Сонца сяброўства

№ 42 (1429) 19.10.2019 - 26.10.2019 г

…Здаецца, гэта адбывалася так даўно, за савецкім часам, калі ўзаемаадносіны паміж творчымі арганізацыямі Беларусі ды Грузіі былі вельмі плённымі. Гэта тычылася і літаратурных сувязяў, і сувязяў тэатральных.

Памятны тым, што ў 70-я — 80-я гады беларускую сталіцу наведвалі вядучыя грузінскія тэатры. Яскравы след у душы пакінуў шэдэўральны спектакль “Каўказкі крэйдавы круг” — у пастаноўцы вялікага Стуруа і тэатра імя Ш. Руставэлі. Моцныя ўражанні засталіся і ад пастаноў тэатра імя А.С. Грыбаедава, у якім у свой час працаваў не меньш знакаміты на ўвесь тэатральны свет Георгій Таўстаногаў.

На той час нашу краіну з задавальненнем наведвалі розныя тэатры. Але ўсё адначасна абарвалася ў шалёных 90-х.

І падалося, што Грузія — гэта так далёка… І потым — простае чалавечае назіранне: страціць так лёгка, а вось узнавіць…

І вось цяпер, у XXI стагоддзі, мы вяртаем такія неабходныя нам сяброўскія сувязі…

Піянерам новых тэатральных зносін паміж Беларуссю і Грузіяй некалькі гадоў таму сталі дзеячы “Тэатральнага куфара” — знакамітага фэсту ўніверсітэцкіх тэатраў, які амаль з дзясятак гадоў ладзіўся ў нашай сталіцы. Трывалым было супрацоўніцтва з Батумскім драматычным тэатрам. А цяпер — новая, больш моцная акцыя, у якую на роўных аказаліся ўключаныя сталічныя тэатральныя калектывы абедзвюх дзяржаў. Сімвалічна тое, што гэтымі калектывамі сталі тэатры для дзяцей і юнацтва.

Прыгадаўся такі факт. Спачатку галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра юнага гледача Уладзімір Савіцкі наведаў Тбілісі і ажыццявіў на сцэне мясцовага ТЮГа пастаноўку “Белая Сарока” на аснове класічнай аповесці Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”. Па чутках, гэты незвычайны для грузінскага гледача тэатральны матэрыял яму падабаўся. Будзем спадзявацца, што неўзабаве і нам удасца пабачыць гэты спектакль. А пакуль што мінскі глядач азнаёміўся з тэатральнай акцыяй, якую ажыццявілі тбіліскія майстры “ў адказ” на з’яўленне твора паводле Яна Баршчэўскага ў сталіцы Грузіі. Паказальна, што яны выбралі для ажыццяўлення шырока вядомы твор Надара Думбадзе “Я бачу сонца”. Галоўны рэжысёр тбіліскага ТЮГа Дзмітрый Хвцісіяшвілі, які выступіў аданачасова і ў якасці рэжысёра пастаноўшчыка, і ў якасці аўтара інсцэніроўкі, прысвяціў спектакль 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І трэба прызнаць, што выбар твора Надара Думбадзе падыходзіць для гэтага найлепшым чынам.

Па-першае, таму што памяць аб Вялікай Айчыннай для беларусаў заўсёды з адценнем сакральнасці. Па-другое, Надар Думбадзе, класік грузінскай літаратуры XX стагоддзя, так моцна намаляваў карціну жыцця невялікай грузінскай вёскі падчас гэтага страшэннага ліхалецця, што адразу можна было меркаваць пра водгукі беларускага гледача.

З іншага боку, твор Надара Думбадзе яскрава сведчыць аб тым, што талент у спалучэнні з сапраўдным пачуццём актуальны заўсёды, колькі б гадоў ні мінула з часу яго першапачатковага стварэння.

