Навошта птушцы залаты гадзіннік?

№ 43 (1430) 26.10.2019 - 02.11.2019 г

Несучасная сучаснасць
Ёсць мастацтва, якое навідавоку: помнікі, манументальныя пано, архітэктурны дызайн і дэкаратыўная аздоба вуліц, плошчаў ды іншай прасторы, дзе збіраюцца людзі. А ёсць творы, што не надта кідаюцца ў вочы. Такое мастацтва называюць камерным і паводле фармальных адзнак звычайна класіфікуюць як дэкаратыўна-ужытковае.

/i/content/pi/cult/768/16594/SchukinKounia-118320-_opt.jpegСябры творчай суполкі “Коўня” Мікалай Байрачны і Юрый Гудзіновіч, чые работы прадстаўлены на выставе, якая апошнія дні працуе ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, называюць сваё мастацтва “несучасным”. У тым сэнсе, што мастакі не гоняцца за хуткаплыннай модай. Яны ведаюць: людзі з годным культурным досведам шануюць традыцыю.

Cпадары Мікалай і Юрый робяць рэчы, якія лашчаць вока, якія прыемна трымаць у руках. “Коўня” спецыялізуюцца на працы з металам. Згаданыя мастакі могуць зрабіць з яго што заўгодна — ад ювелірных упрыгожванняў да інтэр’ернай і ландшафтнай аздобы. Калісьці “Коўня” гучна заявіла пра сябе, аднавіўшы паводле апісанняў страчаную калекцыю халоднай зброі, якой валодалі шляхетныя гаспадары Мірскага замка. З таго часу замоўцамі творчай суполкі з’яўляюцца і дзяржаўныя структуры, і прыватныя асобы. Зробленае “Коўней” упрыгожвае інтэр’еры Мінскай ратушы і Нацыянальнай бібліятэкі, а таксама цудоўна аздабляе побыт.

Першае слова, якое прыходзіць на розум, калі бачыш творы экспазіцыі — “рэтра”. Хтосьці па аналогіі магчыма згадае скарбы саксонскіх курфюрстаў і каралёў у экспазіцыі дрэздэнскага музея “Грунэс гэвельбе”, вытанчаныя забаўкі Бенвенута Чэліні ці расійскага ювеліра Фабержэ. Прынамсі, верагодна, што Мікалай і Юрый гэтымі ўзорамі натхняліся.

Хоць кожны экспанат выставы самадастковы ў эстэтычным і канцэптуальным сэнсе, сабраныя разам у экспазіцыі яны ствараюць ёмістае ўяўленне пра свет, які нас атачае. Тут у наяўнасці вобразы, што сімвалізуюць стыхіі — ваду, зямлю, паветра. У гэтых творах суіснуюць Дзень і Ноч як два станы душы пад адной абалонкай; рэчаіснасць, да якой можна дакрануцца рукамі, і нябачны для вачэй уяўны свет. Тут сярод аскепкаў міфаў блукае водгулле існай гісторыі.

Засяроджу ўвагу на той акалічнасці, што ў кожнай кампазіцыі цэнтральным элементам і сэнсавым стрыжнем з’яўляецца той ці іншы ўзор халоднай зброі. Рэч у тым, што зброя як нішто іншае адлюстроўвае тэхнічны ўзровень грамадства, характэрную для пэўнага часу эстэтыку і стылёвыя прыярытэты. У нейкім сэнсе зброя, як ні падаецца гэта дзіўным, можа сведчыць нават пра ступень маральнасці грамадства. Бо нават на вайне ёсць пэўныя законы і звычаі, адпаведна, зброя можа быць выразна варварскай ці адносна гуманнай.

Самі мастакі кажуць, што робяць свайго роду каштоўныя цацкі для “дарослых хлопчыкаў”. А хлопчыкі заўжды гуляюць у вайну… А яшчэ “дарослымі хлопчыкамі” называюць людзей, што дасягнуўшы сталасці, захавалі ў душы дзіцячую прагу вандровак у часе і цікавасць да гістарычных таямніц. Бадай, кожны зможа знайсці ў гэтых творах нешта блізкае сваёй натуры і адпавядаючае ўласнаму густу. Менавіта з гэтай прычыны мая трактоўка твораў Мікалая і Юрыя можа і не супадаць з тым, што хацелі сказаць гледачам самі мастакі.

/i/content/pi/cult/768/16594/SchukinKounia-118340_opt.jpegВось, напрыклад, кампазіцыі “Чакай мяне на краі свету”, мяркую, больш пасавала бы назва “Напачатку было балота”. Гэта радок з паэмы Алеся Разанава. Паэтычная тэза не пярэчыць біблійнаму тэксту пра стварэнне cвету. Пакуль на Трэці дзень Бог ні аддзяліў ваду ад сушы, насамрэч было балота. “Пераходзілі эры,/святло/ пагасала,/ і сутарэнні/ нагрувашчваліся —/ было:/ першаіснасць… першастварэнне.”

Жаба — натуральны сімвал балота. Для нас гэта істота такі ж “нацыянальны звер”, як зубр і бусел. Яна здавён звязаная з вадою. З той субстанцыяй, у якой зарадзілася жыццё. Свет жабы — дождж, ручаіны, рэкі і асабліва — балотная дрыгва. Паколькі жыццё прымушае жабу хавацца ад сонечнага святла, яе залічылі ў падземны, цёмны свет. Як земнаводная істота яна жыве на мяжы зямлі і вады (або Сярэдняга і Ніжняга свету), пры гэтым дыхае паветрам. Калі-нікалі аказваецца зачараванай царэўнай.

