Фестываль для ўсіх

№ 43 (1430) 26.10.2019 - 02.11.2019 г

Ці ж дайшоў ён да кожнага?
У Мінску завяршыўся ХІV Міжнародны фестываль Юрыя Башмета. Але шлейф уражанняў і ўспамінаў пра яго будзе цягнуцца яшчэ доўга — тым больш, што трансляцыйныя запісы канцэртаў пачалі выходзіць на тэлеэкраны акурат па яго заканчэнні.

/i/content/pi/cult/768/16595/09.JPGФестываль робіць усё больш дэмакратычныя захады, імкнецца прыцягнуць да сябе самую разнастайную аўдыторыю. Ад немаўлят, для якіх трэці год запар ладзіўся Бэбі-канцэрт з гульнямі-забавамі, да моладзі, гатовай а 2-й гадзіне ночы ехаць на станцыю “Пятроўшчына”, каб правесці там “Ноч класікі ў метро”. Ад аматараў прэстыжных вечарын з удзелам добра раскручаных зорак (маўляў, я жывога Башмета бачыў — вось як цябе!) да прафесійных музыкантаў, што цікавяцца, да прыкладу, сучасным авангардам (“Сучасная класіка. Вечар прэм’ер”). Асобнае месца сярод слухачоў сёлета павінны заняць замежныя аматары акадэмічных кірункаў: адзін з канцэртаў фестывалю (той, дзе гучалі дзве сімфоніі Мечыслава Вайнберга, якога ў поўнай меры можна назваць яшчэ і беларускім кампазітарам) ужо выкладзены ў інтэрнеце (medici.tv), прычым у вольным доступе.

І ўсё б добра, ды хочацца даведацца, наколькі гэта эфектыўна. Ці паболела, да прыкладу, шчырых прыхільнікаў класікі пасля тых “начных гукаў у сутарэнні”? І гэта не дарэмнае пытанне: літаральна днямі Нобелеўскую прэмію па эканоміке далі за падлік эфектыўнасці тых ці іншых капіталаўкладанняў у барацьбу з галечай. Метадалогія была перанесена з медыцыны: вынайшлі лекі — правядзем выпрабаванні і эксперыментальным чынам высветлім, наколькі добра яны дапамагаюць.

Штосьці падобнае так і просіцца ў нашу фестывальную практыку, ды толькі як і чым вымяраць уздзеянне музыкі? Чула прыблізна наступнае выказванне пра канцэрт у метро, заснаванае на гульні слоў: “Думалі, ідзем на штосьці незямное. Аказалася — падземнае”. А ў кагосьці склалася наадварот: ішоў на “падземнае” — аказалася незямное. Асабліва дэманстрацыя моды. Усё ў свеце адносна? Тады тым больш цікавымі маглі б быць сацыялагічныя даследаванні!

Але гэта — справа неагляднай будучыні. Мы ж засяродзімся хіба на некалькіх знакавых уласна музычных дэталях: на дзевяці канцэртах фестывалю іх было багата.

У тым, што піяніст Фазыл Сай з Турцыі яшчэ і кампазітар, пераканалі не толькі яго ўласныя творы і найперш заяўлены ў праграме Канцэрт для фартэпіяна з аркестрам “Шаўковы шлях”, але і кадэнцыя ў першай частцы Канцэрта Моцарта. А ў тым, што ён яшчэ і выбітны джазавы музыкант, — знакаміты “Турэцкі марш” з заўзятым джазавым атачэннем. Дый нацыянальная адметнасць Фазыла Сая выяўлялася не адно ў спякотна-сонечным тэмпераменце, але і ва ўдалым імітаванні на струнах раяля ўсходніх народных інструментаў. А як ён цудоўна “дырыжыраваў” Камерным аркестрам East-West (мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор — Расціслаў Крымер), седзячы за раялем і пракладаючы аркестрантам папраўдзе высціланы шоўкам шлях, знаходзячы паразуменне з імі не толькі праз выразныя звароты рукой, але і літаральна праз няўлоўныя адценні позіркаў.

Крыху па-іншаму прымерыла на сябе ролю дырыжора італьянская скрыпачка Ляцісія Марэна, выконваючы ў іншым канцэрце з тым жа аркестрам цыкл танга “Поры года” Астара П’яцолы. Развярнуўшыся да музыкантаў, яна адразу “завяла” іх сваім тэмпераментам і абраным тэмпам, а надалей яны чулліва ішлі за яе сольнай партыяй, стварыўшы з ёй адзінае непарыўнае цэлае.

Безліч фарбаў і найтонкіх блікаў-водбліскаў дасягнуў на новым філарманічным раялі (гл. № 41 “К”) заслужаны артыст Расіі Барыс Беразоўскі. Праграма складалася з твораў Скрабіна і Рахманінава — палярна розных па выканальніцкіх падыходах. Скрабінаўская фактура то застывала ў яго празрыстымі сталактытамі, то разлівалася цякучым варывам, з нетраў якога раз-пораз, але толькі на імгненне, нейкім інтанацыйным абрысам-намёкам узнікалі матэрыяльна рэалізаваныя прывіды падсвядомасці.

