Мастацтва Усходу і Захаду ў княжацкай калекцыі

№ 47 (1434) 23.11.2019 - 30.11.2019 г

У Нацыянальным гістарычным музеі прадставілі творы ўсходняга і заходнееўрапейскага мастацтва ХVI — ХІХ стагоддзяў з калекцыі князёў Дандуковых-Карсаковых. Урачыстае адкрыццё выставы “Усход —Захад” адбылося 14 лістапада. Большасць твораў мастацтва экспануецца ўпершыню.

/i/content/pi/cult/772/16664/06.JPGУ экспазіцыі можна ўбачыць невялікую частку былой калекцыі князёў Дандуковых-Карсаковых, якая ў ХІХ стагоддзі знаходзілася ў маёнтку Раманава Магілёўскай губерніі. З велізарнай калекцыі, якая ў ХІХ стагоддзі налічвала некалькі сотняў жывапісных твораў і помнікаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, на жаль, захавалася невялікая частка. Сёння спадчына князёў знаходзіцца ў зборы Нацыянальнага гістарычнага музея і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, а таксама ў Смаленскім дзяржаўным музеі-запаведніку ў Расійскай Федэрацыі. У беларускі збор яна трапіла разам з маёмасцю іншых палацаў і сядзіб у 1920-я гады, але некаторыя з твораў не маглі выстаўляцца раней з-за неабходнасці рэстаўрацыі і вызначэння аўтарства. Нават цяпер шмат пад якімі працамі значыцца: “Невядомы мастак”.

— Нягледзячы на тое, што выстава можа паказацца вельмі камернай, была праведзена велізарная работа, — падкрэсліла Яўгенія Іванова, намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея.

З боку Еўропы дэманструюцца фарфоравыя вырабы, створаныя ў Італіі і на Каралеўскай мануфактуры ў Мейсане ў Германіі. Да найбольш рэдкіх экспанатаў для музейных збораў Беларусі адносяцца посуд, аздоблены распіснымі паліхромнымі эмалямі, каменная скульптура і фарфоравыя вазы ХVI — ХVII стагоддзяў з Кітая.

— За маёй спінай знаходзіцца самы каштоўны экспанат нашай калекцыі, — адзначыла Святлана Пракоп’ева, загадчык аддзела рускага і замежнага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея, указваючы на “Партрэт невядомага з лістом”. — Гэта адзіны твор венецыянскіх майстраў эпохі Адраджэння ў нашай краіне.

— Мне было вельмі цікава працаваць з гэтымі экспанатамі, — падзялілася Алена Сянькевіч, загадчык навукова-даследчага аддзела замежнага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея, спецыяліст па выяўленчым мастацтве ўсходу. — Хаця калекцыя кітайскіх твораў у Мастацкім музеі большая, там прадстаўлены ў асноўным вырабы вядомай мануфактуры, якая забяспечвала ўнутраны рынак Кітая і імператарскі двор. Тут жа мы бачым вырабы зусім іншыя — створаныя хутчэй за ўсё ў прыватных майстэрнях, якія працавалі на экспарт.

Выстава працуе штодня 11:00 — 19:00 да 12 студзеня 2020 года.