Прыстасоўваючыся да патрэб часу

№ 45 (1432) 09.11.2019 - 16.11.2019 г

Злабадзённыя плакаты мінулай эпохі
Прапаганда для Савецкай улады заўсёды была ў шэрагу першасных задач. Яна здзяйснялася цэнтралізавана і задзейнічала ўсе вядомыя сродкі, асабліва агітацыйны плакат. Паколькі, як лепей звярнуцца да самых шырокіх мас, як не праз яскравы малюнак і гарачы лозунг?

/i/content/pi/cult/770/16630/06.JPGПершыя савецкія агітацыйныя плакаты ствараліся на базе Расійскага тэлеграфнага агенцтва (РОСТА), з якім у той час супрацоўнічалі лепшыя мастакі рускага авангарда і маладыя савецкія паэты. Аркушы размалёўваліся спачатку ад рукі, а пазней з дапамогай кардонных трафарэтаў і вывешваліся ў пустых вітрынах крам. Адсюль і ўзнікла назва — “Вокны сатыры РОСТА”. Гэта быў новы від журналісцкай і прапагандысцкай дзейнасці, які па моцы ўздзеяння адразу ж дасягнуў сваіх вышынь.

/i/content/pi/cult/770/16630/07.JPGМенавіта пра такі агітацыйны плакат у канцы 1950-ых гадоў узгадалі беларускія мастакі Вячаслаў Ігнаценка, Міхаіл Лісоўскі, Анатоль Волкаў, Валянцін Ціхановіч, Віктар Шматаў, калі паставілі на мэце вярнуць яго ў самы шырокі ўжытак. З часоў былога ўздыму мінулі дзесяцігоддзі: скончылася грамадзянская вайна, і ў буйных беларускіх гарадах прыпынілася актыўная агітацыйная дзейнасць, мінулі гады калектывізацыі, ваенныя 1940-я, калі агітплакат клікаў на бязлітасную барацьбу з ворагам у выданнях сатырычнага часопіса “Партызанскай дубінкі” і газеты-плаката “Раздавим фашистскую гадину”. Мірнаму будаўніцтву 1950-х агітплакат быў таксама патрэбны, але голас яго ўжо не такі гучны. Тым больш, што пасляваенныя плакаты выходзяць у свет з Дзяржаўнага выдавецтва БССР, а яго першасная задача — кнігавыданне. Таму плакаты зноў з’явіліся ў вокнах, на гэты раз Саюза мастакоў БССР, які ў той час размяшчаўся ў будынку на паспекце Незалежнасці. Шэсць вялікіх аркушаў памерам 90 на 120 сантыметраў глядзелі на Кастрычніцкую плошчу. Ад “Вокнаў РОСТА” быў запазычаны не толькі спосаб падачы, але і ручная тэхналогія.

/i/content/pi/cult/770/16630/08.JPGУ такім выглядзе агітплакат праіснаваў некалькі гадоў, пакуль не з’явілася цэнтралізуючая пастанова ЦК КПБ. Рашэннем ад 21 жніўня 1966 года прызначалася рэдкалегія “Агітплаката Саюза мастакоў БССР”, а на Мінскім вытворча-мастацкім камбінаце запускаўся цэх шаўкатрафарэтнага друку.

Будынак на вуліцы Захарава

Шаўкатрафарэтны друк — амаль што той жа ручны спосаб, але ён дазваляе рабіць наклад. Кароткі час уся вытворчасць мясцілася ў сутарэнні дома на вуліцы Якуба Коласа, а потым пераехала ў аднапавярховы будынак на Захарава. Галоўным спецыялістам у шоўкатрафарэтным цэхе быў Павел Жыронкін. Мастак Уладзімір Крукоўскі, які доўгі час супрацоўнічаў з “Агітплакатам”, узгадвае яго, як выдатнага майстра: “Ведаў усе тонкасці сваёй справы, а павышаць кваліфікацыю ездзіў да калег у Ленінград, якія выкарыстоўвалі больш сучасную тэхналогію і мелі лепшыя матэрыялы. Напрыклад сіта, на якое наносіцца малюнак, у іх было не капронавае, як у нас, а металічнае, больш дробнае. На плакаце, зробленым шаўкатрафарэтным друкам, фарбы перакрываюць адна адну. Для кожнага колеру робіцца спецыяльная форма. На тонкую сетку, нацягнутую на раму, пераносіцца малюнак, і чорным зафарбоўваецца патрэбная плоскасць. Сетка пакрываецца адмысловай эмульсіяй, а потым засвятляецца. Месцы, куды трапляе моцнае святло, дубяцца, а чорны колер потым вымываецца — атрымліваецца трафарэт. Яго кладуць на паперу і пакрываюць патрэбнай фарбай, густой, як сметанковае масла. Суткі яна сохне, а потым тое ж самае рабілі з другім колерам”.

