Арыгінальная ідэя, што не мае цаны

№ 45 (1432) 09.11.2019 - 16.11.2019 г

Мемарыяльна-эксперыментальны, адзіны на краіну
Музей па традыцыі лічыцца месцам ціхім, спакойным і падчас нават сумным — хто са школьных гадоў не памятае абавязковыя “паходы ў музей”! Ды й у дарослым узросце далёка не кожны імкнецца туды патрапіць, асабліва калі гэта не Парыж з Барселонай, а родны горад ці мястэчка. Але ў беларускай сталіцы ёсць музей, які абвяргае стэрэатыпы і які ніяк не назавеш сумным.

/i/content/pi/cult/770/16631/09.JPGПа-першае, дзякуючы самой экспазіцыі — а яна ўражвае і нават захапляе: у адной вялізнай зале сабраныя тры сотні скульптур — ад невялічкіх да самых грандыёзных; Ленін і Сталін там суседнічаюць з Якубам Коласам і Янкам Купалам, а героі вайны дзеляць адну прастору са славутымі акцёрамі і спевакамі. Усё гэта работы легендарнага беларускага скульптара Заіра Азгура ў яго Мемарыяльным музеі-майстэрні, “музеі эпохі”. А па-другое, менавіта гэты ўтульны будынак, размешчаны на мінскай вуліцы Азгура, з некаторага часу стаў цэнтрам самых розных мастацтваў — актуальных, элітарных, эксперыментальных. У ім штовечар збіраюцца то аматары музыкі, то аматары кіно ці тэатра, там праходзіць то фестываль перформансаў, то дзіўны флэшмоб ці што яшчэ: усе акцыі, падчас вельмі нечаканыя, немагчыма і пералічыць. І цяпер гэта сапраўды цэнтр прыцягнення для ўсіх творчых людзей Мінска, ды й не толькі. Так хацеў калісьці і сам Заір Ісакавіч, хацеў, каб у яго майстэрні па-ранейшаму былі людзі, былі спрэчкі пра мастацтва — было само жыццё.

Дарэчы, сёлета спаўняецца дзесяць гадоў, як Музей-майстэрня пачаў ператварацца ў нешта новае. Пачаў і працягвае пад дырэктарствам Аксаны Багданавай. Яна не стамляецца паўтараць, што ўсе супрацоўнікі музея — адна каманда выдатных прафесіяналаў і энтузіястаў сваёй справы, што ў іх калектыў аднадумцаў, поўных творчымі ідэямі. Але ж і дырэктар годны для такой каманды — натхнёны, энергічны, закаханы ў мастацтва і сваю работу, здольны, здаецца, любога падахвоціць на творчы парыў. І герой нашай рубрыкі “Prof-партфоліа” — Аксана Багданава, дырэктар Мемарыяльнага музея-майстэрні З.І. Азгура. Паспрабуем разабрацца і нават атрымаць параду, як невялічкі сціплы музейчык ператварыць у крэатыўны, папулярны і прывабны для самых розных людзей.

— У вашай установе жыццё бруяе — бывае шумна, шматлюдна, весела. І няма месца суму, з чым часта асацыіруюцца музеі.

/i/content/pi/cult/770/16631/010.JPG— Чаму такія асацыяцыі, патлумачыць лёгка. Бо музей — даволі кансерватыўная інстытуцыя, закліканая ў першую чаргу захоўваць нейкі скарб у першатворным выглядзе. У музея Азгура таксама былі ўсе перадумовы стаць менавіта сумным, бо ён акрамя ўсяго мемарыяльны — а само гэтае слова асацыіруецца з элементамі смутку. І тут важна абраць правільную канцэпцыю. Мы прапанавалі наступны падыход: не быць у жалобе ад таго, што Заір Азгур памёр, а быць шчаслівымі ад таго, што Беларусь мела такога выдатнага мастака. Зрушылі акцэнты і атрымалі зусім іншую інтанацыю. А яшчэ адно ключавое слова ў нашай назве — “майстэрня”, бо музей быў створаны на базе творчай майстэрні Акадэміі мастацтваў СССР. І гэтае слова нам дае фантастычны імпульс, бо майстэрня гэта заўсёды працэс, дынаміка — гэта жыццё!

