Так нараджаюцца сімвалы

№ 36 (854) 06.09.2008 - 12.09.2008 г

Апошнімі днямі жніўня скульптар Уладзімір Слабодчыкаў практычна не выходзіў з майстэрні. І не дзіва, бо хутка ў Барысаве заззяе памятны знак у гонар 15-годдзя святкавання Дня беларускага пісьменства. Зрабіў выключэнне толькі адзін раз: выправіўся ў Маскву, каб атрымаць з рук Зураба Цэрэтэлі званне ганаровага акадэміка Расійскай акадэміі мастацтваў. Нават гэтае інтэрв’ю майстар даваў у аўтамабілі, каб хутчэй вярнуцца ў майстэрню.

 /i/content/pi/cult/173/1661/Simvaly.jpg

Уладзімір Слабодчыкаў (другі справа)
разам з рабочымі цэха, дзе адліваўся
“Залаты Фаліянт”.

— Да мяне звярнуліся з прапановай зрабіць памятны знак напрыканцы ліпеня. У аргкамітэце вырашылі, што лепш за ўсё сутнасць Свята пісьменства адлюструе выява галоўнага прыза, які атрымліваюць пераможцы Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”, — павялічанага “Залатога Фаліянта”. У мяне амаль не засталося часу, каб выношваць творчыя задумы. Але ў такой паспешнасці ёсць свая прывабнасць: калі доўга працуеш над адным праектам, заўсёды з’яўляецца рызыка згубіць саму сутнасць ідэі.

— Ці адбудуцца нейкія змены ў выяве памятнага знака ў Барысаве, калі параўнаць з прататыпам?

— Агульны выгляд застанецца тым жа. Эскізы з’явіліся яшчэ тры гады таму, калі да мяне звярнуліся першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч і начальнік аддзела Міністэрства інфармацыі Алена Паўлава з просьбай стварыць гэты прыз. Яго назва падказала нам з мастаком Валерыем Рагалевічам ідэю: за аснову ўзяць знакаміты фаліянт — “Біблію” Францыска Скарыны. “Разгарнуўшы” яе на сярэдзіне, на адной ”старонцы” я размясціў выяву першадрукара, а на другой — старажытны тэкст Святога Пісання. Але статуэтка перш-наперш — прыз, а гэта значыць, яна павінна адпавядаць асобым патрабаванням: быць не толькі кампактнай, але і зручнай, каб было лёгка ўзяць яе ў руку. Так з’явілася жаночая постаць, якая трымае кнігу. Між іншым, у мінулым годзе ўдалы праект знайшоў працяг: з’явіліся “дзеткі” прыза — малыя “Залатыя фаліянты”.
Знак-сімвал у Барысаве ўздымецца над зямлёй на два з паловай метры. Жаночай постаці я думаў надаць рысы пэўнай асобы, але хутка адмовіўся ад гэтага: усё ж увага гледача павінна канцэнтравацца на кнізе, фігура ж проста падкрэслівае абраны вобраз. У гарадскім парку карыятыда будзе стаяць на пастаменце з прыгожага чырвонага граніту з канілюрамі. Па чатырох баках будуць ісці картушы, на якіх барысаўчане і госці горада змогуць прачытаць назвы колішніх сталіц Дня беларускага пісьменства. Дарэчы, гарнітура шрыфту — паўустаў, каб літары былі падобныя да сапраўдных скарынаўскіх.

— Для Беларусі гэта першы прэцэдэнт, калі прыз “вырас” у памятны знак?

— Так, і гэта лепшы паказчык таго, што адрадзіўся попыт на скульптуру. Падобныя вялікія святы навучылі гарадскія ўлады па-новаму глядзець на добраўпарадкаванне. Пасля таго, як пачысцілі двары, прыбралі вуліцы, яны пачалі запрашаць скульптараў аздабляць гарадскія, паркавыя ландшафты. Маштабныя форумы накшталт Дня беларускага пісьменства прыўносяць цэнны ўклад у папулярызацыю скульптуры. У Беларусі цэлая армія скульптараў, аднак далёка не кожны мае магчымасць выявіць сябе. Пэўны дзяржаўны заказ дапамагае выправіць гэтую сітуацыю. З другога боку, не заўсёды гарадскі бюджэт валодае значнай сумай, каб заказаць адметны манументальны твор. А з дапамогай грошай, якія выдзяляюцца дзяржавай на правядзенне падобных святаў, атрымліваецца ўзбагаціць культурны пласт горада.

— А якія пачуцці ў вас выклікае святкаванне Дня беларускага пісьменства?

— У мінулым годзе, калі адкрываў помнік Сямёну Зорычу ў Шклове, упершыню патрапіў на гэтае свята і атрымаў каласальную асалоду ад пабачанага. Канешне, мяне як мастака перш за ўсё цікавіла тое, што тычыцца мастацкага афармлення кнігі. Асабліва прыемна было сустрэць сярод пераможцаў нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” вучняў — Паўла Татарнікава і Дзяніса Раманюка.
Відавочна, што гэтае свята становіцца для пісьменнікаў своеасаблівым вынікам творчага года. У сталіцу ўрачыстасцей з’язджаюцца літаратары, творчыя шляхі якіх на працягу дванаццаці месяцаў, магчыма, ні разу не перасякаліся. Дадайце сюды шматлікія фальклорныя калектывы, мастацкія экспазіцыі, выстаўкі прадстаўнікоў газет і часопісаў… Асаблівую асалоду атрымлівае і мясцовае насельніцтва. У маленькіх гарадах часцей за ўсё зорак бачаць толькі па тэлевізары, і раптам усе “тэлеасобы” з’язджаюцца да іх у госці! Да таго ж, яны знаёмяцца з нашымі творцамі. Пагадзіцеся, публіка звычайна пазнае акцёраў і спевакоў, а як выглядае мастак, скульптар, паэт — не ведае. Дзякуючы, святкаванню Дня беларускага пісьменства мы зноў нагадваем сабе, што ў нас ёсць свая культура, свая мова, свае святы, адметнасці, якімі неабходна ганарыцца.

Гутарыла Настасся ПАНКРАТАВА