Локіс з мабілай, або Ці ўзрыхліць “Культыватар” глебу для турызму?

№ 43 (1430) 26.10.2019 - 02.11.2019 г

Не так даўно ў мястэчку Лынтупы з’явілася скульптурнае ўвасабленне легендарнага насельніка тых краёў. Гісторыя, вартая хаця б кароткага пераказу. Краязнаўца Алесь Гарбуль некалі выказаў гіпотэзу, што герой навелы Праспера Мэрымэ “Локіс” паходзіць менавіта з гэтых краёў. Актывісты культурнага цэнтра “Культыватар” разам з мясцовымі ўладамі правялі сёлета першы ў Беларусі фэст эксперыментальнай керамікі “Дым”. Яго кульмінацыяй стала вогненнае шоу з апальваннем глінянага Локіса (пярэварацень гэтым разам прыняў аблічча сучаснага фацэта з “мабілай”). А памежнікі, убачыўшы тое, што атрымалася ў керамістаў, адразу загарэліся жаданнем упрыгожыць скульптурай сваю заставу. Дзіўны суплёт абставінаў і кантэкстаў? Або эфект сінэргіі, здатны спарадзіць тую энергію, якая і можа абудзіць ужо амаль заснулы край? Пра амбітныя праекты, датычныя яго пераўвасаблення, мы пісалі ўжо неаднойчы. Выпадкова апынуўшыся нядаўна ў тых мясцінах, вырашыў пацікавіцца, што ж змянілася там за апошні час.

/i/content/pi/cult/768/16592/06.JPGМары пра арт-кластар

Сустрэтыя ў краме мясцовыя жыхары не выглядаюць празмерна аптымістычнымі. І па-ранейшаму згадваюць добрым словам спіртзавод, адкрыты яшчэ пры цары і спачылы гадоў пяць таму. Калі ён функцыянаваў, была якая ні якая праца, а цяпер… Многія толькі і мараць, каб спіртзавод “уваскрэснуў”. Але адразу прызнаюцца, што шанцаў небагата.

У сваю чаргу, вядомы архітэктар-рэстаўратар Вадзім Гліннік марыць, што ў вялізнай старой камяніцы былога спіртзавода, якая сёння не выкарыстоўваецца і спакваля разбураецца, калі-небудзь (хай сабе, і зусім-зусім няхутка) будзе лофтавы арт-кластар, куды пачнуць наведвацца мастакі з усяго свету. Пагатоў, ён ужо бачыў аналаг — у 200 кіламетрах ад Гётэборга. Чым Лынтупы горай?

І гэта красамоўны прыклад розніцы мысленчых парадыгмаў. Што ні кажы, але старая эканамічная мадэль жыцця мястэчак і вёсак спакваля адыходзіць у нябыт. Новая — пакуль не нарадзілася, аднак ужо, здаецца, прывідна лунае недзе на даляглядзе. І няма сумневу, што гэта будзе эканоміка ідэй, а не прымітыўных тавараў. Дакладней, тавараў таксама, але толькі разам з ідэяй.

— На жаль, многія жыхары мястэчка пакуль не бачаць новых эканамічных перспектываў краю, — кажа Вадзім Гліннік, які на грамадскіх пачатках з’яўляецца выканаўчым дырэктарам “Культыватара”. — Яны не разумеюць, як можна зарабляць грошы на культурным турызме, на мясцовых кулінарных традыцыях, на арыгінальных сувенірах. І нашай задачай мы бачым іх навучыць.

Пашырэнню кругагляду спрыяюць разнастайныя майстар-класы для дарослых — па традыцыйнай кухні, па кераміцы, па садаводстве. І, у пэўнай меры, культурныя імпрэзы з не зусім тыповым для мястэчка рэпертуарам — напрыклад, класічнай музыкай.

А ў вольны ад іх час у дыхтоўнай старой камяніцы, якую набылі для цэнтра, каб уратаваць ад зносу, ва ўсю ідзе рамонт. Інтэр’еры пакуль не тое каб надта прэзентабельныя. Але спадар Вадзім ужо бачыць гэтую прастору без будаўнічага пылу і друзу: вось тут мы будзем ладзіць музычныя салоны і паэтычныя вечары, у гэтай зале — выставы, а на падворку самае месца для летніх камерных імпрэзаў. А тут абавязкова адкрыем кавярню. Мастацтвазнаўца Ядвіга Лукашык ужо нават скончыла курсы барыстаў і сцвярджае, што даўно марыла пра такую справу.

