Рыгор СІТНІЦА: “Мне лёгка рабіць справаздачу на з’ездзе…”

№ 46 (1433) 15.11.2019 - 15.11.2019 г

Напярэдадні гутаркі са старшынёй Беларускага саюза мастакоў Рыгорам Сітніцай я прысутнічаў на ягонай паэтычнай імпрэзе, што адбылася ў вялікай зале сталічнай філармоніі. Скажу шчыра, даўно не меў ад мастацкага слова такога задавальнення. Тым больш што слова тое было ў спалучэнні з выдатнай рэжысурай тэатралізаванай дзеі. Так што пачаць размову мне карцела з пытання пра літаратурную іпастась нашага вядомага мастака. Але спадар Рыгор прапанаваў найперш засяродзіцца на справах творчага саюза. Балазе, недзе праз месяц адбудзецца чарговы з’езд БСМ. Ведаючы, наколькі цяжка суадносіцца творчы індывідуалізм і справы грамадскія, я задаў пытанне, а ці патрэбны творчы саюз увогуле? Шыхтамі мастакі не ходзяць — натура не тая, дык навошта ім нейкая цэнтралізаная структура, створаная ў гады татальнай калектывізацыі дзеля мэт, не маючых з творчасцю нічога агульнага?

/i/content/pi/cult/771/16650/05.JPGМастак — індывідуаліст, але саюз патрэбны

“Улада ў тыя часы, збіраючы мастакоў пад пэўны ідэалагічны дах, мела свае мэты, але ў выніку атрымалася не тое, што планавалася. Цяпер ужо няважна, што было напачатку, а відавочна тое, што сёння саюз нам проста неабходны,— гаворыць спадар Рыгор, — бо нават у тых краінах, якія лічаць сябе вельмі прасунутымі ў сэнсе дэмакратыі, творчыя саюзы існуюць, хай нават і троху змяніўшы сваё аблічча”.

Рыгор Сямёнавіч нагадвае, што, у прыватнасці, у суседніх з намі прыбалтыйскіх рэспубліках адмовіліся ад многіх атрыбутаў савецкасці, але саюзы мастакоў разбураць не сталі. Іншая справа, што ў нас, можа быць, адзіны саюз, які не проста захаваў сябе, але і не згубіў сваю інфраструктуру. Мы захавалі ўвесь набытак матэрыяльны, які атрымалі ад савецкіх часоў. Нават яго і пабольшала. Да прыкладу, два гады таму Саюз мастакоў прыдбаў дадатковыя паўтары тысячы квадратных метраў для скульптурнага камбіната.

На думку Рыгора Сітніцы, якім бы ні быў аўтаномны мастак, яму патрэбны калектыў. Хаця б дзеля таго, каб раўняцца на калег. Галоўнае ў дзейнасці саюза — выставы. Калі чалавек у творчым калектыве, дык яму ўвесь час пра гэта нагадваюць і прыцягваюць да ўдзелу.

Мала таго, прыналежнасць да саюза — гэта адзнака прафесійнага цэнзу. У Саюз мастакоў паступіць даволі складана. Але штогод у яго прымаюць трыццаць, а то болей маладых мастакоў. Быў год, калі саюз павялічыўся нават на сорак чалавек. І гэты паток не спыняецца. Маладыя людзі, якія паездзілі па розных краінах свету, чамусьці лічаць вартым быць сябрамі Беларускага саюза мастакоў. Зразумела, на тое ёсць матэрыяльная зацікаўленасць: можна атрымаць майстэрню. Усё ж такі ў саюзе нават маладзёжная секцыя мае майстэрні. І нават калі сябра саюза знаходзіць майстэрню сам у горадзе, дык плаціць за яе па ільготным, моцна паніжаным каафіцыенце. Саюз жа мае на сваім балансе майстэрні і ў сталіцы, і ў абласных гарадах.

