Збіральнікі скарбаў

№ 46 (1433) 15.11.2019 - 15.11.2019 г

31 кастрычніка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбылося адкрыццё выставы “Захавальнікі памяці: музеі і калекцыянеры”, падрыхтаванай у рамках гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у культуры. Экспазіцыя налічвае больш за дзве сотні прадметаў з двух дзясяткаў прыватных калекцый, самыя старадаўнія з прадстаўленых прадметаў паходзяць з XVI стагоддзя. Куратарам праекта выступіў вучоны сакратар музея Алег Ладзісаў.

/i/content/pi/cult/771/16659/017.JPGЭкспазіцыя складаецца з дзвюх частак: першая апавядае аб гісторыі калекцыянавання ў Беларусі. Тут можна пабачыць рэчы са збораў шляхецкіх родаў Радзівілаў і Паскевічаў, з царкоўных гісторыка-археалагічных музеяў Магілёва і Віцебска, з віленскага музея Івана Луцкевіча — сёння ўсе гэтыя прадметы захоўваюцца ў дзяржаўных музеях Беларусі. Асаблівую цікавасць у гэтай частцы экспазіцыі выклікае калекцыя злепкаў са старажытнаегіпецкіх і антычных скульптур, якая належала Надзеі Хадасевіч-Лежэ і была перададзеная мастачкай у 1967 годзе Дзяржаўнай галерэі БССР (цяпер — Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь).

Асобнае месца ў экспазіцыі займаюць прадметы з калекцый Музея гісторыі прыватнага калекцыянавання, які з’яўляецца філіялам Віцебскага абласнога краязнаўчага музея і захоўвае зборы калекцыянераў Віцебска ХІХ — ХХ стагоддзяў, у тым ліку такіх вядомых збіральнікаў, як Аляксей Сапуноў і Аляксандр Семянтоўскі. Яшчэ адна вітрына напоўненая экспанатамі, звязанымі з імем знакамітай спявачкі Ларысы Александроўскай — тут можна пабачыць сувеніры, якія яна прывозіла на радзіму з замежных паездак. Шэраг экспанатаў паходзіць са збораў колішняга віленскага музея Івана Луцкевіча, сярод іх — беларускі традыцыйны музычны інструмент, колавая ліра 1809 года, якая цяпер захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі.

Другую частку выставы складаюць прадметы з прыватных калекцый, многія з іх экспануюцца ўпершыню. Прадстаўленыя абразы, карціны, старажытныя карты, манеты і банкноты, канцылярскія прылады, посуд, гадзіннікі, старадрукі, мэбля. Вялікую цікавасць выклікае не самы рэдкі, але эфектны з выгляду экспанат — рарытэтны грамафон з калекцыі Аляксандра Лапаціна, на тле якога наведнікі экспазіцыі з задавальненнем фатаграфуюцца. Сярод удзельнікаў выставы — прыватны музей-сядзіба “Мірскі пасад”, Музей-галерэя “Янушкевічы”. Таксама прадстаўленыя прадметы з карпаратыўных калекцый Белгазпрамбанка і Прыёрбанка, між іншага — карціны такіх знакамітых беларускіх мастакоў, як Фердынанд Рушчыц, Мікалай Селяшчук і Леанід Шчамялёў.

Арганізатары адзначаюць, што зазвычай калекцыянеры не імкнуцца афішаваць свае зборы і імёны, але гэтая выстава акурат з’яўляецца выключэннем — тут можна не толькі пабачыць каштоўныя рарытэты, але і пазнаёміцца з асобамі іх уладальнікаў. Усе яны вартыя ўвагі і пашаны хаця б таму, што на працягу дзесяцігоддзяў збіраюць, захоўваюць і вывучаюць помнікі беларускай культурнай спадчыны. Так, з прыватнай калекцыі Ігара Сурмачэўскага на выставе можна пабачыць прадметы шляхецкага побыту — рыцарскі пояс, спражку з гербам, партрэт XVIII стагоддзя. Калекцыянер Віктар Лук’янаў прадставіў шэраг старадаўніх карт XVI — XIX стагоддзяў і старадрукі, сярод якіх — Евангелле 1790 года. З калекцыі Іны і Аляксандра Радаевых на выставу трапілі нацюрморты Меера Аксельрода і Міхаіла Станюты, а таксама партрэт, выкананы ў 1957 годзе Арленам Кашкурэвічам — гэты экспанат дазваляе з новага ракурсу зірнуць на творчасць вядомага мастака. А Мікалай Сячко прадставіў на выставе пейзаж пэндзлю знакамітага майстра Апалінарыя Гараўскага і два партрэты, выкананыя Іосіфам Аляшкевічам.