Сушылі плакаты без спецыяльных прылад, звычайна развешвалі на тросах унутры пакоя ці раскладвалі па паліцах. Каб зрабіць увесь наклад аднаго плаката, а ён дасягаў тысячы і болей экземпляраў, патрэбна было каля тыдня. Для хуткасці звычайна выкарыстоўвалі толькі тры колеры — гэта быў самы папулярны і самы танны спосаб вытворчасці. У плакатах да ўрачыстых святаў маглі рабіць і пяць такіх колеравых прагонаў. На выявах правадыра рэвалюцыі, Леніна, зразумела, не эканомілі. Дарэчы, са з’яўленнем друку знікла традыцыя вывешваць агітплакаты ў вокнах Саюза мастакоў БССР. Уся справа была ў памерах. Друкаваныя плакаты мелі стандартныя 60 на 90 сантыметраў і выглядалі ў вокнах мізэрнымі. Затое актыўна пачала распаўсюджвацца падпіска на агітплакат сярод прадпрыемстваў, калгасаў, бібліятэк, клубаў і іншых устаноў. Ад колькасці падпісчыкаў і залежыў наклад. Мастакі за сваю працу атрымлівалі ганарары, якія пераважна і прыцягвалі ў “Агітплакат” вялікую колькасць жывапісцаў і графікаў.

Ідэалагічная бездакорнасць

Рэдкалегію “Агітплаката” абіраў прэзідыум Саюза мастакоў, пасля яна зацвярджалася ў ЦК. Біяграфія кожнага з яе членаў павінна была быць бездакорнай. У розныя гады галоўнымі рэдактарамі былі Трафім Ігнаценка, Фёдар Дарашэвіч, Людвіг Асецкі. Доўгі час на гэтай пасадзе быў мастак Сяргей Волкаў. Ён узгадвае, што рэдкалегія збіралася кожную пятніцу а 17-й гадзіне. “Мастакі прыносілі на абмеркаванне спачатку эскізы, а потым ужо гатовыя плакаты. Крытыка магла быць даволі жорсткай, выслухоўвалі кожнага, хто хацеў выказацца. Узгоднены арыгінал падпісваў галоўны рэдактар, ставілі пячатку, неслі ў Галоўліт БССР, а потым ужо рабілі друкарскую форму.”

Усе агітплакаты можна было падзяліць на палітычныя і сатырычныя. У тэматычным плане на год было каля 50 тэмаў. Палову з іх вызначаў аддзел агітацыі і прапаганды ЦК, астатнія прапаноўвала рэдкалегія. Усе яны разбіраліся мастакамі, і пачыналася актыўная праца. “Палітычныя плакаты рабілі Віктар Філімонаў, Ігар Крэйдзік, — узгадвае Сяргей Волкаў. — Плакаты з Леніным — Фёдар Дарашэвіч. Яны выглядалі вельмі жывапісна, амаль у футурыстычным стылі, пабудаваным на кантрастах і святлаценях. Плакаты з антыімперыялістычай скіраванасцю выдатна атрымліваліся ў галоўнага мастака “Вожыка” Аскольда Чуркіна. Гэта была яго вотчына. Я, Мікалай Гурло, Віктар Шматаў рабілі плакаты сатырычныя.”

Да слова ў агітацыі ставіліся з вялікай увагай. Усе тэксты для палітычных плакатаў “спускаліся” зверху і былі недатыкальнымі. Для астатніх вершаваныя радкі традыцыйна пісалі беларускія паэты, сярод іх былі Анатоль Астрэйка, Рыгор Барадулін, Анатоль Вялюгін, Хведар Жычка, Сяргей Законнікаў, Генадзь Кляўко, Уладзімір Правасуд і іншыя.

Герой і сімвал

Спецыяльнага палітычнага цэнзара ў рэдкалегіі “Агітплаката” не было, ды ён і не быў патрэбным пры высокай самацэнзуры. А вось да адлюстравання мастацкага вобраза ставіліся вельмі строга. Герой павінен быў быць прыгожым, пры гэтым тыповым і ідэалагічна правільным, а сімвал не мог мець ніякай іншай трактоўкі, як, напрыклад, серп і молат, чырвоны сцяг, вымпел. Узнікалі пытанні і наконт складанасці раскрыцця тэмы. А ці зразумее аўтарскую думку звычайны савецкі працоўны ці калгаснік, на якіх пераважна і быў разлічаны агітплакат. З такіх пазіцый эскізы таксама маглі не прымацца рэдкалегіяй.

“Адносіны да агітплаката ў мастакоў былі рознымі, ідэалагічных установак прытрымліваліся, але за творчасць яго не лічылі, — кажа мастак Уладзімір Сытчанка. — Аднак скажу, што раскрыць тэму ў агітплакаце не так лёгка, як падаецца на першы погляд. Я прыйшоў у секцыю пасля службы ў войску. Патрапіць у “Агітплакат” было значна лягчэй, чым у выдавецтва. Але адразу сутыкнуўся з вельмі строгай рэдкалегіяй на чале з Трафімам Ігнаценкам. Яна голасна граміла мае першыя плакаты з-за недастаткова стандартызаванага вобраза, у якім прасвечвала індывідуальнасць персанажа, чаго не павінна было быць. Кожны раз я шукаў адмысловы ход, выпрацоўваў уласны стыль. Імітацыя гравюры, адчуванне рэльефа, выразная лінія — усё гэта мне ўяўлялася арганічным для шаўкаграфіі. А далей кампанаваў стандартны набор сімвалаў.”

“Агітплакат” у Беларускім саюзе мастакоў праіснаваў 25 гадоў і існаваў бы далей, па-ранейшаму бездакорна выконваючы ідэалагічныя задачы і прыстасоўваючыся да патрэб часу. Але знік і сам Савецкі Саюз.

Вытворчасць спынілася з-за адсутнасці заказаў.

Іна НАРКЕВІЧ

Фота плакатаў прадстаўлены
Беларускім саюзам дызайнераў