Шаснаццаты “Арт-Жыжаль”

№ 45 (1432) 09.11.2019 - 16.11.2019 г

У Цэнтры сучасных мастацтваў, пляцоўка на Някрасава, працуе выніковая выстава XVI Міжнароднага пленэру па кераміцы “Арт-Жыжаль”. Пленэр праходзіў з 17 ліпеня па 6 жніўня і сабраў 21 мастака. Традыцыйна ў сумеснай творчай працы акрамя беларусаў бяруць удзел прафесіяналы з Расіі, Літвы, Малдовы, шэрагу краін “далёкага замежжа”, у асноўным еўрапейскага. Так было і гэтым разам. Але сёлета спіс удзельнікаў папоўніўся прадстаўнікамі такіх экзатычных на беларускае вока краін як Бразілія і Егіпет.

/i/content/pi/cult/770/16635/014.JPGМне даводзілася бываць на “Арт-Жыжалі”, мець працяглыя гутаркі з яго нязменным кіраўніком Валерыем Калтыгіным. Таму, будучы ў тэме і ўяўляючы праблемы, з якімі штогод сутыкаюцца арганізатары і ўдзельнікі пленэру, я часам здзіўляюся той акалічнасці, што пленэр увогуле жыве. Бо праект гэта не бізнесовы — ніхто на “Арт-Жыжалі” не разбагацеў, але іміджавы. Дзякуючы пленэру, Бабруйск ведаюць далёка за межамі Беларусі. Праўда, гэта вядомасць збольшага ў межах мастакоўскіх асяродкаў. Але ў любым выпадку чыннік станоўчага вобраза горада, рэгіёна ды, бадай, і ўсёй краіны.

Вось і зараз спадар Валерый адзначаў, што сёлетні пленэр мае станоўчы вынік, нягледзячы на нязручнае для працы надвор’е і пэўнае гаспадарчае бязладдзе. Але былі на пленэры і надзвычай прыемныя падзеі. Сярод іх тое, што значна ўзбагацілася тэхналагічная база “Арт-Жыжалю”. Была пабудавана хай сабе і невялікая, але высокатэмпературная печ для хуткага абпалу на 1250 градусаў па Цэльсію, нават і вышэй. Упершыню ў гісторыі беларускай керамікі было зроблена некалькі пробных і, дарэчы, удалых “саляна-содавых” абпалаў. І гэта толькі пачатак. Наступныя пленэры абацяюць пошукі з больш прагназаванымі вынікамі.

/i/content/pi/cult/770/16635/015.JPGАднак для мяне больш цікава тое, што пленэр застаецца творчай лабараторыяй. Здаецца, усё ўжо было на “Арт-Жыжалі” — і праца ў розных тэматычных напрамках, што больш уласціва скульптурнай пластыцы; і эксперыменты з формамі і фактурамі; і спалучэнне ў адзіным кантэксце розных нацыянальных традыцый і культурных уласцівасцяў; філасафізм і іранічнасць, арыентацыя на грамадскія каштоўнасці і мастакоўскі суб’ектывізм. Што яшчэ можна прыдумаць? І тым не менш кожны чарговы “Арт-Жыжаль” не падобны на папярэдні.

Гэтым разам мне запомніліся творы балгарскіх мастакоў. У прыватнасці, перавод у аб’ёмную кераміку ландшафтнай выявы Маргарыты Іванавай. Вонкава простыя, але шматсэнсоўныя работы мастака з Турцыі Фірдэўс Гёкбела. Эфектная інтэрпрэтацыя прыродных форм бразільскай мастачкай Вівіян Дзіль. Шырокая тэматычная і стылёвая разбежка ў мастакоў з Расіі — ад фальклорных вобразаў да абстракцый на аснове прыродных форм. Для беларусаў на гэтым пленэры характэрнымі падаюцца два напрамкі — геаметрычны абстракцыянізм, як узор — работы Яўгена Чаўдара, і апавядальнасць з настальгічнымі ноткамі — Валерый Калтыгін, Максім Калтыгін.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"