МОЛЧАН Алег Уладзіміравіч

№ 44 (1431) 02.11.2019 - 09.11.2019 г

26 кастрычніка на 55-м годзе жыцця пасля працяглай хваробы памёр выдатны беларускі кампазітар-песеннік Алег Молчан.

/i/content/pi/cult/769/16606/23_opt.jpegАлег Молчан скончыў сярэднюю спецыяльную музычную школу пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, вучыўся ў кансерваторыі па класе кампазіцыі.

З 1987 года ён працаваў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, складаў песні і песенныя цыклы для салістаў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, харавых калектываў і вакальных ансамбляў. Міжнароднае прызнанне здабыў у перыяд супрацоўніцтва з ансамблем “Песняры” і яго мастацкім кіраўніком, народным артыстам Беларусі Уладзімірам Мулявіным, які высока цаніў талент кампазітара і адмыслова для яго ўвёў пасаду музычнага кіраўніка ансамбля.

Для “Песняроў” Алег Молчан напісаў песенныя цыклы “Вянок”, “Ave Solе, або Словы Скарыны” і мноства папулярных песень: “Стася”, “Маргарыта”, “Мілая жанчына”, “Падманіце мяне”, “Кума”, “Юнацтва” і іншыя.

Сапраўдным духоўным гімнам Беларусі стала песня Алега Молчана на верш Янкі Купалы “Малітва”, якая ўпершыню прагучала ў выкананні Уладзіміра Мулявіна, а затым неаднаразова выконвалася на самых урачыстых і важных дзяржаўных мерапрыемствах, у тым ліку падчас акцыі “Малітва за Беларусь” у 2015 годзе з удзелам Прэзідэнта Беларусі.

Пасля сыходу з ансамбля “Песняры” Алег Молчан працягнуў актыўную творчую дзейнасць як кампазітар-песеннік і аранжыроўшчык. Створаныя ім песні “Дзве таполі”, “Песня мая”, “Родныя песні”, “Карабель маей краіны” ўвайшлі ў рэпертуар папулярных творчых калектываў і выканаўцаў Беларусі: вакальнай групы “Чысты голас”, Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, Якава Навуменкі, Леаніда Барткевіча, Анатоля Кашапарава, Алега Сямёнава, Ірыны Відавай. Аўтарскія праграмы і творчыя вечары кампазітара неаднаразова з вялікім поспехам праходзілі ў Белдзяржфілармоніі і на Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі ў горадзе Маладзечна.

Створаныя кампазітарам па замове Міністэрства культуры патрыятычныя песні неаднаразова выконваліся ў якасці фінальных у канцэртных праграмах дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Незалежнасці Беларусі, уручэнняў прэмій Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва.

Творчую дзейнасць Алег Молчан сумяшчаў з актыўнай грамадскай працай па абароне аўтарскіх правоў беларускіх кампазітараў, узначальваў аўтарскі савет Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці і Еўразійскую канфедэрацыю таварыстваў праваўладальнікаў.

Кампазітар — уладальнік медаля Францыска Скарыны, лаўрэат міжнародных і нацыянальных музычных прэмій і конкурсаў.

Калектыў Міністэрства культуры выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Алега Молчана, яго калегам і сябрам.

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь