Наведаўшы пакой Васіля Уладзіміравіча, заўважыла тоўстыя папкі з лістамі ад ваенных пісьменнікаў з Расіі і Беларусі — аўтографы на кнігах сяброў: Астаф’еў, Кандрацьеў, Бакланаў, Адамовіч... Усіх і не пералічыш...
“Васіля Быкава па-братэрску абдымаю з Сібіры ў дні новай вясны ў прыродзе, можа, і ў народзе пацяплее.” Віктар Астаф’еў, 17 красавіка 1983 года. (“Затеси”. Краснаярск. 1982 год).
“Васілю Быкаву — аднапалчаніну па літаратуры, які для нас і ёсць жыццё. Сардэчна.” Бакланаў Р. (“Навекі дзевятнаццацігадовыя”. Масква. 1980 год).
Тут, на паліцы, слоўнік Уладзіміра Даля, партрэт Льва Талстога ды Аляксандра Твардоўскага, кнігі любімага Быкавым Дастаеўскага.
Зараз вывучаюцца архівы Васіля Быкава. Архівы — велізарныя, яны — нібы яго ўсё жыццё, усе аповесці наноў. І выдаваць іх маладым. А чытаць дзевятнаццацігадовым. Так, мае рацыю Бакланаў...
А вось ліст, якому няма цаны, — ліст з фронту самога Васіля Быкава, з Румыніі, датаваны 4 верасня 1944 года: “Дарагія тата і мама, Валечка і Міколка! Перадаю сваё франтавое прывітанне з далёкай і гарачай Румынскай зямлі. Некалькі дзён таму мы фарсіравалі раку Прут...
Так кожны дзень, так на вайне... Так што вы напішыце. Вельмі, вельмі чакаю. Усе навіны і ўсё жыццё абмалюйце. Прывітанне. Ваш сын і брат Васіль.”
Сёння — 7 верасня... Усе навіны і ўсё жыццё абмалюем!