Вялікія дзяржаўныя заказы праходзяць выключна праз мастацкія камбінаты саюза. Той жа самы скульптурны камбінат выконвае практычна амаль усё, што робіцца ў галіне скульптуры ў нашай краіне. Звяртаюцца да паслуг камбіната і нашых скульптараў таксама і замежныя замоўцы. А тых, хто па-за камбінатам, па-за саюзам, у гэтым кантэксце нават і не разглядаюць. Манументальныя працы — мазаіка, габелен, вітраж — гэта ўсё ідзе праз унітарныя прадпрыемствы БСМ і выконваецца людзьмі, якія прыналежаць да творчага саюза. Так што колькасць сябраў саюза не памяншаецца, наадварот — павялічваецца. Гэты колькасны рост даводзіцца нават стрымліваць, падвышаючы планку прафесіяналізму, уводзячы больш жорсткія крытэрыі адбору.

Прафесійны цэнз, прынцыповы адбор

Умовай паступлення ў БСМ з’яўляецца наяўнасць вышэйшай мастацкай адукацыі плюс удзел у дзесяці рэспубліканскіх выставах, дзе ёсць прафесійны цэнз і прафесійны адбор. Калі мастак выстаўляецца ў кавярнях ці прыватных галерэях, бярэ ўдзел у пленэровых выставах — гэта ў залік не ідзе.

Для маладзёжнай секцыі патрабуецца ўдзел у пяці рэспубліканскіх выставах. Саюз мастакоў, праводзячы рэспубліканскія выстаўкі, робіць адкрыты фармат для таго, каб моладзь мела магчымасць набіраць гэтыя балы. І пасля таго, як тыя балы набраныя, за кандыдата павінны падпісацца тры сябры саюза, пасля чаго яго мусіць прыняць профільная секцыя, а тады ўжо разглядае прэзідыум. Апошняя інстанцыя — рада.

“Гэта даволі складаны і шматступеньчаты працэс, — канстатуе Рыгор Сітніца. — Вось мы літаральна перад з’ездам зробім новы набор. Чалавек дваццаць, а мо і болей. Гэта паказчык таго, што саюз творцам патрэбны”.

Новы час — новыя трэнды

Мы здолелі захаваць матэрыяльны набытак савецкага часу, але наколькі рэнтабельныя тыя камбінаты ў сённяшніх умовах? Ці мае, да прыкладу, сэнс па-ранейшаму захоўваць на балансе БСМ славуты калісь Барысаўскі камбінат дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва?

На думку старшыні саюза, захаваць усё, што маем, наўрад ці магчыма, таму што змяняецца час, і змяняюцца, як сёння кажуць, трэнды. Наш флагман —Барысаўскі камбінат, быў разлічаны на патрэбы ўсяго Савецкага Саюза і, адпаведна, меў велізарныя рэсурсы і вытворчы патэнцыял. А зараз нашай краіне на яе ўнутраныя патрэбы хапіла б і пятнаццаці адсоткаў ад тых магутнасцяў. Сёння велізарныя цэхі камбіната стаяць пустыя, бо на ягоную прадукцыю няма замоўцаў і пакупнікоў. Ды і шмат канкурэнтаў з’явілася. Найперш, гэта Кітай, які таннай керамікай закідаў увесь свет, і з якім нам сёння канкурыраваць практычна немагчыма. Гэта таму, што абсталяванне Барысаўскага камбіната рабілася ў часы, калі грошы на электрычнасць ды іншыя рэсурсы ніхто не лічыў. Нават слоў такіх як “энэргаашчадныя тэхналогіі” тады не ведалі. Дык вось, калі ў тых печах абпальваеш кераміку, яна становіцца проста залатой. Гэта адбіваецца на цане ды робіць нашу кераміку неканкурэнтаздольнай.

Камбінат, каб стаць рэнтабельным, патрабуе вялікіх фінансавых укладанняў, якіх у саюза няма. І яшчэ ён патрабуе іншага профілю. Прынамсі, гадоў дзесяць таму былі вельмі буйныя мастацкія заказы — Палац Рэспублікі, Палац Незалежнасці, Нацыянальная бібліятэка, Оперны тэатр, Музей Прыпяцкага запаведніка, музеефікацыя Брэсцкай крэпасці. А яшчэ — Мір, Нясвіж. Зараз жа загрузіць вытворчыя магутнасці, пра якія ідзе гаворка, так, як было ў блізкай мінуўшчыне, немагчыма. А значыць, трэба думаць, што з тымі магутнасцямі рабіць.

