Аднаўляюць “Эрмітаж”

№ 36 (854) 06.09.2008 - 12.09.2008 г

Невялікі гарадок Заслаўе на Міншчыне таксама прымаў у сябе Дзень беларускага пісьменства. Заслаўе з’яўляецца важным турыстычным пунктам: за мінулы год горад наведала каля сарака тысяч гасцей.

 /i/content/pi/cult/173/1665/Zaslavl.jpg

Дзякуючы старанням касцельнага Савета і асабліва — яго актыўнай удзельніцы Рамуальды Івуць хутка адчыняцца велічныя дзверы Касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Пабудаваны ён у канцы XVIII стагоддзя, але ў час вайны яго ўнутранае ўбранне было цалкам знішчана, і храм стаяў пусты да мінулага года. За 11 месяцаў касцёл адрамантавалі, а тэрыторыю вакол яго добраўпарадкавалі. Збіралі сродкі на яго аднаўленне ўсім горадам, адна жанчына нават прадала свой дом, каб зрабіць унёсак. Тут ужо стаіць арган, плануецца праводзіць канцэрты арганнай музыкі. Адкрыццё храма прыпала акурат на Дзень беларускага пісьменства.
А ў гісторыка-культурным музеі-заказніку “Заслаўе”, што аб’ядноўвае касцёл, гарадзішча, музей і яшчэ некалькі аб’ектаў культуры, праз некаторы час адбудзецца папаўненне: да яго далучыцца яшчэ адзін будынак, які быў узведзены ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзя. Цяпер гэта гарадскі Цэнтр дзіцячай творчасці, а раней памяшканне належала пану Антонію Тадэвушу Пшаздзецкаму, з’яўлялася часткай палаца-паркавага комплексу. Гэта быў так званы “Эрмітаж”, дзе размяшчалася карцінная галерэя. Захаваўся ён прыкладна на дзевяноста працэнтаў: франтоны, падмурак з чырвонай цэглы... Віталь Казлоў, намеснік дырэктара па навуковай працы музея-заказніка, паведаміў, што ў будынку плануецца размясціць прадметы побыту паноў Пшаздзецкіх, а таксама стварыць галерэю, у якой будуць экспанавацца сучасныя творы мастацтва.
Правядзенне ўсіх неабходных работ будзе ажыццяўляцца на працягу бліжэйшых пяці гадоў. Гэты помнік архітэктуры работнікі музея прапануюць для ўнясення ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, а пасля правядуць рэканструкцыю з улікам усіх аўтэнтычных асаблівасцей. Была створана цэлая серыя карцін, на якіх мы можам бачыць абліччы паноў. Гэтыя палотны таксама будуць знаходзіцца ў музеі.
А 30 жніўня ў Заслаўі адбыўся Дзень горада, з часу заснавання якога прайшло 1023 гады.

С.Ю.