Вышыўка “крыжыкам”, а не крыж на лёсе

№ 43 (1430) 26.10.2019 - 02.11.2019 г

У наступным годзе вёсцы Свяцілавічы (зараз аграгарадок) споўніцца 455 гадоў. Напэўна, у гонар юбілею гулянні “накрыюць” яе не абы якія. І арганізаваць на належным узроўні святочныя мерапрыемствы тут ёсць каму: так меркаваць я стаў пасля таго, як азнаёміўся з дзейнасцю мясцовых устаноў культуры. Можа быць, у дні ўрачыстасцяў наведае гэты населены пункт папулярны артыст тэатра і кіно Антон Макарскі, унук расійскага акцёра Міхаіла Каплана, что тут нарадзіўся. А пакуль давайце зазірнем сюды мы з вамі…

/i/content/pi/cult/768/16599/015.JPGКаралеўства вольнага часу

У вялікім па памеры будынку, у якім размяшчаецца Цэнтр культуры і вольнага часу, халаднавата. Пар з рота не ідзе, але для заняткаў “сядзячых” і працяглых — адчувальна. Праўда, як запэўнівае мяне дырэктар установы Наталля Дамасканава, чым тэмпература на вуліцы будзе імклівей набліжацца да “мінусавай”, тым у яе памяшканнях стане прыкметна цяплей: камунальнікі не дадуць ім ператварыцца ў пакоі палаца Снежнай каралевы. Ну а я, як тая Герда ў пошуках Кая, апынуўся тут, цікавячыся працай галоўнай установы культуры аграгарадка.

Пасяліўшыся ў Свяцілавічах у 2011-м, Наталля Віктараўна адразу ж прыняла на сябе абавязкі мастацкага кіраўніка ЦКіВЧ, а праз год узначаліла яго. А ў сферу культуры яна ўлілася, скончыўшы школу ў гарадскім пасёлку Карма, калі пасля няўдалай спробы паступіць у Рагачоўскі дзяржаўны педагагічны каледж ёй прапанавалі кіраўніцтва адным з сельскіх клубаў. Але ССНУ спадарыні Дамасканавай усё ж скарылася, а менавіта Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў, кваліфікацыя яе — “Рэжысёр народных абрадаў і святаў”.

/i/content/pi/cult/768/16599/014.JPG— І да моманту майго прыходу ў Цэнтр яго дзейнасць была на высокім узроўні, і цяпер марку сваю трымаем, — сцвярджае мая суразмоўніца. — А нашы фарміраванні — іх пятнаццаць і ўсе яны бясплатныя — вядомыя не толькі ў раёне, вобласці і Мінску, але і за мяжой.

Вядуць фарміраванні шэсць чалавек (у штаце ЦКіВЧ лічацца таксама дзве прыбіральшчыцы і рабочы па будынку). Два з аб’яднанняў Цэнтра маюць званні: народны клуб аматараў народнай песні “Ля самавара” і дзіцячы ўзорны фальклорны ансамбль “Задорынка”. Іх Наталля Віктараўна і адносіць да тых, хто вызначае твар установы. І вакальны ансамбль “Светач”, які спецыялізуецца на казацкіх песнях.

Ну і калі ў цэлым фарміраванняў у Цэнтры дастаткова, значыць, і шматпрофільнасцю яны характарызавацца павінны. Так яно і ёсць. Сямейны клуб “Лада”, дарослы танцавальны калектыў “Свяцілавіцкія гарэзы”, гурток вакальнага спеву “Кропелька” і два гурты дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — “Бабулін куфэрачак” і “Самадзелкіна”, дзіцячы тэатр “Свет казак”, моладзевы клуб “Эдэльвейс”, моладзевая студыя эстраднага танца “Ніка” і эстрадная Stars, тэатр гумару і пародыі “Умора”, фальклорны ансамбль “Спадчына”, зводны хор. І гэта выдатна, што людзі ўсіх узростаў знаходзяць у іх захапленні па душы!

— На Веткаўшчыне і танцы асаблівыя, і манера спеваў такая, што ў Беларусі нідзе больш не пачуеш, — заяўляе дырэктар. — А яшчэ хачу сказаць і аб такой рэчы, як пераемнасць. Так, увогуле, моладзь сёння не занадта ахвотна ідзе ў народную культуру. А ў нашым клубе “Ля самавара” самая маленькая яго артыстка ходзіць у другі клас, а самай пажылой больш за восемдзясят гадоў. З танцавальных і вакальных дзіцячых калектываў некаторыя іх удзельнікі па меры сталення пераходзяць у аналагічныя па накіраванасці, у якіх танчаць і спяваюць людзі старэйшых пакаленняў. Ці проста кідаем кліч па аграгарадку, маўляў, хопіць сядзець па хатах, прыходзьце да нас!