“Гэта калектыўная маёмасць, — гаворыць далей Рыгор Сітніца, — і вырашаць яе лёс трэба разам. У нас ёсць думкі па рэканструкцыі прадпрыемства. Яны будуць агучаны на з’езде, ды і зараз кіраўніцтва саюза не робіць з іх таямніцы. Есць нават далёка небеспадстаўныя спадзяванні, што камбінатам зацікавяцца грашавітыя структуры дзеля размяшчэння на ягоных плошчах менавіта мастацкіх заказаў. Усё, што можна было ў гэтых умовах зрабіць, кіраўніцтвам саюза і мной асабіста зроблена. Больш за тое, мы часам рабілі немагчымае — і атрымлівалася”.

Сёння цяжка, а будзе яшчэ цяжэй

Старшыня саюза гаворыць, што з лёгкім сэрцам ідзе на з’езд, таму што за два тэрміны знаходжання на гэтай пасадзе нікому не зманіў. За шэсць гадоў, дзякуй Богу, не адбылося не тое што ніводнага канфлікту, але нават нейкага напружання з дзяржаўнымі органамі. Поўнае паразуменне бакоў, ніякіх заўваг ці папярэджанняў з боку курыруючых саюз інстанцый. У гэтым плане быў абсалютны камфорт.

“Мне лёгка рабіць справаздачу, — працягвае ён, — але з іншага боку я зараз не вельмі ўяўляю, каму перадаць гэтую пасаду. Па вельмі простай прычыне, мо хіба на сёння я адзін рэальна разумею, што гэта за пасада, і якіх намаганняў яна патрабуе ў сённяшніх няпростых умовах існавання творчага саюза. А яны да таго ж відавочна пагаршаюцца. І, хутчэй за ўсё, будуць пагаршацца”.

Толькі за гэты год значна паменшыліся даходы саюза і значна павялічыліся выдаткі. Такі вось вектар, і змяніць яго БСМ не здольны. Там, дзе можна было скарачацца і ашчаджаць, ужо скараціліся і з’эканомілі. Саюз не аўтаномны ад грамады і дзяржавы. Калі эканамічныя праблемы мае краіна, іх мае і БСМ. Ды ў краіне сітуацыя залежыць шмат у чым ад знешніх фактараў. Словам, што кепска для Беларусі, тое кепска і для беларускіх мастакоў. Не будзе грошай на амбіцыёзныя праекты, значыць не пабудуюцца нейкія аб’екты, дзе быў бы задзейнічаны творчы патэнцыял сяброў саюза…

“Я вельмі рэальна гляджу на рэчы, — кажа спадар Рыгор, — і хацеў бы, каб у кіраўніцтве саюза з’явіўся той чалавек, які таксама рэальна разумее, куды ён ідзе і што ён мусіць тут рабіць. А задача вельмі простая — максімальна захаваць тое, што маем. Бо нават у гэтай нішчымніцы эканамічнай мы, як гэта ні дзіўна, вельмі нармальна функцыянуем, ажыццяўляем выставачную дзейнасць, якая ёсць наш галоўны абавязак паводле статута.”

Рыгор Сітніца нагадвае, што ў апошнія гады рэспубліканскія выстаўкі пачалі адбывацца не толькі ў сталіцы, але і ў абласных гарадах. Некалькі разоў яны праходзілі ў Віцебску. Прымалі рэспубліканскія выставы Брэст і Магілёў. У Гомелі сёлета была выстава “Сто імёнаў Гомельшчыны”, на якой сабраныя з усёй краіны людзі, якія нарадзіліся на Гомельскай зямлі.

