Уладзіслаў НАВАЖЫЛАЎ: “Метал-музыка — гэта сярэднявечны тэатр”

№ 46 (1433) 15.11.2019 - 15.11.2019 г

Калі пра яго і пра калектыў, у якім ён спявае, кажуць як пра легенды беларускай рок-музыкі, фронтмэн бурна пратэстуе. Маўляў, яе гісторыя і бацькі-заснавальнікі — гэта Ігар Варашкевіч, Вячаслаў Корань, Лявон Вольскі, а Gods Tower — усяго толькі добры гурт. Вельмі добры, дадам я ад сябе i дапоўню — лепшая айчынная хэві-метал-фармацыя, дакладней фольк-дум-метал-, што адзначыла ў 2019-м сваё 30-годдзе. Зараз у камандзе застаўся толькі адзін чалавек з таго складу, які, нарадзіўшыся ў канцы 1980-х, пазней зрабіў сапраўдную творчую рэвалюцыю ў постсавецкай брутальнай музыцы. Уладзіслаў НАВАЖЫЛАЎ — сцэнічны псеўданім Lesley Knife — cёння гасцюе на гэтай старонцы “К”.

/i/content/pi/cult/771/16658/016.JPGЛёгка на сэрцы ад песні цяжкай

— Па-ранейшаму працуеш у мiнскім цэнтры знакамітай кампаніі, што стварае і выдае камп’ютарныя гульні?

— Так, я кам’юніці-менеджар, займаюся сувязямі з грамадскасцю, гульнявой супольнасцю. Доўгі час меў зносіны з “самалётчыкамі”, а з мінулага года я “танкіст”.

— З Гомеля ў сталіцу ты пераехаў…

— У 2013-м. У Гомелі перабраў масу прафесій, але радасці тыя мне мала дастаўлялі. Між іншым, шмат тамтэйшых музыкантаў перабралася з горада хто куды. Так і я шукаў сабе месца, якое мог бы не ненавідзець. А, гуляючы ў танкі, пазнаёміўся з людзьмі з той кампаніі, яны мяне і парэкамендавалі ў яе. Наогул, я заўважыў, што менавіта для “металістаў” — прычым розных краін, танкі, не толькі гульнявыя, а і сапраўдныя, з’яўляюцца нават нейкім фетышам.

— А ў Gods Tower ёсць саўндтрэкі да камп’ютарных, напрыклад, стралялак?

— Чамусьці і не прапаноўваў ніхто іх зрабіць. Мы па ўласнай ініцыятыве калісьці запісалі песні Civilization, прысвечаныя лётчыкам Heroes Die Young і танкістам Roll Out. Выйшла такая трылогія, якая даўным-даўно задумвалася мной з Сашам Уракавым.

— Што адбываецца ў Гомелі з цяжкай музыкай? Горад жа калісьці лічыўся яе сталіцай.

— Там нейкі пераходны стан. Старая школа сыходзіць — ва ўсіх сэнсах: нядаўна мы пахавалі Віктара Іванова — бацьку Аляксандра Іванова, таго самага Ivan’а, што прадстаўляў нашу краіну на “Еўрабачанні” ў 2016-м годзе. Яго тата быў вельмі аўтарытэтным у Гомелі рокерам... Адышоў ад музыкі такі яе рухавік, як Павел Паўліхін — удзельнік гурта Rasta і арганізатар шматлікіх канцэртаў і фестываляў; больш няма “Рок-цэнтра” — базы для гомельскіх музыкантаў; спынілі сваё існаванне калектывы, якія задавалі вектары развіцця цяжкіх жанраў, — “ТТ-34” да прыкладу. А новая школа яшчэ не з’явілася, у адрозненне ад Мінска. Я сітуацыю ў ім адсочваю і праз свой блог, размаўляючы з адпаведнымі маладымі музыкантамі, нешта тут фармуецца. Яны думаюць — цікавае, на мой погляд, — няправільнае, ну, так мяне таксама доўгі час лічылі ў музыцы няправільным. Па меншай меры, людзі шукаюць. А Гомель жыве мінулымі заслугамі, новага пакалення я не бачу. Моладзь у ім, у першую чаргу, аб хлебе надзённым думае, не да творчых пошукаў ёй. Аднак, калі паспеюць перадумовы для таго, каб паўстала нешта неардынарнае, яно менавіта такім і будзе, запэўніваю цябе. Не мэйнстрым, не поп-штампы, а сапраўдны андэграўнд! Гомель у альтэрнатыўнай музыцы — горад вар’ятаў і эксперыментатараў!

— Дзесьці з сярэдзіны 1990-х па сярэдзіну 2000-х у Беларусі метал-музыка карысталася велізарным поспехам у моладзі. Па-твойму, чаму?

