Сам сабе мэсэдж

№ 46 (1433) 15.11.2019 - 15.11.2019 г

Беларускі лэйбл Ezhevika — сапраўдны кландайк сучаснай электронікі. Фізічна яго рэдакцыя знаходзіцца ў Мінску, але гэта не перашкаджае ёй выдаваць музыку з усяго зямнога шара. Дзякуючы лэйблу замежныя аўтары трапляюць у беларускае культурнае поле, а многія таленавітыя суайчыннікі распачынаюць свой шлях да сусветнай аўдыторыі. Як сцвярджае кіраўнік лэйбла Канстанцін КУР’ЯНАЎ, ён рады бачыць, чуць і выдаваць самую разнастайную музыку — абы яна была якаснай ды арыгінальнай.

/i/content/pi/cult/771/16657/015.JPG— Як з’явілася задума стварыць такі лэйбл? І ці было ў цябе на той момант нешта, акрамя жадання? Або да ўсяго вы паступова самі прыходзілі?

— Ну, найперш, гэты лэйбл стварыў не я, а Дзіма Літвіновіч — ён жа заснаваў некалі паспяховую групу CherryVata, мае сольны праект Diamos Roll і зусім нядаўна запачаткаваў наш даччыны лэйбл Menka. Уласна для выдання альбома CherryVata дзесяць гадоў таму Ezhevika і была прыдуманая. Рабіў гэты лэйбл Дзіма толькі для сябе, без намеру выдаваць іншых артыстаў. Але неўзабаве стала зразумела, што патрэбу прасоўваць сваю музыку мае не толькі ён. І недзе года з 2012-га пачаліся рэлізы. У тым ліку там выйшлі і мае два міні-альбомы пад псеўданімам Constant Current. А ўжо ў якасці выдаўца я далучыўся да Ezhevika увосень 2014-га.

— Наколькі я разумею, неўзабаве на вашым лэйбле з’явіліся альбомы, якія сталі яго візітоўкай… Тымі эталоннымі працамі, на якія варта раўняцца.

— Мне падабаецца запіс праекта antrru “Мрамары”, альбом Cortel, зборка V Miracle: Music for Oceans. А эталонным можна лічыць, напрыклад, Vulcanvacuum піцерскага музыканта Жэні Капічона. На мой погляд, гэта першы бездакорны альбом на лэйбле — ён цалкам вывераны і напоўнены сэнсам. Рэліз стаў высокай планкай якасці, якой мы прытрымліваемся да гэтага часу. Стыль Капічона папраўдзе ні з чым не зблытаеш. Гэтае пазнавальнае пацешнае бульканне, разнастайная перкусія, заўсёдныя танцы… Яшчэ адна візітоўка лэйбла — альбом Gorbach, які называецца My Vision.

— Gorbach? Але многія ўспрымаюць ягоную музыку як прыемны гукавы фон — і не болей за тое.

— Музыку Пашы Горбача варта шанаваць ужо хаця б за ягоную адданасць інструментальнаму хіп-хопу, за велізарную працу па пошуку сэмплаў і за тое, што ён з імі робіць. Так, праз адсутнасць вакалу падобнага кшталту музыка ўспрымаецца пераважна як фонавая. А добра яно ці не — гэта ўжо справа густу. Я вось у апошні час усе болей люблю фонавую музыку: яна не імкнецца навязаць табе нейкі мэсэдж. Ты сам сабе мэсэдж.

— Паводле якіх крытэрыяў вы абіраеце, якую музыку будзеце выдаваць, а якую не?

— Найперш, запіс мусіць быць якасным, з добрым гукам. Таксама музыка павінна ўпісвацца ў фармат лэйбла. Вядома, у плане стылістыкі мы імкнемся сябе абмяжоўваць як найменей — пагатоў, цяпер жа ўсе вакол меламаны, і ніхто не слухае толькі нейкі адзін жанр музыкі. Адпаведна, мы цалкам можам ухваліць дэма з drum-n-bass, або трансам, або рокам. Тут усё залежыць найперш не ад стылю, а ад кантэксту і ўнікальнасці. Пад кантэкстам я разумею інфармацыйнае поле, у якім паўстаў гэты рэліз. Возьмем, да прыкладу, альбом Ані Жданавай Appetizer. Можа, у нейкай іншай краіне яе песні не надта б людзям зайшлі. Але ў Беларусі яны атрымалі шмат добрых водгукаў, бо ніхто тут больш так не робіць. Але нагадаю, што акрамя кантэксту важны яшчэ і другі крытэрый — унікальнасць.