Сярод бясконцых бісоў былі і найвіртуозныя транскрыпцыі Леапольда Гадоўскага эцюдаў Шапэна. Апошнія ўжо ў арыгінальным выглядзе патрабуюць вельмі высокага ўзроўню прафесіяналізма. А калі тыя ж неверагодныя, насычаныя падгалоскамі пасажы піяніст выконвае не дзвюма рукамі, а ў прамым сэнсе “адной левай”, прычым у самым канцы працяглага сольніка, гэта сведчыць пра яго папраўдзе фантастычны талент, памножаны на недасягальнае майстэрства.

Шмат відовішчных эфектаў абяцаў праект “Ажыўшая сімфонія” ў другім аддзяленні вечарыны “Візуалізацыя. Музыка і гісторыя”. Чорна-белыя выявы праецыраваліся на спецыяльную сетку, праз якую можна было сачыць і непасрэдна за музыкантамі. Штосьці падобнае часцей выкарыстоўваецца на тэатральнай сцэне: 3D-эфекты ёсць у нашых оперных спектаклях “Сівая легенда”, “Князь Ігар”, у “Каляднай гісторыі” сталічнага Тэатра лялек і гэтак далей. У філармоніі ж мы ўбачылі фота, дакументальныя відэа, фрагменты з кінастужак, музыку да якіх ствараў Мечыслаў Вайнберг (а менавіта ён, між іншым, працаваў над мульцікамі пра Віні-Пуха — толькі хто гэта згадвае?), сумесь дат, імёнаў, назваў, візуальныя эфекты з лініямі-сцяжынкамі, па якіх, вымяраючы жыццёвы шлях, крочыў чалавечак. Але нават ведаючы біяграфію кампазітара, разабрацца ва ўсім гэтым было не так проста — тым больш, што “стужка часу” раскручвалася ў зваротным руху, ад канца да пачатку. Жывое гучанне яго сімфоній, абсалютна незнаёмых шырокай аўдыторыі, сыходзіла на другі, трэці план (пры тым, што гэтым выкананнем прэзентаваўся кампакт-дыск з творамі кампазітара).

Што ж, частка публікі ішла менавіта на абяцаныя ўнікальныя галаграфічныя выявы. І ледзь далучыўшыся да падзеі, пазначанай грыфам “Упершыню ў Беларусі”, у першай жа паўзе пачала сыходзіць, асабліва з апошніх радоў партэра. Чым не дадатковы матэрыял для сацыялагічных даследаванняў і эксперыментаў на тэму эфектыўнасці ў папулярызацыі акадэмічнай музыкі?

На жаль, пры ўсіх уласна музычных адметнасцях, фестывалю і дагэтуль бракуе добрай арганізацыі. Так, многія ранейшыя хібы ў гэтай галіне сышлі ў нябыт, што не можа не радаваць, ды выявіліся іншыя. Прэс-канферэнцыя да адкрыцця фестывалю, дзе акрамя арганізатараў і спонсараў прысутнічалі ўдзельнікі — прадстаўнікі Венесуэлы і Вялікабрытаніі, творчая сустрэча з ганаровым госцем — сусветна вядомым эстонскім кампазітарам, а таксама тэсціраванне новага канцэртнага раяля ў філармоніі, першыя канцэрты на якім ладзіліся падчас фестывалю, праходзілі адначасова на трох розных пляцоўках. Ці ж гэта правільна? А між тым, кампазітар Эркі-Свен Цюйр з Эстоніі прыйшоў у акадэмічную музыку пасля сур’ёзнага захаплення рокам. Ці ж гэта не магло быць цікава для СМІ? Дый адно тое, якой папраўдзе харэаграфічнай пластыкай рук ён суправаджаў сваю размову, магло б стаць падставай для фестывальнай фотасесіі.

А тым часам на афіцыйным сайце фестывалю самыя свежыя здымкі ў раздзеле “Фотагалерэя” на дзень здачы газеты ў друк былі пазначаны, не паверыце, 2014 годам. У анатацыях сустракаліся недакладнасці, крыўдныя памылкі друку. Дый само напаўненне сайта неабходнай інфармацыяй пра фестывальныя падзеі літаральна да апошняга ўтрымлівала аб’яву: праграма будзе папаўняцца.

Думаецца, многія праблемы ўзнікаюць з-за празмернай нагрузкі на сустаршыню рэспубліканскага аргкамітэта, мастацкага кіраўніка фестывалю Расціслава Крымера. На сёлетнім фестывалі ён саліраваў з Каралеўскім філарманічным аркестрам Лондана, дырыжыраваў большасцю аркестравых канцэртаў, сам вёў прэс-канферэнцыю, адказваў за непасрэднае складанне фестывальнай праграмы. А яшчэ ўвесь час вырашаў надзвычай вялікі аб’ём разнастайных арганізацыйных пытанняў. А дзе ж, да прыкладу, магчымыя ў такіх выпадках валанцёры? Фестывальны рух у нашай краіне даўно засвоіў гэту форму і паспяхова карыстаецца такога роду дапамогай. Пэўна, свой плён магло б прынесці і супрацоўніцтва з тымі выкладчыкамі і студэнтамі, якія спецыялізуюцца на менеджменце ў сферы культуры. Магчыма, такія сувязі таксама дапамагалі б не толькі ўласна гэтаму форуму, але і, шырэй, папулярызацыі акадэмічнай музыкі ў грамадстве, на што і скіраваны Міжнародны фестываль Юрыя Башмета.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"