Тэрпсіхора-сучасніца ў старажытным Віцебску

№ 46 (1433) 15.11.2019 - 15.11.2019 г

18 — 23 лістапада ў Віцебску пройдзе ХХХІІ Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі — знакаміты IFMC. У цэнтры форуму апынецца нацыянальны конкурс лепшых пастановак і сусветная прэм’ера “поўнамаштабнага” балета “Вій”, прычым таксама з беларускім адценнем. Паставіў яго сусветна знакаміты Раду Паклітару — былы артыст нашай трупы, які больш за два дзесяцігоддзі таму скончыў нашу Акадэмію музыкі па класе харэаграфіі народнага артыста Беларусі і СССР Валянціна Елізар’ева. Цяпер ён узначальвае ўласны калектыў — “Кіеў Мадэрн-балет”, але рэгулярна паказвае ў нас свае новыя працы

/i/content/pi/cult/771/16642/01.JPGНа гэты раз будзе “Вій” паводле Мікалая Гогаля. Ці ж не цікава, якой атрымаецца балетная “страшылка”?

Але яшчэ больш цікава, ці стане сам Раду гэткім “віем” для канкурсантаў? Бо менавіта ён узначальвае журы, у склад якога ўваходзяць таксама народны артыст Беларусі, саліст і харэограф Канстанцін Кузняцоў, Анжаліка Холіна з Літвы, якая з’яўляецца харэографам-пастаноўшчыкам Акадэмічнага тэатра імя Яўгена Вахтангава і прывязе ў Віцебск сваю версію “Ганны Карэнінай”, а таксама Ніколь Сэйд — генеральны менеджар BALLET PRELJOCAJ з Францыі. Адначасова з журы будзе працаваць экспертны савет, які сёлета ўзначаліць балетазнаўца, крытык Святлана Уланоўская (Беларусь — Расія).

Хто ж пераможа ў конкурсе? Прадбачыць складана, бо сярод заяўленых удзельнікаў ёсць і ўжо вядомыя імёны і калектывы, і зусім незнаёмыя. Але інтрыга будзе трымацца да апошняга: лаўрэатаў назавуць толькі ў час урачыстага закрыцця.

Як заўжды, праграма фестывалю вельмі насычаная. Акрамя другога і трэцяга конкурсных тураў (першы праводзіўся арганізатарамі па дасланых запісах), а таксама двух згаданых вышэй спектакляў, IFMC — 2019 утрымлівае яшчэ некалькі гасцявых паказаў, не гаворачы ўжо аб выстаўках, майстар-класах, творчых сустрэчах. Сярод іншых спектакляў — бельгійскі танц-спектакль SWEAT BABY SWEAT, дзе, калі верыць яго апісанням, спляліся тэхнікі буто, ёгі, цыркавой акрабатыкі і рок-н-рола. Немагчыма прамінуць і аднаактовыя “Лабірынт”, “Чалавек паветра” Тэатра Яўгена Панфілава з Пярмі. А завершаць фестываль іспанцы, чый спектакль OSKARA быў прызнаны лепшым летась на Міжнародным форуме танца Tanzmesse — 2018 у Дзюсельдорфу.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"