А вы ведаеце, што такое клезмер?

№ 46 (1433) 15.11.2019 - 15.11.2019 г

Адной з самых яскравых музычных падзей вялікіх лістападаўскіх выхадных стаў Litvak klezmer fest, што прайшоў у Мінску ў культурнай прасторы Оk16. Адрадзілася традыцыя фестываляў клезмерскай музыкі — першыя былі яшчэ ў 90-я гады, і адрадзілася з вялікім поспехам — на сцэне ззяла сузор’е выдатных музыкантаў і калектываў з Беларусі, ЗША, Германіі, Польшчы, Украіны, Ізраіля, у зале цягам двух фестывальных дзён — аншлагі.

/i/content/pi/cult/771/16652/08.JPGНе ўсе і ведаюць, што такое клезмер, хаця ўсе, дакладна, чулі. А гэта традыцыйная яўрэйская музыка краін Усходняй Еўропы, гэта асаблівая манера выканання. Клезмер аказаў вялікі ўплыў на жанр гарадскога раманса, дваровай песні, папулярнай савецкай песні. У наш час клезмер іграюць па ўсім свеце, і цяпер гэта не толькі фальклор, але і аўтарская музыка, цяпер гэта і джаз і што заўгодна. Неверагодная колькасць калектываў, напрыклад, у Польшчы, многа іх ва Украіне, проста безліч у Еўропе і Амерыцы. Бо сама па сабе музыка прыцягальная, запамінальная, танцавальная… А вось Беларусь, як ні дзіўна, маючы такую багатую яўрэйскую гісторыю, можа пахваліцца вельмі сціплымі дасягненнямі ў стылі клезмер. Але ўсё паціху выпраўляецца.

У 90-я гады музыкант і музыказнаўца Дзмітрый Сляповіч пры падтрымцы Генадзя Шульмана і “Клас-клуба” пачаў праводзіць у Мінску першыя фестывалі клезмерскай музыкі. Ды й сам выступаў са сваім калектывам Minsker Kapelye. Нешта адбывалася і на пачатку новага стагоддзя. Потым Дзмітрый стаў Зіслам і з’ехаў у Амерыку, дзе сабраў гурт Litvakus (ад слова “літвак” — агульная назва яўрэяў у Беларусі ці Літве), і ў Мінску фестываляў больш не было.

І вось нарэшце — Litvak klezmer fest, доўгачаканы! Трэба было бачыць, з якім захапленнем, з якім нават трымценнем публіка слухала гэтую музыку, як узбуджана рэагавала на кожную кампазіцыю, як танчыла — а былі ж і танцы, і танцавальныя майстар-класы. Перадгісторыя такая, што Сяргей Доўгушаў — лідар групы Vuraj і арганізатар “Спеўных сходаў” — у Амерыцы сустрэўся з Зіслам Сляповічам, і той параіў многа яўрэйскіх беларускіх песень для “Спеўных сходаў”, у выніку чаго нарадзіўся цэлы фестываль, галоўным фундатарам і мецэнатам якога стаў Юрый Зісер і яго сацыяльны фонд. Ідэю падтрымалі іншыя ўстановы і пасольствы, і 7 — 8 лістапада дзверы Оk16 з абеду і амаль да ночы былі адкрытыя для ўсіх абсалютна бясплатна.

У канцэртную праграму арганізатарам хацелася ўмясціць усяго як мага болей. Як расказаў Сяргей Доўгушаў, давялося адмовіць многім музыкантам з Беларусі, якія жадалі выступіць. Хаця і не скажаш, што ў нас ёсць хоць адзін вядомы клезмер-калектыў, але ў нейкі момант колькасць абавязкова перарасце ў якасць.

