Фальклор як антыдэпрэсант

№ 45 (1432) 09.11.2019 - 16.11.2019 г

Ці быць песням і танцам у неперспектыўнай вёсцы?
Буразь — вёска, якая як нельга лепш падыходзіць у якасці ілюстрацыі таго, што адбываецца ў тых месцах, дзе дэмаграфічная сітуацыя аптымізму зусім не выклікае, з сельскай культурай. Дзеяслоў “выжывае”, верагодна, найбольш дакладна характарызуе сітуацыю і з ёй, і з такімі населенымі пунктамі. Прачытаўшы ніжэйзгаданы матэрыял, напэўна, хтосьці назаве Буразь вёскай неперспектыўнай у плане свайго далейшага развіцця. Але мне вельмі хочацца верыць у тое, што яе жыхары ніколі не стануць гаварыць аб родным кутку і яго культуры “дажывае”…

/i/content/pi/cult/770/16637/017.JPGНавошта ансамблю баян?

Да таго, як у 2011-м стаць мастацкім кіраўніком народнага фальклорнага этнаграфічнага ансамбля “Лянок” Буразьскага сельскага клуба фальклору, Валянціна Дарошка пятнаццаць гадоў прапрацавала бібліятэкарам у гэтай вёсцы. Некалькі гадоў таму бібліятэку аптымізавалі, і цяпер у Буразі існуе ўсяго адна ўстанова культуры, аб дзейнасці якой у дзень майго знаходжання ў дадзеным населеным пункце мне і распавяла Валянціна Віктараўна. Зрэшты, гутарылі мы з ёй і аб культурным жыцці вёскі наогул.

— Жыхары Буразі да самага канца спадзяваліся, што бібліятэку не закрыюць, — кажа спадарыня Дарошка. — Дзякуй Богу, без літаратуры мы не засталіся — раз на месяц да нас прыязджае бібліёбус. Аб тым, калі ён пад’едзе да клуба, апавяшчаюць людзей, і яны прыходзяць за кнігамі, часопісамі. Праўда, такіх маіх аднавяскоўцаў не шмат. А прывозяць і новыя творы, і свежыя нумары. Так што ад літаратурных працэсаў не адстаем!

Свой калектыў яго кіраўнік выклікае на рэпетыцыі двойчы на тыдзень, у клубе яна вядзе і народныя бытавыя танцы. І працягвае выпытваць у землякоў пра тое, якія легенды, паданні, што маюць дачыненне да беларускай культуры і гісторыі, жывуць у іх сем’ях, каб потым выкарыстоўваць вусныя артэфакты ў пастаноўках ансамбля. Раз у сямідзёнку ў СКФ збіраецца дзіцячы гурток дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Умелыя рукі”, дзе плятуць з газетных трубачак кошыкі, вазы, займаюцца макрамэ, вышыўкай.

— Школы ў нас няма ўжо даўным-даўно, ліквідавалі яе аж у савецкі час, — інфармуе Валянціна Віктараўна. — Сёння ў Буразі жыве каля ста чалавек, з іх школьнага ўзросту — шасцёра, якія вучацца ў шостых — сёмых класах у вёсцы Запясочча, куды на вучобу іх адвозіць аўтобус. Яны і наведваюць гурток ДПМ.

Зразумела, спадарыня Валянціна задумваецца аб тым, што чакае клуб, фарміраванні далей, ці з’явяцца новыя асобы менавіта ў “Лянку”. Сын адной з артыстак ансамбля зараз спасцігае азы народнай творчасці ў каледжы мастацтваў, ён часам удзельнічае ў канцэртах калектыву. Але хто яшчэ ў выпадку патрэбы можа ўвайсці ў яго склад?

/i/content/pi/cult/770/16637/018.JPG— Ужо і не ведаю, — уздыхае мастацкі кіраўнік. — Пакуль мы жывем, будзем старацца захаваць і ансамбль. Трымае нас і на гэтым свеце, і ў мастацтве тое, што наш фальклор патрэбен людзям. Калектыў шмат ездзіць па раёне, гастралюючы па вёсках, яго запрашаюць на ўсякія конкурсы, фестывалі.

З часам у ходзе такіх падарожжаў штосьці прыходзіць у непрыдатнасць. Так, баян, якому “сто гадоў у абед”, сабраны з трох і патрабуе замены. З нагоды жа сцэнічных касцюмаў і ботаў у “Лянку” — разнагалосіца: адны ўдзельнікі ансамбля мяркуюць, што і яны маюць патрэбу ў абнаўленні, другіх цяперашнія задавальняюць. “Быццам бы, аб “дробязях” вам кажам, — дзеляцца са мной артысты. — Але калі як ні ў Год малой радзімы падымаць і такія пытанні?” Ну, а на погляд наляцелага ў СДФ карэспандэнта “К”, не лішнім, па меншай меры, унутраным пакоям установы быў бы і рамонт.