/i/content/pi/cult/768/16594/SchukinKounia-118266_opt.jpegАсабліва шануецца ў кельцкай міфалогіі. Там яна — Валадар зямлі. Увасабляе гаючую сілу вод. З гэтай прычыны ў кампазіцыю ўключаны кельцкі кінжал, атрыбут ваяроў і друідаў.

Кампазіцыя “Сарока-белабока” выклікае ў памяці слыннага барда Уладзіміра Высоцкага “… а сестре неважно что, но чтоб красиво”. Сарока — вельмі дамітая істота. Усё бліскучае, што трапляе ёй на вочы, цягне ў гняздо. Сваім існаваннем абвяргае меркаванне, паводле якога ў прыродзе ўсё гарманічна, ці па — меньшай меры — лагічна і функцыянальна. Ну навошта птушцы залаты гадзіннік, пярсцёнак, металічныя грошы? Сваімі паводзінамі вельмі нагадвае чалавека, які таксама жыве ў атачэнні прадметаў, ад якіх ніякай практычнай карысці. Хіба што прыгожа… Магчыма ад блізкага суседства з людзьмі ў сарокі і эстэтычнае пачуццё, і нелагічнасць паводзін. Кінжал у стылістыцы Рэнэсансу вельмі пасуе крылатаму фанату чыстай прыгажосці.

“Змоўк шабель звон. На палы снег апаў туман. Завершана начная бойка”. У кампазіцыі — звер гарнастай, які абачліва азіраецца, і страчаны ў запале жорсткай сутычкі срэбраны шастапёр, нібы загубленая душа “крылатага” гусара Рэчы Паспалітай. Калі зняць, адкруціць верхнюю частку шастапёра, атрымаецца кінжал. Колючая зброя ўнутры ўдарнай.

Гарнастай — звер-драпежнік і адначасова ахвяра чалавечай сквапнасці і фанабэрыі. Хто б ні перамог на вайне, а гарнастая ўсё адно пераробяць на футры ці аздобу мантый каранавананых асоб. Вось і азіраецца драпежнік у пошуках паратунку.

“Размова Бенвенута Чэліні з Казіма Медзічы, якая не адбылася”. Гаворка ідзе пра стасункі мастацтва з уладай. Малаверагодна, каб мастак, цалкам матэрыяльна залежны ад багатага замоўцы, які да таго ж, як і належыць нармальнаму тырану, не шанаваў іншадумства, мог бы з работадаўцам аб чымсці дыскутаваць. Але ведаючы маральна-палітычны кантэкст эпохі і думкі скульптара, занатаваныя ў ягонай эпісталярнай і мемуарнай спадчыне, можна звесці мастака і герцага ў віртуальным сумоўі. Кампазіцыя таксама можа выклікаць асацыяцыі з прыпавесцю Леанарда да Вінчы пра ластаўку і кажана. Тут, праўда, мышы не лятучыя, а звычайныя.

Кінжал у кампазіцыі — тыповы ўзор высокай моды на мяжы Рэнэсансу і Барока, з ухілам у бок апошняга. Скажаце “эстэтызацыя забойства”? Магчыма… Валадары з роду Медзічы мелі маніякальную схільнасць пазбаўляцца ад надакучлівых апанентаў з дапамогай ляза і атруты.

“Жах, які лунае на крылах ночы. Прысвячэнне пану Твардоўскаму, “доктару Фаўсту” Рэчы Паспалітай. Кажуць, што жыццё — гэта чарга за смерцю, але некаторыя пнуцца без чаргі. Такім быў, у прыватнасці, пан Твардоўскі, які жыў пры каралі і вялікім князі Жыгімонце-Аўгусце. Тым самым, якому Твардоўскі, пазычыўшы ў д’ябла моцы, зладзіў віртуальнае спатканне з ягонай каханай Барбарай з роду Радзівілаў. З Барбарай на той момант памерлай і пахаванай.

Прага ведаў, жаданне зазірнуць за далягляд лагічна скіравалі шукальніка ісціны на кантакт з нячыстай сілай. А што зробіш, калі свет дабром трымаецца, а злом рухаецца? Цана ж за д’яблавыя прэферэнцыі была звычайная — душа. Кампазіцыя складаецца з “інструментарыя” чараўніка-чарнакніжніка, якім мог карыстацца Твардоўскі, і кажану — наслання Ночы. Самому ж Твардоўскаму, паводле легенды, ночы, у сэнсе — пекла, давялося ўсё ж пазбегнуць. Але ў святло яго не пусцілі. Недзе пасярэдзіне, у прыцемках ён дагэтуль і месціцца ў чаканні Боскага суда.

Цэнтральны элемент кампазіцыі — кінжал-рондаль. Ягоная круглая гарда стылёва пасуе “чароўнаму колу”, з дапамогай якога Твардоўскі трымаў сувязь з залюстроўем рэчаіснасці, і нагадвае, што за гульні розуму калі-нікалі даводзіцца плаціць крывёю.

Над кожнай кампазіцыяй аўтары працавалі некалькі гадоў. Ад Мікалая і Юрыя я чуў, што ім хацелася б пабачыць гэтыя творы ў экспазіцыі беларускіх музеяў.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"