Сайт для Свіцязі

№ 36 (854) 06.09.2008 - 12.09.2008 г

Кінематаграфічная гісторыя Навагрудчыны папаўняецца новымі эпізодамі. Апрача шырока анансаванага галівудскага фільма пра дзейнасць партызанскага атрада Бельскіх, неўзабаве чакаецца і іншая сусветная прэм’ера.

 /i/content/pi/cult/173/1660/Sait.jpg

Дом-музей Адама Міцкевіча.

Англійскую кампанію, што спецыялізуецца на высокабюджэтным і высокатэхналагічным дакументальным кіно, зацікавілі легенды Навагрудскага краю, адна з якіх стала асновай знакамітай балады Міцкевіча “Свіцязь”.
Слынны рамантык, чыё 210-годдзе сёлета будуць святкаваць аматары паэзіі з усяго свету, стаў для сталіцы Дня пісьменства-2006 найлепшым “піар-менеджэрам”.
Здымкі стужкі “Страчаны горад Свіцязь”, над якім працавала сумесная швейцарска-англійска-расійская група кінематаграфістаў, праходзілі непасрэдна на Навагрудчыне — балазе геаграфічная прывязка тут непазбежная.
Прапанова паўдзельнічаць у гэтых здымках для дырэктара Дома-музея Адама Міцкевіча Мікалая Гайбы сенсацыяй не стала: здымачныя групы, прадстаўнікі турагенцтваў, дыпламаты з самых розных краін свету ў музеі частыя госці.
Кніга водгукаў музея стракаціць удзячнымі запісамі на добрым тузіне моў свету. А вось у іншай кнізе, якая, згодна з заканадаўствам, павінна фіксаваць заўвагі і прапановы, запіс толькі адзін: хтосьці з наведвальнікаў параіў музею арганізаваць продаж сувеніраў. І, па словах яго дырэктара, у самым хуткім часе гэтая заўвага будзе ўлічана: касавы апарат ужо набыты, а адпаведныя юрыдычныя фармальнасці ў стадыі вырашэння.
У турсезон музей наведвае больш за тры тысячы чалавек штомесяц. І сакрэт гэткай яго папулярнасці не толькі ў сусветнай вядомасці постаці Міцкевіча і не толькі ў густоўнай і вынаходлівай экспазіцыі, якую землякі паэта рабілі, па сутнасці, уласнымі высілкамі. Шмат што залежыць і ад умення паведаміць пра сябе патэнцыйнай аўдыторыі, у тым ліку і праз Інтэрнет. Мікалай Гайба ўласнаручна стварыў і падтрымлівае сайт музея, а таксама актыўна папулярызуе сваю ўстанову праз разнастайныя “сеткавыя” даведнікі. І гэта прыносіць свой плён.
Увогуле, Навагрудчына ганарыцца сваімі слыннымі землякамі і шануе іх памяць. У лістападзе мінулага года ў горадзе быў адкрыты помнік святому Елісею Лаўрышаўскаму, які адмовіўся ад княжацкага гонару дзеля манаскай келлі. Постаць праваслаўнага манаха выдатна ўвасобіў знакаміты скульптар Генадзь Буралкін.

Ілля СВІРЫН