Таямніцы роду Рэйтанаў

№ 44 (1431) 02.11.2019 - 09.11.2019 г

Як мы ўжо пісалі, пасля шлюбу Дамінік і Тарэза Рэйтаны настала аселі ў Грушаўцы. Дамінік займаўся гаспадарча-палітычнымі справамі — як сям’і, так і ўсяго ВКЛ. А Тарэза спраўна вяла хатнюю гаспадарку. З кожным годам дабрабыт Рэйтанаў павялічваўся. Расла і сям’я. Агулам за шаснадцаць гадоў шлюбу Тарэза нарадзіла дзесяць дзетак. Восем з іх дасягнулі паўналецця і пакінулі пэўны след у беларускай гісторыі (гэта тычыцца не толькі такой культавай асобы, як Тадэвуш Рэйтан). Двое — Барбара (1746) і Піліп Станіслаў-Костка (1756) — памерлі ў дзяцінстве.

/i/content/pi/cult/769/16623/030.JPGУскосная сенсацыя

Як мы ўжо пісалі, пасля шлюбу Дамінік і Тарэза Рэйтаны настала аселі ў Грушаўцы. Дамінік займаўся гаспадарча-палітычнымі справамі — як сям’і, так і ўсяго ВКЛ. А Тарэза спраўна вяла хатнюю гаспадарку. З кожным годам дабрабыт Рэйтанаў павялічваўся. Расла і сям’я. Агулам за шаснадцаць гадоў шлюбу Тарэза нарадзіла дзесяць дзетак. Восем з іх дасягнулі паўналецця і пакінулі пэўны след у беларускай гісторыі (гэта тычыцца не толькі такой культавай асобы, як Тадэвуш Рэйтан). Двое — Барбара (1746) і Піліп Станіслаў-Костка (1756) — памерлі ў дзяцінстве.

На жаль, ненадоўга перажыла апошняе сваё дзіця і маці. Улетку 1760 года Тарэза з Валадковічаў Рэйтан сышла ў лепшы свет. Яна моцна хварэла, ды і несправядлівае смяротнае пакаранне яе малодшага брата Міхала (пра гэтую драму мы ўжо пісалі) паводле прысуду Галоўнага Трыбунала ВКЛ таксама далося ў знакі. Пахавалі яе, верагодна, блізу сядзібы ў Грушаўцы. І вось вам яшчэ адзін дэтэктыў.

У 1930 годзе ў Другой Рэчы Паспалітай з’явіўся Камітэт пошукаў астанкаў Тадэвуша Рэйтана, створаны з ляхавіцкай шляхты. А паколькі апошні здавён лічыўся “польскім нацыянальным героем”, яго магілу — дзякуючы несупыннай увазе газетчыкаў — шукала ці не ўся краіна. І такая пільная ўвага грамадскасці не магла не абумовіць станоўчы вынік экспедыцыі. Парэшткі знайшлі. Аднак у справаздачы антраполага Казіміра Сталыгвы, які быў запрошаны правесці агляд знойдзенага, было напісана: “шкілет жаночага целаскладу, даўжынёй 161 см.”

Тым не меней, зважаючы на грамадскую кан’юнктуру, навуковец не наважыўся заявіць, што гэта зусім не астанкі Тадэвуша Рэйтана. Прэса паведаміла пра сенсацыю, выклікаўшы ўсплёск патрыятычных настрояў. Хаця, мяркуючы па ўсім, да нашага героя знойдзеныя тады парэшткі маюць (калі маюць) толькі ўскоснае дачыненне.

Пачэсны хаўрус

Адна з малодшых сястрычак Тадэвуша з прыгожым імем Марта-Марыяна нарадзілася ў 1751 годзе. Вось як аб тым сведчыць выяўлены мной метрычны запіс:

“30 ліпеня 1751 года я, Тамаш Шкутніцкі, вікарый Ляхавіцкага касцёла, ахрысціў дзіця на імя Марту Мар’яну, дачку найяснейшых паноў Дамініка і Тарэзы з Валадковічаў Рэйтанаў, стражнікаў Наваградскага ваяводства, законных сужэнцаў. Хросныя: найяснейшы вяльможны пан Тадэвуш Рэйтан, стражнікавіч Наваградскага ваяводства, і вяльможная Людвіка Вайнілавічоўна, падчашнікоўна Наваградскага ваяводства. Давяршаліся гэтыя абрады чацьвёртага жніўня таго ж года. Сведкамі былі, па-першае: найяснейшы вяльможны пан Ігнат Вайніловіч з найяснейшай вяльможнай пані Мар’янай Казьмінскай, стараставай Шавенскай, уроджанай Сапяжанкай; па-другое: найяснейшы вяльможны пан Антоній Ваньковіч, стараста Рушаўскі, з найяснейшай вяльможнай пані Тэрэзай Вайніловічавай, падчашнікавай Наваградскага ваяводства; па-трэцяе: вяльможны пан Чарніхоўскі з найяснейшай вяльможнай пані Мар’янай Ваньковічавай, уроджанай Матусевічоўнай, стараставай Рушаўскай”.