Увогуле, клезмер гэта не нацыяльнасць — гэта музычны стыль, які не мае абмежаванняў. І на сцэне фестывалю, і ў зале былі людзі розных нацыянальнасцяў, відавочна ж. Многа гучала і беларуская мова — у тым ліку з вуснаў вядучага Віктара Шалкевіча. Сапраўднай зоркай фестывалю стала польская Kapela Brodów, яе сэт быў самым экспрэсіўным і яскравым, групу некалькі разоў выклікалі на біс і ладзілі ёй авацыі. Можна сказаць, што Kapela Brodów паказала майстар-клас, як павінен гучаць прафесійны, а не аматарскі калектыў — а многіх выступоўцаў, што прадстаўлялі Беларусь, у параўнанні з палякамі мне хацелася назваць нясмелымі і няўпэўненымі. Дык вось, польскі скрыпач і этнамузыколаг Вітэк Брода кажа, што ў творах яго групы немагчыма асобна вылучыць польскія, яўрэйскія ці ўкраінскія элементы, бо гэта сінтэз культур, які складваўся стагоддзямі. І Зісл Сляповіч, што ў свой час абараніў у Беларускай акадэміі музыкі дысертацыю на тэму “Клезмерскае музіцыраванне як фенамен усходнееўрапейскіх музычных супольнасцяў”, расказвае, як часта перапляталіся і ўплывалі адзін на аднаго беларускі і яўрэйскі фальклоры. Таму абсалютна дарэчна прагучала і песня “Бывайце здаровы” кампазітара Ісака Любана з тэкстам на ідыш. А яшчэ Зісл Сляповіч разам з акардэаністкай з Германіі Сане Мёрыке паказаў публіцы праграму “Падарожжа па краіне ідыш” — не так забаўляльную, як адукацыйную, правёў музычную лекцыю з дэманстрацыяй відэазапісаў са сваіх фальклорных экспедыцый па Беларусі, дзе бабулі і дзядулі выконвалі традыцыйныя яўрэйскія песні родных вёсак і гарадоў. Гомельскі ансамбль Bareznburger Kapelye пад кіраўніцтвам Рамана Яраша выконваў народныя танцы розных рэгіёнаў Беларусі па-вясковаму, па местачковаму, і гэта быў таксама сплаў яўрэйскіх і беларускіх мелодый.

Некаторыя выступоўцы Litvak klezmer fest больш ішлі ў джаз, ці нават у акадэмізм. Госцем фестывалю стала выдатная піяністка Ала Данцыг, дачка нашага славутага мастака Мая Данцыга. Цяпер яна прыехала з Ізраіля, а калісьці ў Беларусі ў яе быў Minsk klezmer band. Сярод іншага Ала Данцыг паказала цудоўныя фартэпіянныя імправізацыі, а Minsk klezmer band ізноў сабраўся, як і многа гадоў таму. Душэўныя выступленні з песнямі на ідыш былі ва ўкраінскай групы Shtrudl band, спявалі Таццяна Меламед з Амерыкі і Саша Лур’е з Германіі. Хаця гучала не толькі музыка літвакоў, не толькі ідыш, ды й не толькі клезмер — палітра была вельмі шырокай. Як і здараецца, калі на першы раз арганізатарам хочацца ахапіць усё.

Litvak klezmer пастараўся быць не проста канцэртам з якасным гукам, а сапраўдным фестывалем з самымі рознымі пляцоўкамі. Натуральна, штосьці можна было паправіць — напрыклад, колькасць публікі перавысіла ўсе чаканні; у складанні праграмы — першы дзень на фоне другога апынуўся не такім вясёлым. Але гэта дробязі. Галоўнае, фестываль засведчыў, што ў Беларусі ёсць вялікая цікавасць да падобнай музыкі — якая сама па сабе, па сваім гучанні вельмі папулярная і дазваляе мноства варыяцый. А значыць, ён дасць і штуршок да з’яўлення новых клезмер-калектываў, што ўзбагаціць і разнастаіць музычную сцэну ў Беларусі. Усё ж гістарычна гэта музыка ў тым ліку і нашай зямлі. Чаму ж мы самі не карыстаемся сваім багаццем?