— Да Gods Tower гэта быў шмат у чым кірунак парадыйны, ці што. Яго карыкатурнасць нядрэнна паказана ў фільме “Мяне клічуць Арлекіна”. Беларускі рок, той жа, дапусцім, рускі і ўкраінскі, быў адначасова і сацыяльна арыентаваным, і залішне рамантычным. А метал у сваёй асноўнай масе і цяпер застаецца апалітычным. Але — у тым і крыецца парадокс — з выразна заяўленай пазіцыяй, калі публіцы пасылаецца мэсэдж: палітыкі і ўсяго таго іншага, што турбуе нейкую частку грамадства, вакол і так хапае, гэта закране кожнага, дык няхай хаця б музыку яно абміне, слухайце метал! Ён прапаноўваў некаторы час пажыць у выдуманым свеце, збегчы ад дэпрэсіўнай рэчаіснасці, у рэальны ж, з усімі спадарожнымі яму праблемамі, людзі вярнуцца паспеюць. Яны і закукліваліся — на некалькі хвілін, гадзін — пакуль слухалі музыку, пакуль прысутнічалі на канцэрце. Метал — гэта такі сярэднявечны тэатр.

— У той жа сярэдзіне 1990-х Gods Tower па апытаннях чытачоў самых розных постсавецкіх СМІ, музычных крытыкаў неаднаразова прызнаваўся лепшым цяжкім гуртам былога Саюза, апярэджваючы такіх монстраў, як, скажам “Ария”, “Мастер”, “Коррозия металла”, трыа “Круиз”, “Черный обелиск”, “Э.С.Т.” , “Черный кофе”... І за кошт чаго вы іх абыходзілі?

— На кашальку “таўэраў” наша першынство не адбівалася... Асабіста я не занадта сур’ёзна ставіўся да такіх чартаў. Як можна параўноўваць Deep Purple і Deicide — класічны хард-рок і дэз-метал? А “Арию” — хай і метал-гурт, і Gods Tower, што “капаў” значна глыбей, параўноўвалі. Перавага апошняга заключалася ў чым? Ён сам стварыў уласную нішу, не палез туды, дзе ўсё ўжо было даўно абжыта іншымі. І людзі гэта разумелі, прызнаючы прыярытэт беларусаў на тэрыторыі СНД у галіне пэўнай разнавіднасці сусветнага металу. І, заўваж, прытым, што Gods Tower каманда англамоўная, мы заўсёды і ўсюды падкрэслівалі — гурт з’яўляецца беларускім. Нам і знешне хацелася падкрэсліць нацыянальную ідэнтычнасць — канцэртнымі касцюмамі, але хутка адмовіліся ад гэтага: каманда шчыльна ўпісана ў кантэкст усё таго ж сусветнага металу, а там атрыбутыка свая, устойлівая.

— Тым не менш, песні на беларускай у ваш рэпертуар уваходзілі…

— І ў далейшым плануем уключаць рэчы на беларускай мове ў нашы праграмы. Але, звяртаючыся да таго ж кантэксту, хэві-метал — ён, як опера, што ў агульнапрынятым разуменні ў класічным варыянце павінна спявацца на італьянскай. Мы на англійскай і спяваем. Прыкольна паслухаць хэві-метал на партугальскай, іспанскай — ёсць гурты, якія афігенна гэта робяць. Хэві-метал на французскай — наогул нешта няўяўнае! Нічога страшнейшага ў сваім жыцці не чуў! Поўны разрыў шаблонаў. Ты чакаеш французскую булку, а на цябе напалеонаўскі салдат надыходзіць. Нацыянальныя мовы — крута, вядома. Аднак Gods Tower фармаваўся як англамоўны гурт і змяняцца ён не будзе.

А лірыку на беларускай па нашай замове для каманды пісалі гомельскі паэт Алесь Плотка і выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ганна Крофта, што пераклала з англійскай мой зыходнік.

Кірчук, Уракаў…

— Розныя праявы славянскага паганства складаюць аснову тэкстаў гурта, іх ты і пішаш. І як узнікла захапленне старажытнай рэлігіяй?

