Фестываль адзінства, сяброўства і згоды

№ 46 (1433) 15.11.2019 - 15.11.2019 г

Як паведаміла “К” дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Ірына Пазняк, 16 лістапада на базе Палаца культуры горада Маладзечна адбудзецца ХІІІ абласны фестываль нацыянальных культур, які збярэ прадстаўнікоў розных нацый і народнасцяў.

Усіх, хто шануе родную мову, захоўвае нацыянальныя традыцыі і звычаі, чакае сапраўднае свята — свята адзінства, сяброўства і згоды, таму што кожны з яго ўдзельнікаў сваім талентам, творчасцю ўзбагачае не толькі сваю самабытную культуру, але і ўвогуле культуру Беларусі. Каля 130 нацыянальнасцяў і народнасцяў мірна жывуць і працуюць на нашай роднай Міншчыне, і кожны такі фестываль — гэта сімвал міжнацыянальнай дружбы і міру, духоўнага багацця і яднання нацый.

Фестываль праводзіцца ў мэтах гарманізацыі міжнацыянальных адносін, папулярызацыі лепшых узораў паэтычнага, музычнага, харэаграфічнага, выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтваў нацыянальных супольнасцяў вобласці, даследавання і пераемнасці нацыянальных мастацкіх традыцый, умацавання творчых і дзелавых адносін паміж установамі культуры і грамадскімі культурна-асветніцкімі арганізацыямі нацыянальных супольнасцяў.

У свяце бяруць удзел майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, творчыя калектывы грамадскіх нацыянальных аб’яднанняў і індывідуальныя выканаўцы з розных рэгіёнаў Міншчыны. Сярод іх — удзельнікі культурна-асветніцкага аб’яднання ўкраінцаў “Краяны” (г. Маладзечна) і культурна-асветніцкага аб’яднання ўкраінцаў “Обрый” (Мінскі раён), удзельнікі Беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Ватра”, народнае аматарскае аб’яднанне прадстаўнікоў нацыянальных культур “Шматгалоссе” Пячынскага гарадскога Дома культуры Барысаўскага раёна, прадстаўнікі культурна-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі” з Нясвіжа, Стоўбцаў і Івянца, цыганскі ансамбль “Эльпіс” з Слуцка, асобныя выканаўцы армянскай, габрэйскай, азербайджанскай, узбекскай нацыянальнасцяў і іншыя. На фестываль запрошаны таксама старшыні грамадскіх нацыянальных аб’яднанняў.

Згодна з Палажэннем аб Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур на ім будзе прысутнічаць рэспубліканскае журы, якое правядзе адбор калектываў і выканаўцаў для ўдзелу ў заключных мерапрыемствах.

Для ўсіх удзельнікаў прадугледжаны дыпломы і каштоўныя падарункі.

У праграме фестывалю таксама будзе выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прагучыць канцэртная праграма “Скарбы нацый — спадчына зямлі”.