— У сэнсе, наведнік рэальна можа нешта стварыць сам?

 — Безумоўна. Можна прыйсці ў адасабленні пазнаёміцца з экспазіцыяй ці натхніцца якой выстаўкай. З’явіліся пытанні і думкі — калі ласка, мы прапануем вам дыскусійнае поле. Вы не візуал, а больш любіце слухаць — то і гэта знойдзецца, мы працуем і са словам. Не кажучы пра тое, што ў нас сапраўды можна нешта ствараць сваімі рукамі, — ладзяцца майстар-класы і да таго падобнае. У сэнсе, наведніку музея мы даем цэлы спектр, цэлую палітру падзей, каб самым розным людзям хацелася да нас прыходзіць. І гэта наша прынцыповая пазіцыя. Мы ў музеі ад самага пачатку не хацелі марнаваць свой час і рэсурсы на нейкія “галачныя” праекты, а хацелі самі атрымліваць задавальненне ад працы і прыносіць карысць людзям. І мы прыдумалі, як гэта зрабіць.

Сто разоў не сумная прафесія

— У нашай краіне многа не самых вялікіх, несталічных музеяў: краязнаўчыя, музеі побыту — самыя розныя. Можаце даць ім параду на сваім прыкладзе, як прывабіць людзей, як стаць цэнтрам культуры?

— Безумоўна. Трэба палюбіць свой музейны прадмет, каб табе самому працаваць з ім было ў задавальненне. А калі музейшчыку нясумна, то і гледачу не будзе. І музейшчык ніколі не павінны думаць, што ён маленькі чалавек у маленькім месцы — гэта глупства! Асабліва ў XXI стагоддзі — няма маленькіх людзей і месцаў. Вялікі ці маленькі — не параметры памеру ці адлегласці ад сталіцы, гэта параметры мыслення, кантэнту. Паглядзі на тое, чым валодаеш, і падумай, што можаш з гэтым зрабіць канцэптуальна. Ва ўсім важна менавіта асоба музейшчыка — яна павінна быць маштабнай. Гэты чалавек мусіць цікавіцца ўсім — чытаць, глядзець, слухаць. Тады ў яго будуць нараджацца ідэі і ён створыць са свайго музея крэатыўны праект. Гэта вельмі творчая прафесія, сто разоў не сумная. Нават дзвесце!

Трагедыя і шчасце дырэктара

 — А як вы прыйшлі да дырэктарства — у пэўным сэнсе адміністрацыйнай працы? З вашым узнёслым захапленнем мастацтвам і мастакамі, жаданнем увесь час прыдумваць нешта незвычайнае і перадавое — як удалося перайсці на новыя рэйкі?

— Сапраўды, у нейкі момант было нават адчуванне трагедыі. На самым пачатку я ж увогуле не мела ніякага дачынення ні да скульптуры, ні да Заіра Азгура — працавала ў Мастацкім музеі ў аддзеле захоўвання і займалася тыражнай графікай. Калі нарадзіла сыночка, то нават і забылася пра мастацкі свет. А потым у мяне было пякуча вострае жаданне паспрабаваць сябе ў нечым новым, кудысьці скіраваць свае прафесійныя веды. І вось Ірына Мікалаеўна Паньшына — абсалютна бліскучы музейшчык — прапанавала мне пайсці у новы філіял. Так я сюды і трапіла, простым супрацоўнікам, дзе мы з калегамі атрымалі ў рукі цэлы свет. Цудоўны загадчык Анастасія Пятровіч дала нам карт-бланш для прафесійнай самарэалізацыі, кожны працаваў над сваёй тэмай. І чатыры гады я правяла ў ціхім навуковым шчасці ў гэтым мілым, амаль кішэнным музейчыку, пра які тады і мала хто ведаў. А ў 2004 годзе музей стаў муніцыпальным. Мяне прызначылі дырэктарам.