/i/content/pi/cult/768/16592/07.JPGЗадаю асцярожнае пытанне: а хто тут будзе вашу кавярню наведваць? Аднак суразмоўцы на гэты конт поўныя аптымізму: маўляў, мясцовым пані сёння няма дзе “выгуляць” прыгожую сукенку. Да ўсяго, калі “Культыватар” упершыню ладзіў у шыкоўным касцёле канцэрт акадэмічнай музыкі, таксама былі перасцярогі адносна наведвальнасці. Але людзей набілася бітма! Адпаведна, не заўсёды попыт нараджае прапанову: часам бывае і наадварот.

Дачнікі і “каланісты”

Управа “Культыватара”, якая калегіяльна прымае рашэнні аб ягонай дзейнасці, складаецца з шасці чалавек. І ўсе яны — з ліку мінчукоў-“прыбышоў”. Хтосьці пераехаў у той край настала, хтосьці — наязджае па выхадных. Але чаму ж няма сярод актыву жыхароў тутэйшых?

Па-першае, варта нагадаць адмысловую дэмаграфічную сітуацыю ў тых мясцінах: карэнны люд неперспектыўны пакуль рэгіён спакваля пакідае — прычым, як правіла, гэта людзі найбольш імпэтныя. А іх хаты часцяком выкупляюць сталічныя “дачнікі”, а то і атабарваюцца сапраўдныя “каланісты”, якім такі ціхі закуток з містычнай “аўрай” акурат і патрэбны для жыцця на прыродзе. Гэтым якраз імпэту не бракуе.

— Мушу адзначыць, што мы шчыруем не толькі для іншых, але і для сябе, — прызнаецца Вадзім Гліннік. — Нам самім падабаецца ўсё тое, што мы робім. Аднак рабіць нешта выключна для сябе нам проста нецікава.

А па-другое… Спроба перадаць “пульт кіравання” ў мясцовыя рукі ўжо рабілася. Аднак пакуль кандыдатаў, здатных яго ўзяць, не знайшлося. Ды і стаўленне тутэйшых да ўсёй гэтай справы нярэдка бывае насцярожаным.

— Памятаю, калі я распавядаў мясцовых, хто мы такія, дык пачуў у адказ: не трэба тут заліваць! — распавядае сябра ўправы “Культыватара” Раман Забэла. — Вы яўна маеце карыслівыя мэты. І хіба ім патлумачыш, што ўкладаць грошы ў Мінску шматкроць выгодней? Дый нават будавацца тут атрымліваецца даражэй — бо павялічваецца звяно дастаўкі матэрыялу.

Зрэшты, вада камень точыць, і за два гады існавання цэнтра стаўленне тутэйшай супольнасці ўсё ж змянілася. Лынтупцы ўдзельнічаюць у суботніках, наведваюць разнастайныя падзеі, рэалізоўваюць сябе ў творчым плане на майстар-класах, прыносяць старыя рэчы для музея, фонды якога таксама спакваля збіраюцца.

 — Ніколі не ведаем, хто прыйдзе на тую ці іншую імпрэзу: мясцовыя, або “прыбышы”, — кажа Вадзім Гліннік. — Але як сведчыць досвед падобных ініцыятываў у Швецыі, падзел канчаткова нівелюецца толькі ў наступным пакаленні: калі дзеці і першых і другіх разам ідуць у школу.

На роварах па смакоцці

Адкуль жа бяруцца сродкі на ўсе гэтыя ініцыятывы? Зразумела, сталага фінансавання няма. Таму зазвычай даводзіцца залазіць ва ўласную кішэню — хаця пошук рэсурсаў ідзе няспынна. Скажам, сталярка ў будынку “Культыватара” была замененая праз краўдфандынг. Часам фінансаванне ўдаецца займець дзякуючы міжнародным праектам — што ні кажы, тэма ўстойлівага развіцця сёння ў трэндзе, а дзейнасць “Культыватара” трапляе тут у яблычак.

— Не варта думаць, быццам гэта лёгкія грошы, — дадае спадар Гліннік. — Мне бывае хутчэй зарабіць іх на сваёй асноўнай працы, ніж напісаць дзясяткі заявак з непрадказальным вынікам.

Яшчэ адзін немалаважны рэсурс — партнёры. Іх кола ў “Культыватара” неверагодна шырокае. Ён несупынна ўцягвае ў сваю арбіту самых розных цікавых асобаў, часам знаходзіць паразуменне з фірмамі, якія могуць забяспечыць патрэбным абсталяваннем і матэрыяламі.

Выдатныя стасункі наладжаныя і з уладнымі структурамі. Дзе-нідзе бывае, што “несістэмныя” рупліўцы ўступаюць з муніцыпалітэтам у канфлікт — або наадварот. Але Лынтупы — дакладна не той выпадак.

— Рэгулярна сустракаючыся з кіраўніцтвам райвыканкама, я заўсёды адзначаю яго разуменне і спрыянне нашай дзейнасці, — кажа Вадзім Гліннік. — А таксама і шчырую зацікаўленасць у развіцці рэгіёна.

Літаральна насупраць будучай установы культуры новага тыпу — класічны СДК. Ці не стануць яны паміж сабой канкурэнтамі? Пару гадоў таму падобныя апасенні мне даводзілася чуць. Але сёння спадар Гліннік запэўнівае, што яны не маюць перад сабой ніякай падставы: адносіны з Домам культуры даўно ўжо выбудаваныя партнёрскія. Доказам таму — хаця б той самы фэст “Дым”, які быў зладжаны разам з Пастаўскім выканкамам, сельсаветам, цэнтрам народнай творчасці… У выніку, атрымалася яркая імпрэза, дзе “свае” маглі ўбачыць нешта новае і нечаканае, а “прыбышы” — пакаштаваць “смятанку” традыцыйнай культуры Пастаўшчыны. Разам са славутымі клёцкамі з душамі, якімі частавалі ўдзельніцы клуба “Традыцыя” пры Пастаўскім Доме рамёстваў.

Дарэчы, “Культыватар” натхніўся зрабіць асобны праект для раскруткі мясцовых кулінарных традыцый. Неўзабаве ім будзе прысвечаны адмысловы сайт з абавязковай англійскай версіяй. Распрацаваныя карты маршрутаў такія цікавосткі ўключаюць — разам з усімі мясцовымі прыроднымі і культурнымі адметнасцямі.

Шчыра кажучы, многія праекты ў сферы турызму (асабліва рэалізаваныя за грантаўскія сродкі) падаюцца мне не тое каб надта эфектыўнымі. Ну прыдумаў ты шыкоўны тэматычны веламаршрут з мноствам адметнасцяў, які пачынаецца ў маленькай вёсачцы А і сканчаецца ў такой самай вёсачцы В. І каму ад яго карысць, калі ні да адной з гэтых вёсачак чыгункай не дабярэшся, а заначаваць там няма дзе?

У гэтым сэнсе “культыватарская” дзейнасць больш прагматычная. І неўзабаве наведвальнікі атрымаюць “прадукт поўнага цыкла”. Дабраўшыся ў Лынтупы (што можна зрабіць нават без уласнага аўто), кожны ахвотны здолее ўзяць там напракат ровар і выправіцца на ім аглядаць шматлікія цікавосткі. А пасля павячэраць у кавярні і выспацца ў хостэле.

Будынак для яго ўжо набыты Раманам Забэлам. Працуючы выкладчыкам БНТУ, ён рэгулярна ладзіць у Лынтупах летнікі для студэнтаў-архітэктараў, і праблему “дзе пераночыць” ведае не па чутках. Сёння гэта даволі лядашчая даміна — а такіх у Лынтупах нямала — аднак працы пачнуцца ўжо неўзабаве. І ёсць надзеі, што ў наступны сезон хостэл запрацуе.

— Мы не ставім перад сабой мэту зарабляць грошы, — кажа Вадзім Гліннік. — Але хацелі б, каб культурны цэнтр сябе акупляў. Незалежнасць ад знешніх донараў — аснова яго ўстойлівага існавання. Таму і займаемся не толькі імпрэзамі.

А праваруч ад даўно спусцелага спіртзавода — галоўная “разынка” Лынтупаў. Гадоў дзесяць таму занядбаную сядзібу Бішэўскіх выкупіў інвестар. Размешчаная на яе тэрыторыі старая школа ўжо адрамантаваная — там будзе гатэль для “сярэдняй кішэні”. Сам палац, які мае пераўтварыцца ў VIP-цукерачку, пакуль не надта змяніўся вонкава, і актыўных працаў на тэрыторыі сядзібы я не заспеў. Але Вадзім Гліннік, які з’яўляецца навуковым кіраўніком аб’екта, кажа, што справа не безнадзейная — як у выпадку з некаторымі маёнткамі, якія інвестары купілі і адразу забылі. Таму можна чакаць, што ў адзін цудоўны дзень у Лынтупах паболее дарагіх аўто.

Адпаведна, паболее і наведвальнікаў цэнтра “Культыватар”, і ахвотных далучыцца да мясцовай кулінарыі. І ўжо сёння вельмі важна, што развіццё турызму ў гэтым вельмі самабытным рэгіёне пакуль ідзе па “ўстойлівым” рэчышчы. То-бок, з ухілам на традыцыі рэгіёна, хай і пераасэнсаваныя. На жаль, так адбываецца не заўсёды.