма. А там лічыцца, што, калі белы чалавек дакрануўся да дзіцяці, то быць яму ўсё жыццё шчаслівым.

— Ты за свае апошнія дваццаць гадоў зразумеў, што такое цемра і што такое святло?

— На ўзроўні інтуіцыі... Трошачкі па-іншаму адкажу, у духу пісьменніка Сяргея Лук’яненкі. Я — работнік “Начнога дазору”: іншы, але светлы. “Светлыя” героі кніг фантаста часам робяць людзям балюча, таму што інакш нельга, бо неўмяшанне будзе горшым варыянтам. У цэлым я — стваральнік. Вельмі добра разумею сваю місію ў музыцы — палягчаць слухачам жыццё. Каб мае песні дапамагалі ім жыць, улівалі ў іх новыя сілы, каб яны верылі ў сябе.

— Праз дваццаць гадоў забудуць людзі, што такое хлусня?

— Не, вядома. Ёсць такі фільм — “Вынаходства хлусні”, персанажы якога жывуць у свеце, дзе ўсе гавораць толькі праўду. Аднойчы галоўны герой карціны схлусіў. Потым яшчэ і яшчэ. І вось гэтая хлусня яго ідзе іншым на карысць. Гэта значыць, сэнс стужкі, хутчэй за ўсё, заключаецца ў тым, што ва ўсім павінна быць гармонія, і нават хлусня павінна ўраўнаважваць праўду.

— З кім бы ты хацеў быць гэтак жа блізкі, як сёння, але праз дваццаць гадоў?

— З тымі ж самымі, з кім і зараз — з роднымі, сябрамі.

Асцярожна, гурт зачыняецца

— У чым прычына роспуску гурта?

— Кажучы дакладней, я сказаў, што яго зачыняю. Мы настолькі ўпёрліся ў столь, што развівацца было ўжо няма куды. “Мінск-Арэну” гурт збіраў, па свеце паездзіў, “пратурыў” усю Беларусь. Калектыў нібыта апынуўся ў становішчы героя фільма “Дзень сурка”, калі для яго раз за разам паўтараўся адзін і той жа дзень. Мне, як мастаку — у шырокім сэнсе гэтага слова, такое існаванне стала дастаўляць дыскамфорт, і чым далей, тым больш. І лепшым выхадам з застаялай вады стане, на маю думку, закрыццё гурта. Я вырашыў не разбірацца зноў і зноў з праблемамі, што былі і месяц таму, і год, і пяць, а паступіць кардынальна — закрыць хаця б на час. Такі ход — пазітыўны, я лічу, дарэчы, можа і падоўжыць жыццядзейнасць гурта ў будучыні, калі ён у нейкай якасці калісьці адродзіцца. Музыканты маё рашэнне прынялі, мякка скажу, без энтузіязму, мяркуючы, што, як яны лічаць, часовы крызіс можна было б пераадолець іншым шляхам. Не ведаю, супакоіў я ў чымсьці іх, сказаўшы, маўляў, без працы яны не застануцца — прыдуманыя мной жа новыя песні камусьці трэба будзе іграць. Мы і сыграем — іншыя песні, калектывам з іншай шыльдай, магчыма, — “Віталь Артыст”.

— А, выкажам здагадку, хлопцы захочуць працягнуць граць без цябе, спяваць уласныя песні і выкарыстоўваць для свайго гурта назву “БЕЗ БИЛЕТА”?

— Я ўсё-ткі не настолькі дэмакратычны, каб дазволіць дапусціць падобнае. Анархіі, дзесяці ансамбляў “БЕЗ БИЛЕТА” не будзе — юрыдычна назва належыць мне. Сярод музыкантаў гурта ёсць тыя, хто можа пісаць, прынамсі, музыку. І калі яны задумаюць выступаць і запісвацца ранейшым складам — наперад, цікава было б паглядзець, у што гэта вылілася б. Аднак — пад іншай назвай.

— “БЕЗ АРТИСТА”, да прыкладу.

— Да прыкладу.

— Тым не менш, у “БЕЗ БИЛЕТА” толькі што выйшаў новы альбом “Легенда”. Чым легендарны твой гурт?

— Зноў па-іншаму адкажу. Па ідэі, нарадзіўшыся, ён не павінен быў пражыць доўга. Мы не гралі папсу і мэйнстрым, але і “голасам пакалення” не з’яўляліся. Так, боўталіся самі па сабе, з нашым наіўным дзіцячым поглядам на свет, з яго юнацкім адчуваннем, з бесклапотнай радасцю. І патрапілі сваімі песнямі ў душы многіх і многіх людзей. Такіх жа чыстых намерамі, шчырых і рамантычных, якія з гадамі захавалі здольнасць здзіўляцца навакольнаму.

— Такім чынам, абагульняючы, — не выключана, што праз дваццаць гадоў прагрэсіўнае чалавецтва адной сонечнай краіны адзначыць саракагадовы юбілей гурта пад кіраваннем Віталя Артыста “БЕЗ БИЛЕТА”?

— Верагоднасць такой падзеі вельмі высокая! Улічваючы, што я займаюся фізкультурай і стараюся не караціць свой жыццёвы шлях залішнімі ўзліваньнямі. А песні... Яны будуць у мяне пісацца і праз сорак гадоў, я ў тым на сто працэнтаў упэўнены!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"