“… Восень” з вясновым адценнем

№ 43 (1430) 26.10.2019 - 02.11.2019 г

У Беларускай дзяржаўнай філармоніі пачаўся Міжнародны фестываль “Беларуская музычная восень”, які працягнецца да канца лістапада. Сёлета ён азораны не толькі знакамітымі імёнамі і калектывамі, у тым ліку з Германіі, Даніі, Іспаніі, Малдовы, Польшчы, Расіі, Румыніі, Сербіі, але і суцэльным сузор’ем “круглых лічбаў” — юбілей на юбілеі!

Сама “… Восень” — 45-я. Канцэртаў у ёй — 25. А яшчэ ў яе рамках упершыню пройдзе “фестываль у фестывалі” — 5-я Міжнародныя музычныя вечары фартэпіянных дуэтаў Duettissimo, якія раней былі часткай філарманічнай “Мінскай вясны”, больш арыентаванай на творчую моладзь, а на гэты раз стануць урачыстым закрыццём “Беларускай музычнай восені”.

Дый распачаўся фестываль юбілеем — гала-канцэртам да 90-годдзя з дня нараджэння нашага славутага кампазітара, народнага артыста Беларусі Яўгена Глебава. Вечарына сабрала адразу некалькі калектываў краіны: Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр на чале з Аляксандрам Анісімавым, Прэзідэнцкі аркестр пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна, Студэнцкі духавы аркестр Акадэміі музыкі і ансамбль “Мінск-Класік”, якія ўзначальвае Максім Расоха, а таксама некалькі хораў сталічнай Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 10 імя Яўгена Глебава.

— Музыка Глебава здаўна заняла ганаровае месца ў нашым репертуары, рэгулярна мы ладзім і яго аўтарскія вечарыны, — расказаў на прэс-канферэнцыі, што пачалася з аркестравай рэпетыцыі, Аляксандр Анісімаў.

Часткі з “Альпійскай сімфоніі-балады” дырыжор склаў у аднайменную паэму, дадаў у праграму фрагменты з балета “Мара”, першую частку Скрыпічнага канцэрта, араторыю “Запрашэнне ў краіну маленства” з удзелам юных музыкантаў. Прагучалі і пазнавальныя глебаўскія мелодыі з “Ціля Уленшпігеля”, “Маленькага прынца”, размаітая кінамузыка кампазітара, іншыя аркестравыя творы.

Наперадзе — шмат незабыўных філарманічных вечароў, дзе ёсць не толькі акадэмічная музыка ў выкананні лепшых салістаў і калектываў, але і джаз, фламенка, французскі шансон, сусветная прэм’ера канцэртнай оперы “Вялікае княства любові” Ганны Казловай, канцэрты да 50-годдзя заснавання “Песняроў”, да 35-годдзя ансамбля “Свята” і многа чаго іншага.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"