/i/content/pi/cult/771/16659/018.JPGТэматычны блок прадметаў, звязаных з гісторыяй уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР, прадстаўлены сябрамі Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання калекцыянераў — тут можна пабачыць кнігу Язэпа Драздовіча “Вялікая шышка” і герб СССР з памежнага слупа 1930-х гадоў. З калекцыі Алега Лукашэвіча трапілі на выставу гравюры такіх знакамітых майстроў, як Маціяс Цюнт, Гюстаў Дарэ і Напалеон Орда. Сярод экспанатаў з калекцыі Ігара Бархаткова асаблівую цікавасць выклікае карціна знакамітага мастака Пятра Сергіевіча “Смерць грэшніка”, датаваная 1946 годам. Імя аднаго з калекцыянераў на выставе не раскрываецца — і акурат з гэтай калекцыі паходзяць надзвычай цікавыя творы вядомых майстроў: эскізы Мсціслава Дабужынскага, Меера Аксельрода і Арлена Кашкурэвіча.

Арганізатары адзначаюць, што выстава мусіць прадэманстраваць значную ролю, якую адыгрываюць прыватныя калекцыянеры ў захаванні культурнай спадчыны. Асобна падкрэсліваецца ўдзел калекцыянераў у вяртанні помнікаў беларускай культуры з-за межаў краіны, іх унёсак у працэс рэстытуцыі культурных каштоўнасцяў. Прыватныя калекцыянеры і дзяржаўныя музейныя ўстановы разглядаюць адно аднаго не як канкурэнты, а як партнёры. У далейшых планах — выданне каталога выставы, дзе будзе змешчаная інфармацыя аб паходжанні ўсіх прадстаўленых прадметаў, а таксама правядзенне тэматычнай навукова-практычнай канферэнцыі.

Сябар праўлення Беларускага нумізматычнага таварыства Ілля Шталянкоў у сваёй вітальнай прамове на адкрыцці выставы зрабіў кароткі экскурс у гісторыю беларускіх грамадскіх аб’яднанняў прыватных калекцыянераў. Іх у краіне два — Беларускае рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне калекцыянераў існуе яшчэ з 1980 года (было створанае як Мінскае гарадское таварыства калекцыянераў) і налічвае каля тысячы сяброў, а Беларускае нумізматычнае таварыства, створанае ў 1995 годзе, аб’ядноўвае на сённяшні дзень каля ста адмыслоўцаў.

Ілля Шталянкоў адзначыў, што прыватныя калекцыі заўжды складаюць аснову любых музейных збораў, і падкрэсліў важнасць пастаяннага супрацоўніцтва дзяржаўных музеяў з прыватнымі калекцыянерамі. З нагоды адкрыцця выставы Ілля Шталянкоў перадаў у фонды Нацыянальнага гістарычнага музея артэфакт са сваіх збораў — французскую падробку пяцідзесяцірублёвай асігнацыі часоў Расійскай імперыі. Калекцыянер займаецца збіраннем манет і банкнот ужо больш за сорак гадоў, таксама ў яго зборах захоўваюцца старадрукі і старыя карты. Сярод найбольш адметных рэчаў з калекцыі — Статут Вялікага Княства Літоўскага 1780 года, які можна пабачыць на выставе.

Галоўнымі праблемамі, з якімі сутыкаюцца прыватныя калекцыянеры, застаюцца адсутнасць легальнага рынку і экспертызы сапраўднасці. Экспертнай супольнасці даводзіцца самастойна міжсобку вызначаць сапраўднасць і вартасць прадметаў калекцыянавання. На жаль, у Беларусі няма сваіх аўкцыённых дамоў, і часам калекцыянерам даводзіцца арыентавацца на суседнюю Расію, набываючы рэчы на тамтэйшых аўкцыёнах — а адсюль паўстае пытанне ўвозу ці вяртання гэтых каштоўнасцяў з-за мяжы. Тым не менш, дзяржаўныя музейныя ўстановы і прыватныя калекцыянеры пакрысе робяць крокі насустрач адно адному. Выстава “Захавальнікі памяці” дадае немалы ўнёсак у наладжванне гэтых жыццёва неабходных сувязяў і дае спадзяванні, што ратаванне культурнай спадчыны краіны стане супольнай справай як дзяржаўных асяродкаў, так і прыватных асоб.