Музыкант ад Бога

№ 44 (1431) 02.11.2019 - 09.11.2019 г

Я з маладосці захапляўся “Песнярамі”. У іх заўсёды былі выдатныя музыканты-клавішнікі — Гілевіч, Палівода, Эскін. Думаў: калі сыйдзе гэта плеяда, як жа будуць гучаць клавішныя пасля такога бязмежнага ўзроўню майстэрства? І вось з’явіўся Алег Молчан. Калі я пачуў яго ігру, то адразу зразумеў, што гэта музыкант найвышэйшай кваліфікацыі. Яму ўсё роўна, як іграць — па нотах ці без, па белых ці па чорных клавішах. Танальнасць для яго не мае значэння, бо ён можа іграць адразу ў любой, нягледзячы на колькасць дыезаў ці бемоляў. Ён бліскуча імправізаваў і мог любую імправізацыю перанесці на нотную паперу і расшыфраваць нотнымі знакамі. Гэта быў музыкант ад Бога.

/i/content/pi/cult/769/16610/012.JPG

Калі Алег стварыў свой песенны цыкл “Родныя песні” на вершы Янкі Купалы, то доўгі час не мог вызначыцца, якім чынам рэалізаваць гэты праект на сцэне. Я ведаю, што музыказнаўца Вольга Брылон настойліва яго ўгаворвала, каб ён зрабіў прэм’еру купалаўскага цыкла менавіта з аркестрам Жыновіча. А ён адказваў: “Не, я ж папсавік, а ў вас фальклорны аркестр!” Але ўсё ж праз пэўны час прыйшоў да нас з ідэяй зрабіць праграму з 15 песень на вершы Купалы разам з намі. Як сапраўдны музыкант Алег нарэшце вызначыў, што менавіта ў аркестры Жыновіча песні на вершы Янкі Купалы загучаць найбольш выразна. Калі я пачаў працаваць над аранжыроўкамі, мы з Алегам пастаянна сустракаліся, ён кансультаваў мяне па кожнай песні, прыязджаў да мяне дамоў, наігрываў музыку, даваў праслухоўваць уласныя аранжыроўкі. Жартаваў: “Дарагі Санечка, ты толькі зрабі так, каб я пазнаў свае песні!” Я адразу адчуў, што ўсе творы з цыкла “Родныя песні” добра “лягуць” на наш аркестр. Далёка не адыходзіў ад молчанаўскіх першакрыніц і стараўся захоўваць усе яго ідэі. Дапісаў пэўныя кантрапункты, пералажыў іх на наш інструментарый. Я ўпэўнены, што калі Алег папрацаваў бы крышачку з аркестрам Жыновіча і ўнікнуў у асаблівасці яго гучання, то сам бы цудоўна саранжыраваў сваю музыку, бо ён усё хапаў на ляту. Выдатны музыкант! Алег не адпускаў мяне з працы да самай прэм’еры 30 сакавіка 2016 года, прыходзіў у філармонію на ўсе рэпетыцыі. Яму быў цікавы сам працэс. І ён быў вельмі задаволены вынікам. Ён упэўніўся, як прыгожа гучаць жывыя інструменты, як добра аркестр Жыновіча адлюстраваў вобразы яго песень. Песні Алега на вершы Купалы вельмі спадабаліся слухачам (ён назваў гэту праграму “Малітва”, па назве самай галоўнай песні). Кампазіцыі Алега Молчана на вершы Купалы выконвалі на сцэне яго сябры — вакальная група “Чысты голас”, “песняры” Анатоль Кашапараў, Леанід Барткевіч, Уладзімір Ткачэнка, Вадзім Касенка, верная спадарожніца Ірына Відава, салісты нашага аркестра. Пасля прэм’еры “Малітвы” многія песні з гэтага цыкла засталіся ў рэпертуары нашых аркестравых вакалістаў і пастаянна выконваюцца ў канцэртах аркестра Жыновіча.

Алег быў рознабаковым музыкантам. І ён дакладна не “папсавік” як жартам называў сябе, бо пісаў у самых розных стылях і жанрах, нават духоўную музыку. А як ён адчуваў паэзію! Ні ў аднаго сучаснага прафесійнага кампазітара я не назаву такіх бліскучых узораў увасаблення народных тэкстаў, як у музыцы Молчана. Успомніце песні “Кума” і “Гусі”!

Алега быццам вырвалі з майго жыцця. Гэта сын нашай беларускай зямлі. Яго песні ведае ўвесь народ. Заўсёды будзем памятаць цудоўнага чалавека, найталенавіцейшага кампазітара, музыканта, аранжыроўшчыка, вясёлага і разумнага суразмоўцу.

Аляксандр КРАМКО, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, дырыжор і аранжыроўшчык Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І. Жыновіча