“Гараж” з гламурам

№ 45 (1432) 09.11.2019 - 16.11.2019 г

У Маладзёжным тэатры эстрады прэзентавалі “Гараж” — праект, які будзе вяртаць форму існавання “гаражнага рока” і будавацца на творчых сустрэчах з артыстамі розных эстрадных плыняў.

/i/content/pi/cult/770/16632/011.JPGМастацкі кіраўнік тэатра Улада Арцюкоўская выношвала гэту ідэю даўно, выказвала яе адразу пасля прызначэння на пасаду (гл. “К” № 8 за 2019 г.). Нарэшце, здзейснілася!

Вядучы — знакаміты Дзядзька Ваня. У ролі гаспадароў — гурт “Бандыты” (між іншым, леташнія пераможцы Нацыянальнай прэміі ў галіне кавер-музыкі). Першымі гасцямі, што завіталі “на аганёк” і кубачак кавы, сталі Жанэт, Шыр, Вольга Плотнікава, Аляксандр Сухараў, гурт “Правакацыя”, Вера Палякова. Чаго яшчэ жадаць? Вядома, далейшага развіцця. Ды толькі ў які бок?

Праект папраўдзе вельмі цікавы і перспектыўны. Ён можа не проста ўпрыгожыць афішу, але і змяніць само аблічча тэатра, а галоўнае — яго публіку, зрабіць яе больш маладзёжнай. На тое скіраваны і забаўляльна-інтэлектуальны складнік — гульні з гасцямі. Невыпадкова адной з іх стала “расшыфроўка”-пераклад шматлікіх слоў з маладзёжнага слэнгу, якія з гумарам ды задорам імкнуліся вывучыць-запомніць гледачы ўсіх узростаў.

Цікавымі былі самі размовы з гасцямі, складзеныя так, каб як мага больш рознабакова прадставіць вядомых артыстаў: запытацца пра іх сем’і, хобі, іншыя жыццёвыя “фішкі”. Іншымі словамі, “першы блін” выйшаў ну ніяк не камяком — наадварот, надзіва пышным ды румяным. І ўсё б добра, ды, на мой погляд, у цяперашнім сваім выглядзе гэтае шоу захрасла дзесьці пасярэдзіне — між двума разнымі па сваёй сутнасці фарматамі тэлевізійнага і тэатральна-канцэртнага праектаў.

Арганізатары не ўтойвалі, што арыентаваліся на “папулярныя ва ўсім свеце” Late night show, прапісаўшы гэта нават у анатацыях. Але калі мы глядзім тэлепраграмы накшталт таго ж “Вячэрняга Урганта”, дык ніколі не адчуваем сябе “прыцягнутымі” да экрана цалкам: тэлеэфір заўжды бывае разлічаны на тое, што чалавек можа паралельна займацца сваімі справамі і раз-пораз адным вокам паглядаць на разгортванне дзеі. Тэатр жа патрабуе куды больш шчыльнага далучэння да кожнай дэталі, не дае падстаў адхіляцца ад сцэнічнага дзеяння. Калі ж тое будуецца па тэлевізійным прынцыпе, а глядач сядзіць не за вячэрай на кухні, а ў тэатральным крэсле, дык нядоўга і засумаваць, бо падобныя нязмушаныя сустрэчы-размовы не прадугледжваюць шалёнага тэмпарытму, а выпраменьваюць спакой і лёгкае разняволенне.

Яшчэ адной нестасоўкай уявілася сцэнаграфічнае аблічча “Гаража”. Мяркуючы па анонсах, планавалася стварыць атмасферу сапраўднага гаража, хай і стылізаванага. Што ж, мэблю стварылі з паддонаў — праўда, чамусьці бялюткіх, як першы снег. І якую мэблю! Вядучы ўвесь вечар стаіць за чымсьці накшталт кафедры. Дый навокал усё ззяе белым, бы ў навагодні ранішнік. І гэта гараж? Хутчэй, наіўна-рамантызаванае ўяўленне пра яго.

Разгарнуўшы такі праект, тэатр у чымсьці стаў заложнікам свайго памяшкання. Бо атмасферу гаража, да якой імкнуліся аўтары, можна без цяжкасці стварыць на адпаведнай сцэнічнай пляцоўцы — у тым жа Оk16 ці якім іншым завадскім ангары з яго натуральным інтэр’ерам у стылі лофт. Дый рампа там не замінала б.

Вар’іравацца можа і начынне, прычым не толькі ў сэнсе змены гасцей. Ці ж не цікава было б сачыць за рэпетыцыйным працэсам, калі перад намі нараджалася б новая музыка? Імітацыя такіх “рэпетыцый” магла б суправаджацца не толькі зрэжысіраваным “высвятленнем адносін” між музыкантамі, што мае відавочнае забаўляльнае адценне, але і незаўважна пададзеным адукацыйным складнікам. А галоўнае — папулярызаваць маладых музыкантаў, знаёмячы з іх творчай “кухняй”.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"