Трапяткое сола скрыпкі

№ 44 (1431) 02.11.2019 - 09.11.2019 г

Сусветна знакаміты беларускі скрыпач Арцём Шышкоў (на здымку), які апошнім часам жыве і працуе ў Германіі, з 5 па 16 лістапада робіць сольны гастрольны тур па Беларусі і Літве. А сёння, 2 лістапада, ён праводзіць майстар-клас у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

/i/content/pi/cult/769/16615/017.JPGАрганізатарам выступіў Музычны дом “Класіка”, які не ўпершыню запрашае гэтага выбітнага беларускага музыканта. Нагадаем, год таму Арцём рабіў падобнае турнэ па Беларусі ў складзе фартэпіяннага трыа Nouvelle Philharmonie, складзенага з нашых маладых музыкантаў: акрамя яго ў тым калектыве яшчэ віяланчэліст Дзмітрый Цыпкін і піяніст Сяргей Смірноў. Тое трыа, якое актыўна гастралюе па ўсёй Еўропе, выступіла не толькі на сцэне нашай сталічнай філармоніі, але і ў Жлобіне, Гомелі, Пінску, Баранавічах, Гродне. Дый дагэтуль яны прыязджалі да нас, праводзячы канцэрты, у тым ліку, на адкрытым паветры — нават на даху, што прыжылося на Захадзе і патроху пачынае прыходзіць да нас. Яшчэ раней Арцём аб’ездзіў нашы абласныя філармоніі ў складзе іншага трыа — разам з віяланчэліста Іванам Карызнам і піяністам Кірылам Кедуком, прычым тады арганізацыяй гастроляў па гарадах Беларусі хлопцы займаліся самі.

Асаблівасць цяперашнага тура найперш у тым, што ён сольны. На сцэне будзе толькі музыкант са сваёй скрыпкай — нават без канцэртмайстра. З багатага скрыпічнага рэпертуару выбар спыніўся на творах знакамітых Іагана Себясцьяна Баха, Эжэна Ізаі і амаль невядомага ў нас Генрыха фон Бібера — аўстрыйскага кампазітара і скрыпача другой паловы ХVII стагоддзя. Так што тыя канцэрты прынясуць наведвальнікам не толькі эстэтычнае задавальненне, але і пашырэнне музычных даляглядаў. Ну, а ў тым, што Арцёма Шышкова можна слухаць бясконца, сумневу няма. Менавіта ён, стаўшы лаўрэатам ажно 16-ці міжнародных конкурсаў, сярод якіх найпрэстыжны імя Каралевы Елізаветы ў Бельгіі, вымусіў замежжа загаварыць пра Беларусь скрыпічную.

Расклад беларускай часткі тура — гэта тры гарады: 5 лістапада — Віцебская абласная філармонія, 8-га — Баранавічскі ўніверсітэт, 16-га — сталічная Канцэртная зала “Верхні горад”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"