“Вы памятаеце, — кажа старшыня саюза, — што шэсць гадоў таму быў вельмі сур’ёзны крызіс, і наша творчая арганізацыя ледзь не апынулася на мяжы нават расколу. І ўсё гэта было датычнае асабістых фактараў пэўнай асобы. А вось шэсць апошніх гадоў паказалі, што можна жыць спакойна, без інтрыгаў, без канфліктаў, якія толькі шкодзяць справе, дзеля якой мы ўсе сабраліся ў саюзе”.

Паэзія — другая іпастась. А мо першая?

Надышоў нарэшце час для пытання, з якога я хацеў распачаць нашу гутарку. Дзе спадар Рыгор, пры ягонай хранічнай занятасці, знаходзіць час яшчэ і на літаратурную творчасць?

“Знаходжу сам не ведаю як,— адказвае ён. — Прынамсі, я магу пісаць у любых умовах. Хаця для гэтага, натуральна, павінен быць адпаведны настрой. Калі я малюю, пісаць, зразумела, не магу. Як гэта адбываецца? Вельмі паралельна. Мабыць, адно на другое не ўплывае аніяк, бо я сам не адчуваю гэтага ўплыву. Хіба толькі адзін фактар… Ён прадыктоўваецца мной самім: я вельмі патрабавальны да формы мастацкага твора. І ў вершах, ды не толькі ў вершах, я і прозу пішу, і дзве п’есы напісаў пакуль нерэалізаваныя. Але, паўтаруся, я вельмі патрабавальны, нават таталітарна патрабавальны да формы. І, натуральна, да зместу. Гэта нават не абмяркоўваецца. Форма, акрамя ўсяго, гэта і тое, як я чытаю сам, як даношу тэкст да слухачоў. І я павінен зрабіць тэкст такім, каб ён быў і мне лёгка чытэльным, і ўспрымаўся людзьмі на слых. Тое, што я ўжо не адзін раз збіраю вялікую залу філармоніі, раблю аншлагі — гэта факт. Летась 110 працэнтаў запоўнення залы. Зараз 100. Адразу пасля апошняга канцэрта я маю запрашэнне зрабіць выступленне ў Купалаўскім тэатры. Напэўна, будзе канцэрт у Маладзечна. Пра гэта ўжо ідзе размова. Мне гэта падабаецца. Прынамсі, тое выдатная магчымасць данесці сваё думкі адразу да вялікай грамады. Выстава, між іншым, не дае такіх магчымасцяў. Я ў Слуцку разы чатыры выступаў. Мяне запрашаюць канкрэтна, людзі рыхтуюцца да гэтага. І перакананы, што даю люзям тое, чаго ім не хапае. Прычым, заўважце, што гэта беларускія вершы, да якіх нібыта скептычнае, іранічнае стаўленне ў грамадстве. Мне здаецца, я знайшоў тую ноту, калі мяне слухаюць незалежна ад мовы. Дарэчы, у мяне былі выступленні ў Расіі. На беларускай мове. І гэта было вельмі цікава. Горад Сярдобск у Пензенскай вобласці, я быў там на пленэры. У Доме культуры гэтага райцэнтра зрабілі мой творчы вечар. І я чытаў беларускія вершы. Праўда, у мяне ёсць пераклады з рускіх класікаў. Чытаў арыгінал, а потым беларускую версію. Прымалі выдатна. Я рабіў творчы вечар у Елабуге, у бібліятэцы Марыны Цвятаевай. Таксама цудоўныя ўражанні ад цёплага прыёму. Вось здавалася б, людзі не ўсё разумеюць, але спрацоўвае мелодыя верша, мелодыка мовы, энергетыка. Найперш энергетыка — вось самае галоўнае, што ў вершы павінна быць. Сёлета я быў на фестывалі ў Стаўрапалі — тая самая песня. Я нават не чакаў… Не кажу ўжо пра Беласточчыну, дзе выступаў таксама. Ну там, зразумела, беларусы. Але і ў Славакіі я адчуваў паразуменне залы.

Словам, не ведаю, што для мяне важней — літаратура ці выяўленчае мастацтва. Гэта як высвятляць, якое з тваіх дзяцей табе даражэйшае. Усе!”

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"