Дзень маці і бульбачка-беларусачка

№ 43 (1430) 26.10.2019 - 02.11.2019 г

Сярод лістоў, якія паступаюць на рэдакцыйную пошту, на гэты раз найбольш допісаў — пра святкаванне Дня маці, якое адзначалі на мінулым тыдні ў многіх установах культуры Беларусі. З гэтага, мабыць, і пачнём наш традыцыйны агляд пісьмаў.

/i/content/pi/cult/768/16598/013.JPGУсё пачынаецца з мамы...

У панядзелак, 14 кастрычніка, у Бабруйску ўрачыста адзначалі Дзень маці. Так, у Палацы мастацтваў раённага цэнтра быў праведзены святочны канцэрт “Дарагія нашы мамы” для выхаванцаў Цэнтра карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі. Сваімі цёплымі музычнымі і танцавальнымі віншаваннямі, як адзначае метадыст сектара па рабоце сярод дзяцей Палаца мастацтваў Кацярына Крылова, дзяліліся калектывы мастацкай творчасці ўстановы культуры: вакальная студыя “Крэшчэнда” і яе салісткі Ганна Сікорская і Паліна Малахоўская, салісткі падрыхтоўчай групы народнага камернага хору Ульяна Шурына і Валерыя Новікава. А ўсходнім настроем парадавалі ўсіх прысутных салісткі студыі арабскага танца “Шахрызад”: Дарына Смыслова, Маргарыта Скаразвон і Валерыя Чуйко.

У Карэлічах, як піша нам Аксана Януш, 14 кастрычніка ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці таксама прайшоў святочны канцэрт, прысвечаны Дню маці, пад назвай “Усё пачынаецца з мамы...” Гасцей мерапрыемства чакалі вакальныя і харэаграфічныя нумары ў выкананні настаўнікаў і выхаванцаў Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў, супрацоўнікаў раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Прыемным сюрпрызам для шматлікай аўдыторыі стала дэфіле шматдзетных мам раёна з іх дзецьмі. Бо мамы, як вядома, прыгожыя заўсёды, у любым месцы, у любы час і ў любое надвор’е...

Дзень маці адзначылі таксама ў Дзятлаўскім і ў Ашмянскім раёнах Гродзенскай вобласці. Так, у Дзятлаўскім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся святочны канцэрт “Мама — анёл-ахоўнік мой”, а на сцэне Ашмянскага РЦК у гонар урачыстасці з канцэртнай праграмай выступілі юныя таленты раёна, а таксама былі ўручаны ўзнагароды тым маці, чые дзеці дабіліся значных поспехаў у вучобе, спорце ды грамадскай дзейнасці.

Да святкаванняў з нагоды Дня маці далучылася і Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі. Як піша нам загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Юлія Міхайлава, у Васілішкаўскай сельскай бібліятэцы адбылася гадзіна паэзіі “Усё на свеце ад матуліных рук”, у Жалудоцкай гарпасялковай бібліятэцы для ўдзельніц аматарскага аб’яднання “Незабудка” спяваў народны ансамбль “Сябрына”, а кожная маці атрымала прыгожыя кветкі. У Тур’янскай сельскай бібліятэцы прайшоў вечар-ушанаванне “Яе вялікасць — Маці”, Бакштаўская сельская бібліятэка арганізавала конкурс вершаў “Матуля… Няма слова даражэйшага на свеце”, а ў Шчучынскай дзіцячай бібліятэцы адбылася карусель талентаў “Быць маці, як многа гэта значыць”, дзе кожны ахвочы ўзяў удзел у конкурсе красамоўства “Самая-самая”.

Кафлевы пленэр

А цяпер да іншых навін з розных рэгіёнаў Беларусі. Як піша нам Андрэй Струнчанка, намеснік дырэктара Віцебскага АМЦНТ, у гарадскім пасёлку Копысь Аршанскага раёна з 9 па 12 кастрычніка адбыліся мерапрыемствы ў межах Міжнароднага пленэру народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У паселішча, што здаўна вядомае як цэнтр мастацкага керамічнага рамяства (з XV стагоддзя мястэчка славілася ўнікальнай керамікай з чырвонай гліны і кафлямі, што ўпрыгожвалі печы ў царскіх палатах маскоўскага Крамля), падзяліцца вопытам і прадэманстраваць сваю творчасць прыехалі 15 майстроў з розных куткоў Беларусі — Бабруйска, Брэста, Быхава, Глыбокага, Дуброўна, Крычава, Лагойска, Салігорска і іншых.

— Праграма пленэру была даволі насычанай, — піша аўтар ліста. — Так, адбыліся выставы работ майстроў народных мастацкіх рамёстваў, выступленні аўтэнтычных фальклорных і аматарскіх калектываў мастацкай творчасці, кірмаш рамёстваў “Аршанскі кірмаш”, конкурсныя і забаўляльныя праграмы, семінары па пытаннях аднаўлення, захавання, пераемнасці і папулярызацыі традыцый народнага мастацтва.

