“Каб чыталі, ведалі, цешыліся”

№ 36 (854) 06.09.2008 - 12.09.2008 г

Як зноў не згадаць перліну Беларусі — Нясвіж, які прымаў Дзень беларускага пісьменства ў 1997 годзе? 1 верасня ў Гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж” для наведвальнікаў адкрыліся залы першага пускавога комплексу палаца. Хутка ў горадзе адкрыецца і новы будынак Цэнтральнай раённай бібліятэкі...

 /i/content/pi/cult/173/1659/Nyasvizh1.jpg

Самае цікавае, што адной з пяці толькі што адкрытых для наведвання залаў палацавага ансамбля стала зала гісторыі архіва і бібліятэкі Радзівілаў. У ёй прадстаўлены унікальныя дакументы, пасведчанні, кнігі, па якіх можна даведацца пра гісторыю славутых збораў. Сярод экспанатаў залы, якія работнікі нясвіжскага музея “па крупінках” збіралі з розных фондаў, архіваў, музеяў, — такія знаходкі, як фрагмент нататак Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі пра падарожжа ў Сірыю, Палесціну і Егіпет — славутыя “Pelegrynacii”, што былі перавыдадзены дзевятнаццаць разоў на некалькіх мовах свету, дакумент на права захоўвання ў Нясвіжскім замку другога экзэмпляра метрыкі ВКЛ, шэраг лістоў з перапіскі Радзівілаў з Людовікам IV, Янам Сабескім, Жанам Жакам Русо, прыжыццёвыя выданні Альберта Станіслава Радзівіла, канцлера ВКЛ, Францішкі Уршулі Радзівіл...
— Знаёмім і са славутым запаветам Мікалая Радзівіла Сіроткі сваім сынам, — распавядае намеснік дырэктара па навуковай працы музея Галіна Кандрацьева, — у якім ён прадпісвае, каб яны бераглі ягоны архіў. “Каб чыталі, ведалі, цешыліся”, — запавядае ён, і нашчадкі рэфарматара свята выконвалі яго наказ.
Уражваюць новыя залы комплексу: зала гісторыі будаўніцтва і рэстаўрацыі Нясвіжскага ансамбля, экспазіцыйна-дэманстрацыйная зала, прыназначаная для правядзення навуковых канферэнцый, “круглых сталоў”, рэкрэацыйная зала, дзе месціцца унікальная фотавыстаўка інтэр’ераў палаца ХІХ — ХХ стагоддзяў, падараваная дачкой Альбрэхта Радзівіла Альжбетай Тамашэўскай пад час яе візіту ў Беларусь, багатая партрэтная зала...
— Сёння мы збіраем усё, што магчыма знайсці з радзівілаўскай спадчыны, — кажа Галіна Кандрацьева. — Супрацоўнічаем з навукоўцамі Польшчы, Расіі, Літвы. І трэба адзначыць, што палацавыя інтэр’еры можна запоўніць, толькі трэба шукаць экспанаты і не шкадаваць часу на выкананне якасных копій — тых жа кніг і дакументаў. Зусім нядаўна, да прыкладу, мы знайшлі радзівілаўскую жырандолю ХІХ стагоддзя — з Белай бальнай залы палаца, якая аказалася... у санаторыі “Сосны”. Мы звязаліся з адміністрацыяй установы адпачынку — і зараз наш будучы экспанат знаходзіцца на рэстаўрацыі. Ставім пытанне аб перадачы тых прадметаў, што ёсць у нашых установах культуры, — да прыкладу, вялізныя люстэркі ў холе тэатра імя Янкі Купалы таксама належаць Нясвіжскаму палацу.

 /i/content/pi/cult/173/1659/Nyasvizh2.jpg

Сёлета свае вершы, прысвечаныя Нясвіжу і яго велічы, аформілі ў асобны зборнік “Букет валошак” аўтары літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” пры цэнтральнай раённай бібліятэцы. Надрукаваны ён быў у Нясвіжскай друкарні імя Сымона Буднага, дзякуючы падтрымцы аддзела культуры. І зараз разам з іншай выдавецкай прадукцыяй прадпрыемства кніга будзе прадстаўляць горад на Ушы на Свяце пісьменства ў Барысаве.
“У Барысаў паедзе і другі сёлетні зборнік вершаў нашых паэтаў — “З адценнем любові”, які прысвечаны 785-годдзю горада. Павязём шмат сувернірнай прадукцыі, постэры, паспарту з выявамі Нясвіжа. Дзякуючы новаму абсталяванню — сучасным паліграфічным машынам — мы цяпер здольны зрабіць гэта”, — кажа дырэктар друкарні Аляксандр Мядзвецкі.
Чатыры гады таму разам з сучаснымі друкарскімі магчымасцямі Нясвіжская друкарня займела і новы будынак: замест невялічкай былой плябаніі — цэлы паверх вялікага будынка былых казармаў.
— Наша прадукцыя за гэты час павялічылася ў разы, — канстатуе Аляксандр Мядзвецкі, — і дзеля таго, каб падтрымліваць гэты ўзровень, прыходзіцца працаваць. Але калі бачыш добра зробленую кнігу ці перыёдыку пра Нясвіж — сэрца радуецца.
Здаецца, вядомае выслоўе Мікалая Радзівіла Сіроткі сапраўды набывае новую сілу.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
Фота аўтара.