Быў шчодры на песні, як сама Беларусь

№ 44 (1431) 02.11.2019 - 09.11.2019 г

Гэта навіна літаральна аглушыла, прыбіла да зямлі… Няма больш Алега Молчана — такога актыўнага, вірлівага, неспакойнага, шумнага, скрупулёзнага і адказнага ў любой, нават самай маленькай справе. Нельга змірыцца з гэтай стратай, нельга паверыць. Горка і балюча, што Алег пайшоў у самым росквіце жыцця, у самы лепшы і плённы яго перыяд. Ганаруся дружбай з гэтым выбітным музыкантам, які шчыра абдараваў беларускую зямлю сваімі ўзнёслымі і натхнёнымі мелодыямі, ад якіх Беларусь стала яшчэ больш цудоўнай і прыгожай. Дзеля гэтага ён прыйшоў у Свет.

/i/content/pi/cult/769/16609/011.JPGЁн быў прамым пераемнікам вялікага Мулявіна. У 1990-я гады ўсё лепшае з творчай спадчыны ансамбля “Песняры” нараджалася пры ўдзеле Алега Молчана і дзякуючы яго таленту. Нездарма ж Уладзімір Мулявін афіцыйна надзяліў Молчана паўнамоцтвамі музычнага кіраўніка “Песняроў”! Ні тады, ні потым падобных прэцэдэнтаў у гісторыі знакамітага ансамбля ніколі не было. І падчас працы ў “Песнярах”, і ў наступныя гады, калі яго дзейнась ужо не была звязана з ансамблем, Алег Молчан не дазваляў сабе расслабляцца і зніжаць тэмп, а ўпарта ішоў наперад. Ён быў моцнай творчай асобай, сапраўдным лідарам, які пракладаў новыя шляхі ў сучаснай музычнай прасторы. Яго дзейнасць была арыенцірам і дамінантай. Дзякуючы Алегу беларуская эстрадная музыка дасягнула небывалых вышыняў і ўзнялася на цалкам новы ўзровень.

Ён спяшаўся жыць і ствараць. А мы, яго сябры, глядзелі на яго і радаваліся. Ганарыліся яго поспехамі і талентам. А ў апошнія гады — моцна хваляваліся за яго здароўе. Разам са старшынёй Саюза кампазітараў Беларусі Аленай Атрашкевіч зрабілі ўсё, каб прыняць Алега Молчана ў гэту паважную арганізацыю, членам якой ён не быў па прычыне адсутнасці вышэйшай кампазітарскай адукацыі. Але Молчан заўсёды разрываў шаблоны! Афіцыйна ён не меў кансерваторскага дыплома, але па ўзроўні свайго кампазітарскага майстэрства пераўзыходзіў многіх сваіх дыпламаваных калег. Спецыяльна для яго было зроблена выключэнне, і 12 чэрвеня 2019 года члены праўлення аднагалосна прагаласавалі за прыняцце Алега Молчана ў Саюз кампазітараў.

Так супала, што менавіта ў гэты дзень стан здароўя Алега рэзка пагоршыўся, і ён трапіў у Бараўляны з дыягназам-прыгаворам, які не пакідаў яму шанцаў. Пра сваё членства ў Саюзе кампазітараў ён даведаўся ўжо на бальнічным ложку. Праз некалькі дзён Алена Атрашкевіч разам з калегамі паехала да яго, каб наведаць і ўручыць пасведчанне. Алег быў вельмі задаволены і шчаслівы, наколькі гэта было магчыма ў яго стане. Мы паспелі. Мы зрабілі гэта для яго. З намі засталася яго адухоўленая і высокаталенавітая музыка. А яго самы велічны твор цяпер гучыць памінальнай малітвай у памяць аб ім. Выдатным. Вялікім. Шчодрым на песні, як сама Беларусь.

Смуткуем…

Вольга БРЫЛОН, музыказнаўца