Пазнавальнымі былі таксама і майстар-класы па вырабу кафлі і тэхналогіі маёлікі (гэта такі роспіс па сырой форме), што правяла член Саюза мастакоў Беларусі Людміла Кавальчук ды майстар-клас па вырабу свістулек. Акрамя таго, падчас імпрэзы адбыўся конкурс “Гліна спявае”. Па яго выніках па рашэнні журы, што ўзначаліў доктар гістарычных навук, прафесар, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута, былі азначаны пераможцы ў некалькіх намінацыях.

Так, лепшую хатнюю калекцыю прадставіў Сяргей Рымдзёнак з Шаркаўшчыны. Мікалай Стрэльчанка з Лагойска стаў першым у намінацыі “Лепшы ганчарны посуд”, а Таццяна Шынкарова з Оршы — у намінацыі “Лепшы выраб дэкаратыўна-глінянай пластыкі”. Першым месцам у намінацыі “Лепшая гліняная цацка” быў уганараваны Мікалай Пратасеня з Салігорска. Дыпломамі за захаванне і развіццё ганчарскіх традыцый адзначаны Вячаслаў Якавенка (Крычаў), Арцём Фамін (Глыбокае) і Васіль Логвін (Брэст).

Пленэр народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, як піша Андрэй Струнчанка, плануецца зрабіць традыцыйным. Што ж, цалкам заканамерны крок, скіраваны на захаванне і папулярызацыю народных рамесніцкіх традыцый Беларусі.

Імпрэзы на любы густ

Пяройдзем цяпер да іншых імпрэзаў. “Бульбачка-беларусачка” — так называлася свята, якое днямі адбылося ў аграгарадку Гуды Лідскага раёна. Прысутныя з цікаўнасцю назіралі за ўдзельніцамі конкурсу “Чый дранік смачнейшы”, дзе спаборнічалі гаспадыні аграгарадкоў Дворышча і Гуды, а таксама падтрымлівалі мужчын у конкурсе “Майстар абірання бульбы” ды актыўна адказвалі на пытанні віктарыны “Шэрая паненачка”.

Вельмі хутка апусцелі міскі “Бульбяных прысмакаў”, якія прыгатавалі работнікі Мінойтаўскага культурна-дасугавага цэнтра, Крупаўскага, Першамайскага, Дварышчанскага дамоў культуры. Танцамі на імпрэзе пацешыў узорны ансамбль “Сонейка” Палаца культуры горада Ліды, а песнямі — народны ансамбль народнай музыкі “Лявоны” з гарадскога пасёлка Воранава.

Яшчэ на першым кастрычніцкім тыдні ў Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў баль “Восеньскі вальс”. Імпрэза сталася яшчэ адной прыемнай нагодай для старэйшага пакалення незабыўна правесці час і падзеяй-прэм’ерай у межах сёлетняй абласной дэкады “Залаты ўзрост”.

У чытальнай зале Дзятлаўскай раённай бібліятэкі 17 кастрычніка адбылася сустрэча з інвалідамі па зроку раённай арганізацыі “БелТІЗ” — своеасаблівыя восеньскія вячоркі пад назвай “Чайная чытальня”. Сустрэча, як піша нам загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі бібліятэкі Вольга Бойка, атрымалася цікавай і займальнай.

— Усе ўдзельнікі былі актыўныя і жыццярадасныя, — распавядае аўтарка допісу. — Яны не толькі ўважліва слухалі, але і з задавальненнем прынялі ўдзел у конкурсах, спявалі песні, чыталі вершы, жартавалі.

А вось зусім іншае паведамленне ад нашай сталай аўтаркі, спецыяліста Савецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мінска Таццяны Бычанок. Яна нагадала нам, што ў перыяд з 16 кастрычніка па 1 лістапада ў Мінску праходзіць пажарна-прафілактычная акцыя “За бяспеку разам!” па папярэджанні пажараў і гібелі людзей ад іх у жыллёвым фондзе ў асенне-зімовы перыяд. Падчас акцыі прадстаўнікі МНС правяраюць супрацьпажарны стан жылых дамоў і кватэр, выступаюць у працоўных калектывах, а таксама даюць тлумачэнні і рэкамендацыі грамадзянам па павышэнню ўзроўню пажарнай бяспекі жылля.

І яшчэ адна навіна, якая прыйшла да нас з Бабруйска. У гарадскім Палацы мастацтваў 9 кастрычніка для дашкольнікаў была зладжана тэатралізавана-пазнавальная праграма “Светлафорык”. Падчас мерапрыемства, як піша метадыст сектара па рабоце сярод дзяцей Палаца мастацтваў Бабруйска Наталля Давідовіч, дзеці з дапамогай гульняў і конкурсаў замацавалі веды пра паводзіны пешаходаў на дарозе, паўдзельнічалі ў конкурсах “Аўтобус” і “Светлафор”, у якіх яны вучыліся правільна пераходзіць дарогу, засвойвалі сігналы светлафора, вывучылі дарожныя знакі і адгадвалі загадкі пра віды транспарту.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"