— Вам давялося сябе ламаць? Што менавіта падалося такім складаным у кіраванні музеем?

— Філіял — гэта спакойнае месца, у якім непрыкметна можна пражыць вечна. Іншая справа — асобны музей, а ты яго дырэктар. Для мяне гэта стала трагедыяй, таму што я ж мастацтвазнаўца і займацца вывучэннем мастацтва для мяне было шчасцем! А тут — іншае: розныя паперкі, грошы, зусім новая ступень адказнасці — за музей, за людзей, што ў ім працуюць, і за ўсё на свеце. Тым больш, што першыя чатыры гады ішоў капрамонт, і я была вымушана атрымаць новую “будаўнічую прафесію”. З таго часу, дарэчы, я моцна перагледзела сваё стаўленне да людзей, якія валодаюць уладай: пачала лепей іх разумець.

Мне было цяжка прыстасавацца жыць з гэтай новай адказнасцю за ўсё і ўсіх, такі стан практычна несумяшчальны з маёй прыродай. З таго часу я прайшла доўгі і бязлітасны шлях навучання — у першую чаргу кампрамісам і самаарганізацыі, і ў выніку здолела сябе пераканаць — што раней, маўляў, у мяне была прафесійная рэалізацыя ў візуальным мастацтве, а цяпер я рэалізуюся ў цэлым комплексе, у якім не толькі творчыя складнікі, але і адміністрацыйныя, фінансавыя і гэтак далей. Што цяпер я ствараю не адну навуковую працу, а вялікі творчы праект, які называецца Музеем Азгура.

Музей-трансформер

— З чаго пачаў фарміравацца той “новы” музей Азгура, які мы сёння ведаем, як пачыналіся змены?

— Быў 2009 год, рамонт скончыўся, і што рабіць далей, мы не вельмі разумелі. Экскурсіі — канешне, навукова-даследчыцкая дзейнасць — таксама навідавоку. А што яшчэ прыдумаць, якія падзеі зладзіць, як пачаць насычанае і цікавае жыццё для новага муніцыпальнага музея? Знайсці сябе нам вельмі дапамагла наша мясцовая ўлада, калі ў нейкі момант спытала — а што ў вас будзе адбывацца ў дзень, прысвечаны людзям з абмежаванымі магчымасцямі? Мы селі думаць і адразу зразумелі, што паставіцца фармальна да падобнай справы не можам. І пайшлі ў школу, дзе навучаюцца дзеткі з праблемамі слыху, у іх мастацкую студыю: убачылі іншыя фарбы ў жыцці, расчуліліся, прасякнуліся, захапіліся дзіцячай творчай энергіяй. Нават не буду хаваць — вярталіся ў музей не на транспарце, а пешшу, бо рыдалі ад таго, што свет такі несправядлівы. Вырашылі, што для гэтых дзетак мы хочам зрабіць усё — на дзень аддадзім ім увесь музей! Калі ёсць праблемы са слыхам — будзе акцэнт на тым візуальным, што зробіць іх шчаслівымі. Так з’явіўся Тэатр жывога дзейства — пластыка, так з’явіліся скульптары, якія прывезлі да нас свае няскончаныя працы і насамрэч над імі працавалі на вачах дзяцей. Потым пачаўся наш любімы акт калектыўнай творчасці — мы далі матэрыялы, інструменты. Знайшліся прадпрыемствы-спонсары, якія тут выпякалі блінчыкі, частавалі слодычамі…

Мы хоць і моцна-моцна стаміліся, але яшчэ месяц хадзілі са шчаслівымі ўсмешкамі на твары. Так у нас з’явіліся правільныя ідэі, першыя творчыя партнёры. Першая акцыя потым вылілася ў цэлы сацыяльны праект “Адкрытае мастацтва”. Такім чынам, мы зразумелі, што музею патрэбныя людзі, якія могуць прынесці да нас свой талент, а мы патрэбныя ім. І неўзабаве яны пачалі з’яўляцца — тыя, з кім мы супалі па духу, імпэту і па імкненні да стварэння чагосьці новага і цікавага. Так і пачало фарміравацца нашае фантастычнае калямузейнае асяроддзе. Дарэчы, творцы прыходзілі і прыходзяць сюды не толькі з ідэямі, але і са сваімі асабістымі праблемамі, са сваім шчасцем і горам, музейныя дзверы ніколі не зачыняюцца.

