Звычайная гісторыя

№ 42 (1429) 19.10.2019 - 26.10.2019 г

У вёсцы Іванічы я быў мэтанакіравана каля года таму, а нядаўна яе, так скажам, праязджаў. Але паспеў даведацца ад Ларысы Арэхавай — музейнага наглядчыка і прыбіральшчыцы ў тамтэйшым Раздзеле экспазіцыі народнага побыту, які ўваходзіць у склад Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея, што зімой будынак не будзе ацяпляцца, як і ў мінулую халодную пару. Мясцовыя жыхары адзіны ачаг культуры ў гэтым населеным пункце пераважна называюць клубам, бо адкрыўся ён у 1971-м як клуб, з часам ператварыўшыся ў сельскі Дом фальклору, а пасля аптымізацыі ў 2010-м стаў Раздзелам музея. Па сутнасці ён сапраўды рознапрофільны: у ім выстаўлены прадметы даўніны — шматлікім з іх не адна сотня гадоў, тут рэпеціруе і выступае фальклорны гурт “Вечарына”, а летам — дзеці, што прыязджаюць у вёску на вакацыі. Тады да амаль сотні пастаянных насельнікаў — узросту ў асноўным пенсійнага, дадаецца, напэўна, яшчэ столькі ж чалавек. І культурныя мерапрыемствы праходзяць адно за адным…

/i/content/pi/cult/767/16575/015.JPGАле надыходзіць дажджлівая восень, птушкі накіроўваюцца на поўдзень, апярэджваючы іх, вяртаюцца ў гарады дачнікі. І Іванічы паволі заміраюць. А значыць, і наведвальнікаў Раздзела становіцца нашмат менш. Магчыма, утрыманне будынка зімой — марная трата сродкаў? Ды і, нягледзячы на экскурсіі (між іншым, у тым ліку і для французскіх дабрачынцаў, што перыядычна наязджаюць у Чэрвень) і летнія наплывы людзей, якія наогул грошы можа прыносіць Раздзел? Мабыць, таму і з капітальным рамонтам яго не спяшаюцца, а ён відавочна неабходны. Зрэшты, пакінем здагадкі і паспрабуем разабрацца, — а ці месца дадзенаму канкрэтнаму раздзелу / музею / клубу ў канкрэтнай вёсцы? У вёсцы, у якой няма ні школы, ні дзіцячага садка, ні нават крамы. У неперспектыўнай, ужо прабачце за шчырасць. І адказаць на гэтае пытанне мы папрасілі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Чэрвеньскага райвыканкама Лідзію Шчацінку (Л.Ш.), дырэктара Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея Алену Забаронак (А.З.) і, уласна, Ларысу Арэхаву (Л.А.).

Л.А.: Хацелася б, каб Раздзел працаваў цэлы год, — зімой мы, як і раней, таксама маглі б праводзіць у ім розныя мерапрыемствы — тыя ж калядныя і навагоднія святы. Але, аб’ектыўна кажучы, у зімовы перыяд працы ў нас было і ёсць менш, і з эканамічнага пункту гледжання дзейнасць Раздзела ў гэтую пару, вядома, малаэфектыўная. Шкада толькі людзей, якія на тры месяцы зноў застануцца без культурнага вольнага часу.