Нягледзячы на тое, што колькасць яго насельніцтва памяншаецца, жыве ў ім за васямсот чалавек. І для навасёлаў нават будуюцца дамы! Тут працуюць сельскагаспадарчае вытворчае прадпрыемства “Свяцілавічы”, электрычная падстанцыя, участковая бальніца, сярэдняя школа (амаль на паўтараста навучэнцаў), дзіцячы сад... Патэнцыйнае папаўненне і змена цяперашнім творчым “гурткоўцам” сапраўды ёсць!

— Асноўны наш кантынгент — пенсіянеры і дзеці, — тлумачыць спадарыня Дамасканава. — Прычым шмат дзяцей з сем’яў, што знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Такім хлапчукам і дзяўчынкам мы ўдзяляем асаблівую ўвагу, да кожнага з іх спрабуем знайсці свой падыход. Спрабуем вызначыць тую нішу, у якой ім будзе цікава жыць у гэтым узросце. Напрыклад, як у выпадку з Мікітам Кукліным — здавалася б, ну вельмі цяжкім падлеткам. А ў нас ён... вышывае крыжыкам! І відаць жа, што яму гэта падабаецца!

План платных паслуг Цэнтр выконвае выязнымі канцэртамі, дыскатэкамі па пятніцах і суботах (кошт білета — 1 рубель), на якія прыязджаюць людзі з суседніх населеных пунктаў. Дыскатэкі зараз праходзяць у фае — з-за таго, што ў танцавальнай зале ідзе рамонт. Некалькі гадоў таму яго пытанне ў цэлым для ЦКіВЧ стаяла вельмі востра, але з 2017-га года ён распачаўся, чаму, у прыватнасці, спрыяў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання Мікалай Васількоў. А праблемы, якія яшчэ не дазволеныя, — транспартная і “апаратная”: на мерапрыемствы, што праводзяцца ЦКіВЧ за межамі аграгарадка, артысты ўстановы адпраўляюцца на ўласных аўтамабілях, абсталяванне ж абяцаюць “асвяжыць” ужо ў бліжэйшы час. Хутка пашыюць новыя касцюмы і для “Задорынкі”.

— Думаем над тым, як нам лепш арганізаваць свята беларускай кухні, — кажа Наталля Віктараўна. — І не проста з выставай і дэгустацыяй страў, а каб вакол іх разыгрываліся якія-небудзь сцэнкі, спяваліся песні, прысвечаныя ім. І тады ў летапісе Свяцілавічаў, што вядзе Вольга Мікалаеўна, наш бібліятэкар, з’явіцца чарговая старонка.

І чаго пісьменнікам трэба?

Пакуль гэтая ідэя не ўвасобілася ў рэальнасць, я адправіўся азнаёміцца з цяперашнім жыццём сельскай бібліятэкі. Яна, як і трэцяя ўстанова культуры аграгарадка, размешчаная ў тым жа будынку, што і ЦКіВЧ. Фонд кніжніцы налічвае дваццаць пяць тысяч асобнікаў. У 2019-м годзе, на кастрычнік месяц, яе паліцы значна папоўніліся літаратурай.

— Але сёння функцыі бібліятэк заключаюцца не толькі наогул у выдачы, рэкламе і захоўванні асобнікаў, краязнаўчай працы, — дзеліцца загадчыца Вольга Гатальская. — Дзейнасць наша — куды больш шматгранная. Прапаганда сярод насельніцтва здаровага ладу жыцця, удзел у патрыятычным і экалагічным выхаванні людзей — таксама “ляжаць” на ўстанове.

І ўсё ж асноўнае — кніга. У Свяцілавічах яе, папяровую, любяць. Крытычнага адтоку з бібліятэкі наведвальнікаў няма, а пік попыту ў чытачоў сярэдняга і старэйшага ўзростаў прыпадае на познюю восень, зіму і раннюю вясну. У дзяцей — на лета, у час жа летніх канікул Вольга Мікалаеўна ладзіць для іх у сваіх сценах шахматныя і шашачныя баталіі. Пры ўстанове пастаянна дзейнічаюць жаночы гурток “Рукадзельніца” і дзіцячы экалагічны “Крынічка”.

Зарабляе СБ прадастаўленнем паслуг доступу да інтэрнэту (50 капеек за гадзіну карыстання “сеткай”) і па раздрукоўцы і наборы тэкстаў, падборам патрэбнай наведвальніку літаратуры і інфармацыі.

Кажучы пра вядомых людзей, якія з’явіліся на свет у Свяцілавічах і на якіх спадарыня Гатальская склала “аб’ектыўку”, яна згадала і Сяргея Балахонава, чыім афіцыйным месцам нараджэння лічыцца Гомель.