/i/content/pi/cult/769/16623/029.JPGЯ тут наўмысна выдзеліў толькі тыя прозвішчы, якія ведае бадай кожны — каб паказаць “кола сяброў” роду Рэйтанаў. Вайніловічы, Сапегі, Ваньковічы… Як бачна, апошняя фамілія была з Рэйтанамі ў асабліва блізкіх стасунках. Абумоўлена гэта не проста прыязнасцю, але і сваяцтвам, якое ідзе праз магутны менскі род Валадковічаў. А тое, што на хрост сабраўся такі пачэсны хаўрус, лішні раз сведчыць: мала каму вядомы да вяселля (1739 год) у Наваградскім ваяводстве Дамінік Рэйтан неўзабаве стаў там важным гульцом. Пікам яго кар’еры з’яўляецца 1767 год, калі ён атрымае высокі ўрад наваградскага падкаморыя. Ніводзін з ягоных сыноў не возьме планку вышэй.

Зрэшты, як я прыгадваў у папярэдняй частцы, хросным старэйшага брата Мар’яны Міхала быў сам віленскі ваявода Міхал Радзівіл разам з Юстынай Рдултоўскай, жонкай наваградскага гродскага суддзі Антона. І праз нейкі час лёсы родаў перакрыжаваліся зноў. Справа ў тым, што адзін з сыноў Антона і Юстыны пабраўся шлюбам з нашай гераіняй — Мартай-Марыянай. Адбылося тое 19 лютага 1775 года.

Мне ўдалося даведацца некаторыя падрабязнасці таго святочнага дня і нават спіс гасцей. Вядома, у іх ліку былі і браты нявесты — апрача Тадэвуша, які пасля смерці бацькі ў 1769 годзе стаў галавой сям’і. Што, зрэшты, і нядзіўна: акурат у гэты самы час найвядомейшы з Рэйтанаў знаходзіўся ў Варшаве, назіраючы за ганебным соймам, які рукамі здраднікаў з ліку паслоў, сенатараў і міністраў зацвердзіў першы падзел Рэчы Паспалітай Абедзьвюх Нацый. І вярнуўся Тадэвуш у Грушаўку толькі праз некалькі месяцаў пасля вяселля.

Неўзабаве ў маладой сям’і адна за адной з’явіліся дзве дзяўчынкі — Юстына і Караліна.

Важна падкрэсліць, што іх бацькам быў менавіта Яўхім Рдултоўскі. Гэта не маё адкрыццё. Але часам сцвярджаецца, што ім быў не Яўхім, але Ян-Хрызастом. Каб канчаткова развеяць усе сумневы, я адшукаў судовыя акты, якія няўмольна сведчаць — Ян тут ні пры чым!

Але і сумневы небеспадстаўныя: пасля заўчаснай смерці роднага брата Ян-Хрызастом з жонкай узяў пляменніц пад апеку. А іх маці неўзабаве зноў выйшла замуж — за Язэпа Сяляву.

Выкраданне нявесты

Калі Юстыне споўнілася дзесяць гадоў, яе далёкі сваяк Адам Жавускі, здзейсніў, у пэўным сэнсе, дыверсію. Ён вывез гэтае дзіця і… ажаніўся з ёю. Дзяўчынка была прыгожая, і да таго ж, мела добры пасаг — як адзіная спадчынніца заможнага падкаморыя (яе сястрычка Караліна да таго часу ўжо памерла). Магчыма, гэта і было матывам. Вось як пра гэты выпадак напісаў у 1846 годзе ў сваім першым літаратурным творы “Паперы Пана Амброзія” пляменнік Тадэвуша Рэйтана Станіслаў: “Адам Жавускі старшы брат Севярына, па вывязенні падкамаранкі Рдултоўскай з Рэйтаноўны народжанай, якая год не больш як дзесяць мела, і па жаніцьбе на тым дзіцяці, пакінуў Літву…”

Што ж, і мы пакінем гэты неверагодны сюжэт без каментарыяў — для літаратурных яго інтэрпрэтацый. Упэўнены, у майстроў пяра яны атрымаюцца куды лепшымі, чым у занудлівага архівіста. Я ж хацеў бы зараз засяродзіць увагу чытача на гісторыі роду Жавускіх герба Крыўда. Балазе, яна даўняя і архіцікавая.

Упершыню род згаданы ў 1541 годзе ў Падляшшы, калі яно яшчэ было ў ВКЛ. З гэтага роду адзін за адным выходзілі высокія ўраднікі (пераважна ў Польшчы, хоць часам траплялі і на пасады ў ВКЛ) і не апошнія вайскоўцы. Але ці не кожны яго прадстаўнік быў яшчэ і пісьменнікам. Не толькі архівы, але нават “Гугль” ведае пра іх шмат!