— Я так разумею, тады пра “трагедыю” вы ўжо забыліся?

— Калі ў нас усё закруцілася, я ізноў адчула шчасце, проста жывёльнае шчасце. Творцы дзякавалі музею, што мы іх пусцілі, што развіваем іх праекты і да таго падобнае. А мы не разумелі, за што нам дзякуюць, — бо мы ж атрымліваем ад гэтага задавальненне.

— Мне здаецца, што з пэўнага часу пра музей пачалі даведвацца хутчэй не праз асобу славутага скульптара, а праз вашы праекты і імпрэзы.

— У нейкі момант мы задумаліся аб тым, што нам трэба асэнсаваць, што адбываецца, фармалізаваць і знайсці “абстракцыю” — і ў нас з’явілася ідэя музея-трансформера. Бо ўдзень мы падобныя на цалкам акадэмічную музейную пляцоўку — экскурсіі і ўсё такое. А бліжэй да вечара тут пачынаецца рух — і не абавязкова ў літаральным фізічным сэнсе: пачынаецца рух думак, ідэй, эмоцый, ідзе ўзаемаабмен, узаемадзеянне. Мадэль музея-трансформера сфармуліравалі так: у нас дзве платформы — мемарыяльная і эксперыментальная. Ідэалу ў іх суіснаванні мы яшчэ не дасягнулі, але імкнемся да яго. Кожны год, напрыклад, пачынаем з таго, што звяраемся — чым зараз музей з’яўляецца, дзе знаходзіцца, ці трэба нам змяняць нейкія вектары? Дайшлі ўжо і да таго, што неўзабаве будзем гатовыя заявіць аб адукацыйнай платформе на базе нашага музея ў галіне выяўленчага мастацтва — Azgur school.

З нябёсаў на зямлю

— Давайце з творчых нябёсаў вернемся на рэальную зямлю. Як і ва ўсіх, у музея Азгура ёсць нейкія фармальныя абавязкі — выконваць, напрыклад, планы платных паслуг, рыхтаваць мерапрыемствы да розных дат і падзей, пісаць справаздачы, і многае іншае, далёкае ад мастацтва і творчасці. Як вам удаецца існаваць у такой рэальнасці?

— Расказваю. Мы зрабілі важнае адкрыццё — калі ты не ідзеш без розуму за нейкімі каляндарнымі датамі, не працуеш для галачкі і справаздач, а ствараеш шчыры, сумленны і творчы прадукт, з ім ты абавязкова патрапіш у неабходную праграму — “Спадчына”, “Культура”, “Моладзь” і гэтак далей. Калі мы ў гэтым упэўніліся, то рэальна выдахнулі. Галоўнае — стварыць нешта каштоўнае.

Яшчэ адзін момант — у нас, канешне, ёсць свае прагнозныя паказчыкі і да таго падобнае. Мы разумеем, што гэта дзяржаўная ўстанова, што яна даціруецца і таму мае абавязак прытрымлівацца нейкіх стандартаў. А ўсё астатняе — гэта шлях кампрамісаў. Па першым часе наша кіраўніцтва — мясцовая ўлада — задавала цалкам рэзонныя пытанні “а што гэта і навошта?” І мы абаранялі свае праекты, і самі лепей пачыналі іх разумець. А потым ужо з’явіўся элемент даверу. Акрамя таго, музей выконвае ўсе планы, прагрэсіруе. І зараз мы вельмі ўдзячныя ўпраўленню культуры Мінгарвыканкама за супрацоўніцтва, у апошнія гады чатыры яны з задавальненнем пазіцыянуюць нас як музей з альтэрнатыўнай праграмай, з эксперыментальным рухам. Як мы кажам — мемарыяльна-эксперыментальны. І для нас гэта вялікае шчасце і дасягненне, што мы супадаем з кіраўніцтвам. Больш за тое, цяпер у нас ужо агульная мара — стварэнне самастойнага Цэнтра беларускай скульптуры. Умоўная назва пакуль “Азгур-мадэрн”, пасля распрацоўкі канцэпцыі плануем выйсці на больш шырокія плошчы і прасторы.

— Будзеце засвойваць новую пляцоўку? Бо за сцены гэтага будынка па вуліцы Азгура вы ўжо неаднойчы выходзілі са сваімі акцыямі.

— Канешне. Калі ёсць ідэя, калі ёсць канцэпцыя, то не праблема засвоіць любую прастору. Мы ладзім оўпэн-эйры, былі ў нас праекты і на Ратушнай плошчы, і на плошчы Якуба Коласа — сёлета мы сталі партнёрамі гучнай падзеі “Мастак і горад” з выстаўкай твораў нашых любімых мастакоў Зоі Літвінавай і Зоі Луцэвіч. Можна згадаць, і калі на Ноч музеяў усіх запрасілі на лядовую арэну ў Парку Горкага — гэта было чароўна: катацца на катку ў суправаджэнні жывога сімфанічнага аркестра, слухаць прэм’еру оперы-буф вялікага сябра нашага музея кампазітара Вольгі Падгайскай — таксама ў жывым выкананні, і гэтак далей. Мы былі шчаслівыя, што гэта здзейснілі.

Арыгінальная ідэя бясцэнна

— Вакол музея вы гуртуеце не самыя масавыя жанры, якія часта можна назваць нават элітарнымі і нецікавымі так званай шырокай публіцы. Ці атрымліваецца ўсё ж развіваць гэты рух, пашыраць, рабіць мерапрыемствы больш масавымі?

 — Многія нашы праекты стала развіваюцца, але з кожным днём расце і колькасць саміх праектаў, расце ахоп жанраў і відаў мастацтва. З нашых стартапаў даўно выраслі сапраўдныя фестывалі — імправізацыйнай музыкі, электроннай, джазавай. І кінафестывалі, і тэатральныя, і перформанс-фэсты, прычым з выхадам на міжнародную арэну — усё гэта ў нас ужо ёсць, а будзе яшчэ болей. Мы даем творчую прастору людзям, якім неабходна рэалізацыя. І выдатна, што мы менавіта дзяржаўная ўстанова і такім чынам дапагаем дзяржаве. Бо краіна павінна развіваць розныя напрамкі мастацтва, а мы бачым гэтыя лакуны, гэтыя белыя плямы — і закрываем іх, наколькі нам па сілах.

— Ці можна музей Азгура параўнаць з якім іншым у нашай краіне?

— Бадай што ў Беларусі такая досыць радыкальная “мемарыяльна-эксперыментальная” гісторыя адзіная. Ды й дзякуй Богу! Не павінны ўсе мемарыяльныя музеі быць аднолькавымі: у кожнага свая канцэпцыя, свая стратэгія. І мы бязмерна паважліва ставімся і да музеяў Якуба Коласа і Янкі Купалы, з вялікімі піетэтам да Музея Петруся Броўкі і Літаратурнага музея. Наша асаблівасць, што мы музей-майстэрня і таму можам дазволіць сабе болей. Датычна больш шырокага, небеларускага свету — канешне, шмат дзе ёсць тэндэнцыя не абмяжоўвацца толькі захаваннем экспанатаў, і можна прывесці мноства прыкладаў стварэння вельмі цікавых захапляльных канцэпцый. Але не трэба кагосьці капіраваць — трэба прыдумаць і пражываць сваю асабістую гісторыю. Галоўнае — не спаць на музейных скарбах, не лічыць, што гэта ўсё, на што ты здатны. Зараз жа такі час, калі фінансавы рэсурс справа нават не другая — трэцяя! А першая — арыгінальная ідэя, якая бясцэнна.