Паводле паклікання

№ 46 (1433) 15.11.2019 - 15.11.2019 г

У рамках Дзён праваслаўнай культуры, што праходзілі ў сталіцы ў канцы кастрычніка — першыя дні лістапада, у галерэі “Універсітэт культуры” ладзілася выстава. Яе ўдзельнікі — мастакі, якія супрацоўнічаюць са структурамі Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы, звяртаюцца да рэлігійных матываў. Пры тым, што рэлігійны чыннік у іх творчасці хоць і дамінуючы, але не адзіны.

/i/content/pi/cult/771/16654/010.JPGАндрэй Жараў — іканапісец, выкладчык Факультэта царкоўных мастацтваў Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі. Ягоная творчая праца мае сур’ёзнае тэарэтычнае абгрунтаванне. Ён аўтар шэрагу артыкулаў па сучасным царкоўным мастацтве і тэхналогіі іканапісу. Мастак працаваў над аздобаю славутых святынь, сярод якіх — Спаса-Праабражэнскі храм у Полацку і Барыса-Глебская (Каложская) царква ў Гродне. Па прадстаўленых на выставе работах відаць, што мастак імкнецца наблізіцца да сучаснай эстэтыкі, не выходзячы за межы канона. Задача вельмі складаная і для Рускай праваслаўнай царквы надзвычай актуальная. Звыклая ў мастакоўскім асяроддзі тэза “канон патрэбны дзеля таго, каб ад яго адыходзіць”, наўрад ці была б зразумелай у асяроддзі царкоўным. Між тым як новы час патрабуе новых мастацкіх форм…

Генадзь Сухамлінаў скончыў Віцебскі “худграф”. Працуе выкладчыкам у Мінскай гімназіі-каледжы мастацтваў. Шануе рэалізм з крыху містычным ухілам. Малюе краявіды так, нібыта разуменні “Прырода” і “Бог” для яго сінонімы.

Людміла Баірава таксама сумяшчае мастацкую творчасць з педагагічнай працай. Яе настаўніцкі стаж — дваццаць гадоў. Сваімі выхаванцамі, якія паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы мастацтва, ганарыцца не менш чым удалымі карцінамі і графічнымі аркушамі. Дарэчы, найбольш цікавыя работы ў яе менавіта з выявамі дзяцей. Спадарыня Людміла супрацоўнічае з выдавецтвамі, у тым ліку і з выдавецтвам Беларускага экзархата, аздабляе дзіцячыя кнігі. У экспазіцыі былі прадстаўлены батыкі — жывапіс на тканіне спецыяльнымі фарбамі, а таксама кніжныя ілюстрацыі. Былі і самі кнігі, але гледачы іх расцягалі. Мастак хоць і панёс страту, але ўспрымае гэты факт як своеасаблівы знак прызнання таленту.

Паводле цэхавай прыналежнасці Святлана Семашкевіч майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яна займаецца вышываннем, спецыялізуецца на аздобе абразоў. З пад яе рук выходзяць плашчаніцы, вышываныя аклады. Ды і самі абразы мастачка “малюе” ніткай. Тэхніка, якой карыстаецца мастачка, прыйшла на Русь з Візантыі, тут набыла шырокі распаўсюд і характэрную стылістыку, зблізілася з народным мастацтвам. Напачатку ХХ стагоддзя тэхніка была забытая, сёння вось зноў запатрабаваная. Сапраўды прыгожа. Але як па мне дык крыху архаічна.

/i/content/pi/cult/771/16654/011.JPGПасуюць тэме і вобразнаму ладу выставы фларыстычныя кампазіцыі дызайнера Юліі Антух. Яны не кідаюцца ў вочы, але ствараюць настрой.

Экспазіцыя ў большай ступені разлічана на людзей спакойных і разважлівых. Безумоўнай якасцю ўсіх твораў выставы з’яўляецца шчырасць. Відаць, што ўсё зроблена не па замове, але паводле душэўнага паклікання.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"