— У нейкі перыяд свайго жыцця я адначасова шмат чытаў гістарычнай літаратуры і слухаў метал з гістарычным кантэкстам — гурты Bathory, Manowar, Saxon. І яшчэ мне заўсёды падабаліся гістарычныя фільмы. У галаве варылася жудасная каша. З аднаго боку, кампазіцыі пэўнай накіраванасці прызнаных асаў метал-сцэны. З іншага, гомельскае культуралагiчнае аб'яднанне “Талака”, дзякуючы якому я адкрыў для сябе беларускую этніку. І дзякуючы “Паўлінцы” Купалы і харэаграфіі ансамбля “Харошкi”, але ўжо ў меншай ступені. А бо былі яшчэ баявыя песні беларусаў, дуда, калядкі. Увогуле, тады, у сярэдзіне 1980-х, мне захацелася рабіць і музыку, замяшаную на гістарычным матэрыяле, і самому глыбей пранікнуць у яго, вывучыць, зразумець мінулае нашай краіны, славянства скрозь прызму паганства.

— Лідар этна-трыа “Троіца” Іван Кірчук таксама цікавіцца паганскай філасофіяй, што, натуральна, знаходзіць адлюстраванне ў творчасці яго калектыву. Можа, пара гуртам штосьці зрабіць разам?

— Калі я пачуў Івана Іванавіча, зразумеў, як трэба спяваць. Фармуючы сваю манеру спеваў, я пераймаў нешта з вакалу ў аднаго, другога, трэцяга, і кропкай у такім назапашванні стаў Кірчук. Аднак супрацоўніцтва з “Троіцай” уяўляю сабе з цяжкасцю, настолькі і мы, і яны самадастатковыя. Быў бы шчаслівы, калі б яно адбылося, але ў што такая калабарацыя можа выліцца — пакуль не разумею. Я знаёмы з Кірчуком, будзе новая сустрэча з ім, чаму б проста не пачаць гаварыць аб магчымым сумесным праекце? Шчыра кажучы, ён для мяне з’яўляецца такім патрыярхам, што мне страшна да яго падыходзіць…

— Вы нярэдка сканчаеце выступы фенаменальным хітом The Eerie, калі ідзе яго фанаграма, а ўдзельнікі Gods Tower выстройваюцца на краі сцэны. Ён гучыць у памяць пра гітарыста Аляксандра Уракава?

— Я ўжо дакладна і не памятаю, але наўрад ці з’яўленне дадзенай традыцыі звязана са смерцю Сашы. Хутчэй, мы калісьці палічылі, што гэтая метал-балада як нельга лепш падыходзіць для фіналу канцэрта, калі ўжо ўсё сыграна, спета, музыканты і гледачы сыходзяць, развітваючыся адзін з адным, а наўздагон гучыць песня The Eerie, якой як бы падводзіцца рыса пад чарговым маленькім этапам у жыцці. А асноўных перыядаў у біяграфіі гурта было тры. З Сашам: ён скончыўся распадам Gods Tower у 2002-м, а ў наступным годзе Уракаў памёр. Без яго, па 2010-ты, калі хто чым займаўся — і музыкай, і не. І з 2010-га, з моманту ўз’яднання.

— Сашы ў гэтым годзе споўнілася б 45... Ты станеш “ягадкай зноў” у 2020-м. Раскажы, калі ласка, аб калегах па камандзе. Якую па-старому лічаць гомельскай.

— Наш гітарыст і гурта “Нейро дюбель” Віталь Абрамовіч. Хімік па адукацыі, вельмі разумны, пазітыўны, пастаянна ўсміхаецца і ніколі ні з кім не лаецца. Сонейка. Дзмітрый Аўчыннікаў, круцейшы клавішнік, кампазітар і аранжыроўшчык. У яго ёсць уласная студыя. А яшчэ вуды і лодка, з якой ён любіць лавіць рыбу. Астатнія ў Gods Tower — не рыбакі. Таксама надзіва разумны чалавек, з якім мець зносіны — адно задавальненне. Басіст Юрый “Жора” Сіўцоў — галоўны пастаўшчык энергіі са сцэны ў залу. Татуіроўшчык і мастак. Наогул, аб яго працоўнай кніжцы ходзяць самыя розныя чуткі, дзесьці ён афіцыйна ўкалывае. Дзіка смяшлівы персанаж з грубаватым, але прыкольным пачуццём гумару. У XVII стагоддзі ён быў бы выдатным піратам. Уладзіслаў Сальцэвіч, прафесар барабанаў. Родам з Татарстана, жыў у Беларусі, цяпер у Піцеры пражывае. Чалавек з разыначкай, месцамі загадкавы, тонкай душэўнай арганізацыі, ранімы. І Віктар Лапіцкі — галоўны член гурта, яго менеджар. Вось хто легенда! У кіно здымаўся, кліпы здымаў, працаваў з Максам Лорэнсам, бог ведае з кім яшчэ, і каго толькі сам з артыстаў у Беларусь ні прывозіў. Анархіст па духу, бывае грубым. Але чувак класны. Як і ўвесь гурт Gods Tower!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"