…Спектакль прываблівае асобным густам, спецыфічнай стылістыкай. Режысёрская праца даволі арганічна падтрымліваецца сцэнаграфіяй (мастак-пастаноўшчык Л. Мурусідзе), якая мінімалістычная ў сваёй аснове, але прадстаўляе шырокую прастору для дзеяння (асабліва гэта выяўляецца ў масавых сцэнах) і музычным афармленнем (А. Лорткіпанідзе, Д. Хвцісіяшвілі). Асобым музычным “кантрапунктам” можна лічыць выкананне ў другім дзеянні грузінскай песні самім Надарам Думбадзе.

Спектакль пастаўлены Дзмітрыем Хвцісіяшвілі ў стрыманым акадэмічным стылі. Усё на сцэне развіваецца павольна, паслядоўна. І гэта дадае спектаклю аўтэнтычнасці. Да таго ж сцэнічны рух даволі арганічна спалучаецца з манерай выканання беларускай акцёрскай школы псіхалагічнага тэатра, дзе праўдзівасць выступае найвышэйшым крытэрыем тэатральнай дасканаласці. Праўду кажучы, калі агульнае ўражанне ад спектакля станоўчае, то ў адносінах да акцёрскага выканання ўзнікаюць пэўныя пытанні. Як ні дзіўна, гэта тычыцца, перш за ўсё, акцёраў старэйшага ўзросту, вопытных майстроў. Выключэннем, бадай з’яўляюцца Лука ў выкананні Ю. Цвіркі, і, асабліва сужэнская пара сялян Бабіло (арт. І. Шрубейка) і Какано (арт. Н. Гарбаценка). Яны — бацькі сыноў-блізнят, якія пайшлі на вайну. Тры гады прайшло, а ад іх аніякіх звестак… І гэтыя людзі, якія носяць у грудзях такую глыбокую рану, так цёпла, па-сапраўднаму па-грузінску сустракаюць нашых юнакоў, якія завіталі да іх, каб памяняць апошнія рэчы на прадукты…

Аб іх — аб юнаках — асобная гаворка, бо яны — галоўныя героі. Усю жудасную пячатку вайны Н. Думбадзе малюе праз успрыняцце юнацтва. Так, падлетак Сасойя і яго аднакласніца і сяброўка Хація ў цэнтры аповесці і спектакля, у цэнтры ўвагі гледачоў. Хація — невідушчая, бачыць толькі пробліскі сонечнага святла і гэта дае надзею на вяртанне зроку, Сасойя водзіць яе ў школу, суправаджае ў паездках… І з кожнай сцэнай усё больш замацоўваецца сувязь юных сэрцаў. І тут у адносінах да выканаўцаў галоўных роляў тюгаўскага спектакля, усё далёка не адзназначна. Выканальніцы ролі Хаціі — выглядаюць супрацлегла: гераіня А. Рабачынай непасрэдная, імклівая і на гэтым усё; праца І. Цвятковай выглядае больш узважанай, але і больш заштампаванай. Але сапраўдным адкрыццём спектакля, на мой погляд, з’явілася выкананне ролі Сасоі Мікітам Кратовічам, артыст супадае з юным героем ва ўсім — у дзеяннях, у парывах душы… І нельга не верыць, што дзякуючы такому Сасойі, які можа так праўдзіва і моцна адчуваць чалавечую сутнасць (як тут не ўспомніць запавет грузінскага класіка Важы Пшавела: галоўнае ў чалавеку — “годнасць!”), — будзе наперадзе перамога і зноў ажыве родная краіна…

…А па заканчэнні ТЮГ’аўскай прэм’еры адбылося нешта незвычайнае. На сцэну паднялася Кетэван Думбадзе — дачка вялікага грузінскага пісьменніка …

І зала доўга апладзіравала…

І ў гэтых шчырых воплесках адбілася ўсё: памяць аб жудаснай вайне, якую сумесна перажылі абодва народы, чароўнасць юнацтва і падзяка сонцу, якое свеціць усім.

І сонцу сяброўства, якое праз мастацтва так збліжае народы!

Вадзім САЛЕЕЎ