Першыя пераможцы “Лістапада” і Занусі

№ 45 (1432) 09.11.2019 - 16.11.2019 г

Тыдзень сустрэч на Мінскім Міжнародным фестывалі “Лістапад” з яго самым разнастайным кіно, якое, нагадаем, вяло нас “Да радасці” ў бергманаўскім успрыманні, увянчаўся вызначэннем пераможцаў.

/i/content/pi/cult/770/16627/04.JPGНаш нумар вярстаўся, калі толькі пачалі аб’вяшчаецца першыя з іх. Так, у Конкурсе нацыянальных кінашкол прыз “За лепшы фільм” атрымала стужка “Планета Гельніца” Паула Рэйселава (Акадэмія выканальніцкіх мастацтваў у Браціславе). Залатым “Лістападзікам” у Конкурсе фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі быў уганараваны фільм нідэрландска-германскай вытворасці “Маё неверагоднае лета з Тэс” Сцівена Ваутэрлода. Яскравая і пяшчотная стужка пра тое, як важна быць неабыякавым, чуллівым да іншага чалавека з яго дзівацтвамі, за якімі можа стаяць пільная патрэба ў паразуменні і дапамозе.

Ды таксама літаральна на апошняй хвілінцы здачы газеты ў друк нам стала вядома імя рэжысёра — уладальніка Прыза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За захаванне і развіццё духоўнасці ў кінамастацтве”. Ганаровая ўзнагарода сёлета належыць класіку польскага ды сусветанага кінематографа Кшыштафу Занусі, аўтару такіх слынных карцін, як “Структура крыстала”, “Горад спакойнага сонца”, “Канстанта” ды іншых. Нагадаем, што гэта ўжо не першы візіт славутага кінематаграфіста на “Лістапад” — пан Занусі прыязджаў на мінскі кінафестываль у 2009 годзе. Сёлета ж рэжысёр прадставіў на кінафоруме сваю новую стужку “Эфір”, а таксама ўзначаліў журы Нацыянальнага конкурсу.

Фота Юрыя ІВАНОВА з архіва “К”