Адзін з прадстаўнікоў роду, Севярын, ажаніўся з роднай сястрой небезвядомага Караля Станіслава Радзівіла “Пане Каханку”. Сярод іх нашчадкаў увагу прыцягвае каларытная постаць Вацлава-Севярына, які “далёка адплыў” ад родных пенатаў. Патрапіўшы пад чары “ўсходазнаўства”, ён атрымаў мяно “Эмір Залатая Барада”. І, як кажуць, бедуінамі, у якіх ён быў эмірам і шэйхам, лічыўся за паўбога. Згінуў без следу падчас паўстання 1830-1831 гадоў. У якім браў чынны ўдзел.

Сам жа Радзівіл Пане Каханку, у сваю чаргу, другім шлюбам (першая жонка ад яго збегла) пабраўся з дачкою Вацлава — Каралінай Жавускай.

Бацька ўжо згаданага намі выкрадальніка нявесты — Адама — Станіслаў Фердынанд меў таксама і дачку Францішку, якая стала жонкай Хрызастома Рдултоўскага, уласніка мястэчка Сноў. Менавіта іх палац, які захаваўся і красуе да гэтага часу, нядаўна выстаўлены Нясвіжскім райвыканкамам на продаж. Так што кожны можа паспытаць сваю ўдачу і атрымаць ва ўласнасць адзін з самых шыкоўных на Беларусі класіцыстычных ансамбляў, у якім гасцяваў апошні кароль і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Як бачым, шлюб Адама і Юстыны ў нечым быў перадвызначаны.

Пасля шлюбу з маленькай прыгажуняй Адам вывез яе ва ўкраінскія землі, дзе яны і аселі. Літаральна праз пару гадоў, у 1791-м, Юстына нарадзіла першынца, імя якому далі Генрык. Беларускі чытач ужо змог ацаніць яго творчасць — балазе, у 2005 годзе на беларускай мове быў перавыдадзены самы вядомы твор пісьменніка “Успаміны Сапліцы”.

Дарэчы, калі б Адам Міцкевіч, будучы ў вялікім захапленні ад “гавэндаў” Жавускага, настойліва не прапанаваў яму пакласці свае вусныя байкі на паперу, то, магчыма, талент Генрыка, як пісьменніка не раскрыўся б зусім. Ды што там казаць, калі сам Міцкевіч, зачараваны духам старой Літвы-Беларусі і натхніўшыся на сваю паэму “Пан Тадэвуш”, увёў туды як аднаго з герояў Сапліцу!

Дарэчы, Сапліцы — рэальны шляхецкі род, які вядомы на Наваградчыне з XVIІ стагоддзя. Прычым Міцкевічы не раз жорстка з ім канфліктавалі, пра што нам ужо даводзілася пісаць у “К”. Тым не менш, менавіта “Пан Тадэвуш” зрабіў Міцкевіча мегапапулярным, культавым паэтам.

Меў свае рахункі з Генрыкам Жавускім і ягоны дваюрадны дзядзька — таксама пісьменнік Станіслаў Рэйтан, пра што я ўжо таксама пісаў у “К”. Замірыліся яны толькі перад тым, як адыйсці ў вечнасць. І на гэтым кола дзіўных літаратурных повязяў не сканчаецца.

Літаратурныя суплёты

Не так даўно беларускую грамадскасць на хвіліну ўскалыхнула навіна — выпадковым чынам на нейкім падворку ва ўкраінскім мястэчку Чуднава была знойдзена чыгунная пліта выбітнага беларускага пісьменніка з Полаччыны. У біяграфіі Яна Баршчэўскага ёсць згадка, што апошнія некалькі гадоў ён цешыўся са свабоднага і спакойнага жыцця ў маёнтку Жавускіх, куды патрапіў з запрашэння Генрыка Жавускага, і якім валодала Юстына, ягоная маці. Там, дарэчы, і памёр. У гэтыя самыя часы бываў там і Напалеон Орда, які паклаў у свой альбом прынамсі адзін малюнак тых мясцінаў.

Лёс знаходкі раз-пораз выклікае вірлівыя спрэчкі ў сацыяльных сетках. Узнікаюць пытанні, чаму так мала ўвагі надаецца пошукам магілы пісьменніка. І сапраўды, складаецца ўражанне, што толькі літаратары ды экскурсаводы робяць у гэтым напрамку нейкія рухі: адны з цікавасці, другія з інтарэсу. Вядома, варта, каб да гэтага падключыліся і дзяржаўныя інстытуцыі.

…І нават на гэтым яшчэ не ўсё. Менавіта дзякуючы малодшай сястры нашага нацыянальнага героя Тадэвуша Рэйтана Марце-Марыяне на свет з’явілася некалькі іншых неверагодна цікавых асобаў — кваліфікаваная агентэса спецслужбаў і, па сумяшчальніцтве, муза Міцкевіча і Пушкіна Караліна Сабанская і Эвеліна Ганская — каханне жыцця Анарэ дэ Бальзака. Пра іх мы распвядзём у наступных серыях нашай родавай сагі. Чакайце працягу, ён будзе вельмі цікавым і нечаканым для многіх.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар