Пра майго сябра...

№ 44 (1431) 02.11.2019 - 09.11.2019 г

Перш чым пазнаёміцца і пасябраваць, мы спачатку... пачулі адзін аднаго.

/i/content/pi/cult/769/16611/013.JPGТак-так. Не ўбачылі — пачулі. Я праглядаў партытуру да аднаго са спектакляў у сваім кабінеце і раптам пачуў фартэпіянныя пасажы, якія даносіліся з боку залы малой сцэны. “Цікава — падумаў я тады, — і хто ж гэта там яшчэ, акрамя мяне, у межах гэтага тэатра так прафесійна валодае інструментам?” Я падняўся на паверх вышэй, адчыніў дзверы на малую сцэну і ўбачыў за старэнькім тэатральным раялем... Алега Молчана. Мы прадставіліся адзін аднаму і неяк адразу і лёгка перайшлі на “ты”. Так бывае, рэдка, але бывае, калі табе ўдаецца імгненна распазнаць роднасную табе душу. Я тут жа паспяшаўся растлумачыць Алегу прычыну маёй цікаўнасці, якая прымусіла мяне падняцца на сцэну, а ён засмяяўся і сказаў: “Аляксей, ты не паверыш, але хвіліну назад, пачуўшы здалёку гукі раяля, я падумаў: “Цікава, і хто ж гэта там яшчэ, акрамя мяне?..” Мы абодва зарагаталі ўголас, і стала раптам гранічна ясна - мы будзем сябраваць...

І мы сябравалі. І супрацоўнічалі. І заўсёды Алег заставаўся надзейным, добразычлівым і максімальна справядлівым чалавекам. Мяне неверагодна падкупляла яго здольнасць імгненна адгукацца на прапанову аказаць дапамогу або падтрымку каму-небудзь, хто ў гэтым справядліва меў патрэбу, асабліва калі справа тычылася музычных праектаў або пытанняў абароны аўтарскіх правоў. Ён шмат чаго ўмеў, як музыкант, кампазітар і прадзюсар. Вельмі пісьменна і паспяхова арганізоўваў працу па абароне аўтарскіх правоў ва ўсіх сферах творчай дзейнасці. У яго быў хвацкі музычны густ і неверагодная інтуіцыя на таленавітых людзей.

А яшчэ Алег умеў у кароткія тэрміны вызначыць галоўны кірунак у дасягненні пастаўленай мэты, найперш вельмі ясна і зразумела пазначыўшы асноўныя контуры гэтай мэты.

Асобна хачу распавесці аб праекце, у якім Алег вельмі моцна падтрымаў мяне асабіста. Рэжысёр-пастаноўшчык НАДТ імя Максіма Горкага, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Валянціна Еранькова рыхтавала да пастаноўкі спектакль “Пясняр” (паводле п’есы Васіля Дранько-Майсюка), прысвечаны жыццю і творчасці Уладзіміра Мулявіна. Я быў прызначаны музычным афарміцелем спектакля. Праца, у прынцыпе, звычайная для дзейнага кампазітара, калі б не адно: зрабіць гэта трэба было, вобразна кажучы, “на вачах і на слыху” ў музыкаў, якія многія гады тварылі побач і разам з вялікім Уладзімірам Мулявіным. Але хваляванне маё пайшло на спад пасля сустрэчы з Алегам. Сёння спектакль “Пясняр” — лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2016 г.) і IV Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў намінацыі “найлепшая пастаноўка па творы беларускага аўтара” (2016 г.).

Але ніколі не забывалі павіншаваць адзін аднаго з важнымі для нас падзеямі ў асабістым жыцці, і заўсёды імгненна адказвалі на званкі, звароты і просьбы з любой нагоды. А гэта вельмі важна. Вельмі. Тыя нешматлікія, каму ўдалося навучыцца сябраваць па-сапраўднаму, і каму пашанцавала набыць сапраўдных сяброў, добра разумеюць, аб чым я.

Светлы чалавек, светлы, прамяністы музыкант сышоў ад нас... Гасподзь аднолькава любіць усіх, каго Ён стварыў. Але дазвольце мне думаць, што музыкаў Ён адорвае асаблівай Любоўю, надзяляючы іх рэдкай здольнасцю адчайна любіць іншых людзей...

Царства табе нябёснае, мой сябар Алег. І дзякуй табе за Сяброўства.

Аляксей ЕРАНЬКОЎ, загадчык музычнай часткі НАДТ імя Максіма Горкага, кампазітар і выканаўца