Рыхтуйцеся да конкурсаў!

№ 46 (1433) 15.11.2019 - 15.11.2019 г

Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь сумесна з дзяржаўнай установай “Цэнтр культуры “Віцебск” — Дырэкцыяй Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у “Віцебску”, аблвыканкамамі, Мінскім гарвыканкамам вядзецца актыўная работа па правядзенні адборачных тураў да XXIX Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск” і ХVIII Міжнароднаму дзіцячаму музычнаму конкурсу “Віцебск”.

З 2 снежня 2019 года пачнецца першы этап нацыянальнага адбору да міжнародных конкурсаў. Стартавай пляцоўкай рэгіянальных адборачных тураў стане горад Мінск. Працягнуць эстафету рэгіянальных тураў гарады: Гомель (5 снежня), Магілёў, Віцебск (6 снежня), Гродна (10 снежня) і Мінская вобласць (12 снежня). Завершыцца першы этап адборачных тураў 13 снежня ў Брэсцкай вобласці.

У адпаведнасці з умовамі конкурсу ў адборачным туры да дзіцячага музычнага конкурсу прымаюць удзел выканаўцы, якія з’яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў уключна на апошні дзень тэрміну правядзення фестывалю (прыблізна 7 ліпеня 2020 года), якія маюць вопыт канцэртных выступленняў, заявілі пра сябе сваімі поспехамі ў міжнародных або рэспубліканскіх музычных конкурсах і фестывалях.

У адборачным туры да конкурсу выканаўцаў эстраднай песні прымаюць удзел выканаўцы, якія з’яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, ва ўзросце ад 18 да 31 года ўключна на апошні дзень тэрміну правядзення фестывалю (прыблізна 7 ліпеня 2020 года), якія маюць вопыт канцэртных выступленняў, заявілі пра сябе сваімі поспехамі ў міжнародных або рэспубліканскіх музычных конкурсах і фестывалях.

Для ўдзелу ў конкурсных праслухоўваннях неабходна прадставіць па дзве кампазіцыі:

ўдзельнікам дзіцячага музычнага конкурсу:

эстрадную песню беларускага аўтара на беларускай мове;

эстрадную песню па выбары ўдзельніка, якая найбольш ярка адлюстроўвае яго выканальніцкае майстэрства і артыстычныя здольнасці;

удзельнікам конкурсу выканаўцаў эстраднай песні:

эстрадную песню кампазітара славянскай краіны на адной са славянскіх моў;

папулярную кампазіцыю на замежнай мове (“сусветны хіт”).

Па выніках рэгіянальных адбораў адбіраецца да пяці ўдзельнікаў ад кожнай вобласці і горада Мінска для ўдзелу ў другім этапе адборачных тураў.

З Інструкцыяй аб правядзенні адборачных тураў да Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск” і Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск” можна азнаёміцца тут: (http://www.kultura.by/by/konkursy-merapryemstvy/).