— Вось на 455-годдзе яго і запросіце, разбярэцеся з “цёмнымі плямамі” ў біяграфіі пісьменніка, — параіў я.

Аднак аказалася, што сустрэчы з літаратарамі — рэдкія падзеі для аграгарадка. Аднымі з апошніх, даўніх гасцей, былі паэты Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін. А пасля таго, як рушыў услед шэраг адмоваў ад іншых знакамітасцяў — у сілу розных прычын, натуральна, такія мерапрыемствы практычна спыніліся. Зрэшты, запэўнівае Вольга Мікалаеўна, яна паспрабуе іх аднавіць.

Затое ў бібліятэцы на рэгулярнай аснове ідуць гадзіны і дні інфармацыі — акцыі, што ставяць сваёй мэтай папулярызацыю беларускай літаратуры. Наведвальнікам прапануюцца агляды айчыннага кнігавыдання, распавядаецца пра творы канкрэтных аўтараў, знаёмяць чытачоў з іх творчым лёсам.

Клас, дзе рады ўсім

Ці выберуць творчую дарогу дзеткі з класа выяўленчага мастацтва Веткаўскай дзіцячай школы мастацтваў, зразумела, пакажа час. У Свяцілавічах праходзяць заняткі яшчэ і ў музычным класе, але сустрэцца карэспандэнту “К” атрымалася менавіта з мастачкай і настаўнікам Вікторыяй Барысік.

— Калі вучу дзяцей, дык вучуся і сама, раскрываюся неяк па-новаму, — кажа яна. — Мне цікава бачыць, як у малюнкі яны ўкладваюць часцінку ўласнага “я”.

На заняткі сваіх падшэфных Вікторыя Ігараўна забірае са школы — пасля таго, як у тых скончацца ўрокі. А па заканчэнні ўжо урокаў у класе выяўленчага мастацтва яна адводзіць іх назад, дзе дзеці чакаюць бацькоў у групе падоўжанага дня. Дарэчы, выкладчык не адмаўляе ў занятках і тым, хто афіцыйна не лічыцца ў еёных вучнях. Калі ласка, толькі трэба не забыцца ўзяць з сабой чыстыя лісты паперы, алоўкі і пэндзлікі з фарбамі. Працы дапамог бы і камп’ютар, на экране якога можна было б, напрыклад, разглядаць вялікія творы. Але ў спадарыні Барысік “камп” свой — мабільная прылада, дапаможнікамі служаць і альбомы, што яна прыносіць з хаты.

— Па паперах у мяне навучаецца пяць чалавек, — паведамляе настаўнік. — Для сельскай мясцовасці гэта нармальны паказчык. Тым не менш, я ў абавязковым парадку перыядычна прыходжу ў школу і агітую запісацца ў клас.

Наколькі Вікторыі Ігараўне вядома, ніхто з яе ранейшых выхаванцаў мастаком так і не стаў, хоць здольныя сярод іх былі.

— Магчыма, гэта віна бацькоў, што сыны і дочкі не пажадалі далей вучыцца выяўленчаму мастацтву, — разважае педагог. — І зразумець іх можна: мастак сёння — не тая прафесія, якая прыносіць грошы. Ва ўсякім выпадку — хутка.

А “пабочным” меркаваннем аб культурным жыцці аграгарадка я папрасіў падзяліцца Веру Кажамякіну, што грае на бубне і спявае ў ансамблі “Спадчына”. Іншае яе хобі — адмысловая вышыўка, якой яна займаецца сорак гадоў. Яе работы — прасціны, навалачкі, рушнікі — часцяком экспануюцца на выставах у ЦКіВЧ. Але, акрамя “хатніх”, іншых вучняў у Веры Мікалаеўны няма. “Я б з задавальненнем навучыла каго-небудзь вышываць, — прызнаецца яна. — І, калі паступіць прапанова з Цэнтра, вядома, буду перадаваць сваё рамяство дзецям”.

Каментарый Веры КАЖАМЯКІНАЙ:

— З культурай у нас усё вельмі добра. Было б інакш, і аднавяскоўцы на канцэрты ў Цэнтр не хадзілі б, і з іншых вёсак на іх не прыязджалі б. А так — на буйных мерапрыемствах — зала заўсёды поўная. Дзецям ёсць, чым заняцца — вунь колькі гурткоў для іх. І, што важна, падлеткі з “цяжкіх” сем’яў туды ходзяць. Цягнуцца да нармальных людзей, да нармальных адносін, шукаюць і знаходзяць там святло і цеплыню чалавечых душ. Гэта значыць, ратуе іх культура, ужо вядзе па жыцці.

І дадаць да слоў Веры Мікалаеўны мне няма чаго…

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"