— Ці ёсць нейкія ўмоўна базавыя кампаненты, спалучэнне якіх дае музыканту зялёнае святло для працы з вашым лэйблам?

— Ды не, такімі кампанентамі можа стаць што заўгодна. Прывяду ў якасці прыкладу гурт Cortel з Ніжняга Ноўгарада. У альбоме, які мы выдалі, было, на мой погляд, тры кампаненты, спалучыўшы якія, яны атрымалі індывідуальны стыль. Гэта джазавыя сэмплы, вельмі глыбокі бас і вельмі высокі мужчынскі вакал. Адным такі эксперымент не зайшоў, а іншыя наадварот ім захапляліся. Але такі амаль палярны падзел аўдыторыі нам акурат і цікавы.

— Сярод іншых рэлізаў у вас значыцца дабрачынная зборка Miracle і альбом, які ставіць перад сабой мэту звярнуць увагу на праблемы акіянаў. Як вы прыйшлі да такіх глабальных тэм?

— Электронныя лэйблы толькі падаюцца нейкай па вушы зануранай у сваёй субкультуры з’явай — насамрэч, актуальная дла ўсіх праблематыка ім зусім не чужая. Памятаю, аднойчы я натрапіў на зборнікі брытанскага лэйбла Touched. Яны арыентуюцца на аматараў IDM — intelligent dance music. Я пазнаёміўся з хлопцам, які займаўся гэтымі зборнікамі, і выслаў яму працы нашых артыстаў. Ён узяў шэсць трэкаў і паставіў іх у плэйліст разам з Amon Tobin, Autechre, Nils Frahm — сапраўднымі мэтрамі сусветнай электронікі. Гэта мяне вельмі натхніла, я назбіраў 18 трэкаў, наш дызайнер зрабіў крутую вокладку, затым дамовіўся з адной дабрачыннай платформай, што грошы з продажу кампіляцыі пойдуць ёй. Так з’явіўся наш першы зборнік Miracle. Цяпер іх ужо выдадзена шэсць. З іх дапамогай мы падтрымалі Дабрачынны фонд Канстанціна Хабенскага і арганізацыю па захаванні акіянаў SeaLegacy.

— Як змянілася беларуская электронная музыка за тыя амаль дзесяць гадоў, як існуе ваш лэйбл?

— Стала болей і лепей! Так, усе тыя самыя стылі — скажам, тэхна або хаўс — былі і дзесяць гадоў таму. Здараліся тады нават і адзінкавыя феномены папулярнай электронікі: CherryVata, Stone People… Але цяпер кагорту электроншчыкаў папоўнілі шматлікія “аналагавыя” артысты: Ana Zhdanova, Shuma, Mustelide, Palina, Nite Nite Nite, mod... Вельмі многія прафесіяналы, якія прыйшлі ў электроніку, раней гралі зусім іншую музыку. Дзякуючы іх з’яўленню жанр стаў куды больш якасным і разнастайным. Наогул, раней любы мясцовы электронны артыст, які граў нешта выкшталцонае, успрымаўся як сапраўднае адкрыццё. Diamos Roll, i/dex, That Sky — гэтыя праекты апрыёры выклікалі эфект “ваў!” Цяпер жа, дзякуючы агульнаму росту ўзроўню запісаў, іх опусы ўжо не здаюцца чымсьці неверагодным.

— Наколькі табе блізкая класічная музыка?

— У мяне былі перыяды жыцця, калі слухаў і пераслухоўваў класічныя зборнікі, марна спрабуючы запомніць імёны ўсіх кампазітараў. У ліку фаварытаў вылучыў бы Шапэна, Вівальдзі і Чайкоўскага. У апошняга асабліва люблю тую буру настрояў, якія змяняюць адзін аднаго ў адным творы. У гэтым, па-мойму, кардынальнае адрозненне класічнай музыкі ад сучаснага поп-прадукту, дзе кампазіцыя звычайна зробленая на адной эмацыйнай хвалі і не нясе ў сабе шторму і буры. Хоць, магчыма, і не варта гэтага патрабаваць ад поп-культуры. Тым болей, паралельна з ёй існуюць і сучасныя кампазітары, якія робяць нешта, абапіраючыся на класіку.