Нягледзячы на зразумелыя праблемы, у святы вялікія і малыя сама Буразь без аўтэнтычных песень і скокаў, натуральна, не застаецца. Пералічваючы тыя мерапрыемствы, якія выплюхваюцца на яе вуліцы, Валянціна Віктараўна асобна згадвае Дзень вёскі з яго Траецкім абрадам і Траецкімі ігрышчамі, калі на іх з’язджаюцца іншыя фальклорныя калектывы раёна.

Сумная арыфметыка

Сваім меркаваннем аб мясцовай культуры падзялілася і Марыя Сапановіч, што нарадзілася ў вёсцы Чарнічы, а ў Буразі жыве ўжо пяцьдзясят гадоў. “Цяпер у нас пяцьдзясят шэсць гаспадарак, а калі я сюды пераехала, выйшаўшы замуж, было сто дзесяць, — успамінае яна. — Палова людзей, якія пражываюць у вёсцы, — адзінокія, іх дзеці раз’ехаліся па гарадах. З жыўнасці тут засталіся ўсяго дзве каровы і пара коней. Калісьці працавала бібліятэка, зараз яе няма. Добра, клуб на месцы, а так бы мы зусім засумавалі, у дэпрэсію запалі. Улетку, вядома, весялей, калі ўнукі з праўнукамі наведваюць. Дарэчы, успомніла! Ёсць і “вяртанцы” — з Мазыра, Мінска — яны абнаўляюць хаты бабуль і дзядуляў. З Масквы быў адзін, бабуліну хату адрадзіў”.

Мая суразмоўніца з тых жыхароў Буразі, што з нецярпеннем чакаюць прыбыцця ў яе бібліёбуса. Не так даўно ён дастаўляў замоўлены ёй раман Міхаіла Шолахава “Ціхі Дон”, які яна любіць перачытваць.

— З перасоўнага фельчарска-акушэрскага пункта таксама нядаўна заязджалі, усім састарэлым вакцыну супраць грыпу ўвялі, — паведамляе спадарыня Сапановіч. — А бібліятэка ў мяне самой нядрэнная, магу як бібліёбус працаваць, — забяспечваць кнігамі паўвёскі!

Каментарый Марыі САПАНОВІЧ:

— У клуб мы — людзі пажылыя — цяпер рэдка ходзім. Аднак не было б “Лянка”, наогул дома сядзелі б, косткі грэлі. А, дачуўшыся пра канцэрт, з сіламі збярэшся, сяброўцы ў акно стукнеш і кавыляеш. Усе канцэрты ансамбля — не толькі па вялікіх датах, — святы для жыхароў Буразі. Дзякуй раённым і абласным уладам, якія нас не забываюць: вось гэтай восенню прыязджалі ансамблі з Лельчыцкага раёна — жывём мы небагата, але па два рублі аддалі за выступы і не пашкадавалі, падзеі гэта былі для вёскі. Шчыра кажучы, увагі хацелася б пабольш. У Дзень пажылых людзей можна ж было б патэлефанаваць, справіцца, як мы жывём? А я, нягледзячы на тое, што перасоўваюся з цяжкасцю, прайшлася па вёсцы з дзяўчатамі з ансамбля, пабачылася з многімі, пацікавілася іх здароўем. Дарогу нам трэба было б заасфальтаваць, а, калі няма такой магчымасці, то жвірам бы яе прысыпалі, ці што…

І стан дарог — паказчык таго, наколькі ўсё добра ці не вельмі з культурай у той ці іншай краіне. Іх у нас будуецца — і выдатных — нямала. Проста не ўсім з імі адразу шанцуе. Напэўна, хутка дойдуць рукі і да Буразі. Жыхарам жа яе пашанцавала з культурным жыццём — яно там па-ранейшаму ёсць, у адрозненне ад вёсак, насельніцтва якіх зменшылася да такой ступені, што ўтрымліваць у іх адпаведныя ўстановы аднойчы для дзяржавы стала справай накладнай. Аднак, думаецца мне, у гэтым кантэксце лёсавызначальныя часы для дадзенага населенага пункта яшчэ наперадзе. А верыць, натуральна, хочацца ў лепшае.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"