— Як ты мяркуеш, ці варта змешваць поп-культуру і класіку?

— Абсалютна! Дзякуючы абноўленаму інструментару і сучаснаму кантэксту, мадэрн-класіка рушыла далёка наперад у параўнанні з Чайкоўскім і іншымі. Праўда, абывацелю, можа, цяжка нават уявіць, што гэта наогул за з’ява такая — мадэрн-класіка. Чамусьці многім падаецца, нібы тут маюцца на ўвазе пачварныя рэміксы на вядомыя класічныя кампазіцыі, якія часам грымяць у таксі. Ды не — паслухайце Olafur Arnalds, Tomas Dvorak, Nils Frahm… Апошні, дарэчы, — вучань вучня Чайкоўскага. Яшчэ на розум прыходзіць найталенавіты класічны гітарыст і кампазітар Max Ananyev. З ім мне пашчасціла быць асабіста знаёмым, а потым і дамовіцца на выданне яго альбома. Праўда, гэтым разам ён запісаў не мадэрн-класіку, а індзі-электроніку і эмбіент. А для аматараў больш экстрэмальнага гуку вельмі рэкамендую Igorrr — першаадкрывальніка жанру baroquecore. Эмоцыі ад праслухоўвання будуць яркія, але не зусім такія, як ад Чайкоўскага: тут і жахнуцца можна будзе, і захапіцца вынаходлівасці, і, вядома, пасмяяцца, паколькі ў Igorrr з гумарам усё ў парадку. Паглядзіце яго кліп My Chicken’s Symphony. Па-мойму, гэта выдатна!

— Ты згадаў, што нядаўна вы стварылі падлэйбл Menka. Навошта ён вам патрэбны і як вы плануеце маштабаваць гэты праект?

— Найперш для таго, каб адкрываць цікавыя імёны па-за межамі электронікі і рабіць альбомы даступнымі для праслухоўвання. У планах лэйбла — тыя рэлізы, якія, на нашу думку, маюць унікальны почырк музыканта, прафесіяналізм, глыбокую ідэю. І пры гэтым строга не абмежаваныя жанравымі рамкамі. Іншы бок развіцця — рабіць дыстрыбуцыю ўжо выдадзеных альбомаў. Звычайна добры артыст — гэта дрэнны менеджар. Таму атрымліваецца, што нямала цікавай музыкі да шырокай аўдыторыі не даходзіць. Таму мы выдаем і апублікаваныя раней альбомы, але ў актуальнай форме. Трэці бок — узаемадзеянне з брэндамі, прапанова гукавога шэрагу для рэкламы, кінаіндустрыі. Таксама ёсць ідэі па правядзенні даволі маштабных музычных імпрэзаў.

— Ці шмат рэлізаў дасылаюць табе маладзейшыя музыканты? І чым іх творы адрозніваюцца ад той музыкі, якую робіць старэйшае пакаленне?

— Шчыра кажучы, узростам музыкантаў я ніколі не цікаўлюся. Ды і зносіны ў большасці выпадкаў адбываюцца анлайн. Але чым маладыя музыканты адрозніваюцца, скажам, ад мяне, магу сказаць. Калі я ў свой час запісваў музыку, то надаваў больш увагі мелодыі і гукавыманню. А вось маладняк надае больш увагі прыгожаму чыстаму гучанню, прадакшэну. І пішуць у асноўным хаўс, хіп-хоп і індытронік.

І я б сказаў, што чаканні музыкантаў таксама выраслі. Пагатоў, сёння калі ты робіш нешта арыгінальнае, можна хутчэй засвяціцца. Раней любы артыкул, любая згадка твайго праекта ў СМІ была хай невялікім, але дасягненнем. Цяпер з гэтым куды прасцей.

Гутарыў
Андрэй ДЗІЧЭНКА