Л.Ш.: Акрамя адасобленай экспазіцыі ў Іванічах у Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея ёсць і іншая: гэта адзіны ў свеце Музей Станіслава Манюшкі. Шмат гадоў ён размяшчаўся ў школе пасёлка Азёрны, а пасля таго, як яна зачынілася, паўстала пытанне аб пераносе экспазіцыі. Быў выбраны будынак былой музычнай школы ў Смілавічах. Па заканчэнні рамонту, у 2017-м годзе, там адкрылася Музычная гасцёўня вялікага кампазітара. А ў гэтым маі пачаў сваю працу паўнавартасны Музей Станіслава Манюшкі, што складаецца з музычнай гасцёўні і дзвюх выставачных залаў. А фінансаваўся дарагі праект з дапамогай праграмы развіцця ААН — сродкамі Еўрапейскага Саюза, з мясцовага бюджэту, а таксама з абласнога — на сродкі гранта “Творчы алімп Міншчыны”, які выйграў калектыў Краязнаўчага музея, напісаўшы адпаведны праект. Я прывяла гэты прыклад для таго, каб ніхто не цешыў сябе ілюзіямі, што, маўляў, сёння ў сферы культуры пры аднаўленні, адраджэнні чаго-небудзь асаблівых праблем не ўзнікае. Цяпер вернемся да Іванічаў. Так, у Раздзеле выстаўлены прадметы старадаўняга побыту, што маюць пэўную каштоўнасць. Тут выступае вельмі добры мясцовы фальклорны калектыў. Але ў тым выглядзе, у якім ён цяпер існуе, я не лічу мэтазгодным функцыянаванне Раздзела наогул, а не толькі ў зімовы перыяд. Таму і было прынята рашэнне Раздзел узімку не ацяпляць, каб прааналізаваць сітуацыю, якая склалася. Справа нават не ў тым, што будынку патрэбен рамонт, а ў яго дарэчнасці. Калі ў Смілавічах утварылася цэлая гісторыка-культурная прастора, звязаная з імем Манюшкі, азнаёміцца з якой едуць і едуць турысты, то ў Іванічах карэннага насельніцтва застаецца ўсё менш і менш, а турысты — госці не такія частыя і, у большасці, сезонныя. Бачачы, як развіваецца Музей Манюшкі, як папаўняюцца фонды, маючы ў наяўнасці яшчэ не выстаўленыя экспанаты, мы думаем над тым, што будынку ўжо патрабуецца прыбудова. Плануем заняцца добраўпарадкаваннем дваровай тэрыторыі. А што ў Іванічах? Уліваць немаленькія сродкі ў Раздзел, аддача ад дзейнасці якога жадае лепшага? Ды прабачаць мяне жыхары вёскі, але я ўсё ж скажу гэтыя жорсткія словы: дзяржава не валодае такімі фінансамі, каб падтрымліваць усе без выключэння аб’екты культуры. Я сустракалася з удзельніцамі гурта “Вечарына”, адкрыта дзялілася з імі сваім меркаваннем. Думаю, нам якім-небудзь чынам атрымаецца захаваць іх творчую спадчыну, перадаць у такія ж таленавітыя рукі, а зараз мы толькі рады таму, што калектыў працягвае выступаць. Разлічваю ўгаварыць гэтых жанчын з часам перадаць іх унікальныя канцэртныя касцюмы, рэчы, якія яны падарылі Раздзелу, у Краязнаўчы музей.

А.З.: Раздзелу ў Іванічах мы, разумеючы спецыфіку яго існавання, у пытанні даходу ад працы заўсёды ішлі насустрач. Рубель-паўтара за білет на мерапрыемства, экскурсію — не тое, што істотна дапамагае зарабляць сродкі, якія ў далейшым маглі б быць накіраваны на той жа самы рамонт. Тым не менш, зараз Раздзел экспазіцыі Музей Станіслава Манюшкі прыносіць нам асноўны даход, бо Краязнаўчы, які стаіць на рамонце, зарабляе толькі перасоўнымі выставамі па раёне. Гэта значыць, нюансы нюансамі, але ў магчымай ліквідацыі Раздзела ў Іванічах нерэнтабельнасць таксама значэнне мае. Аднак, калі падобнае здарыцца, то не заўтра. І, нягледзячы на тое, што ён не будзе ацяпляцца будучай зімой, гэта не перашкодзіць, пры неабходнасці, арганізаваць тут экскурсіі.

Л.Ш.: Дарэчы, у зімовы перыяд Ларыса Мікалаеўна Арэхава ў нас без працы і заробка зноў не застанецца, у гэты час яна стане працаваць у Краязнаўчым музеі.

Л.А.: Я, натуральна, разумею: пры абставінах, якія склаліся, рана ці позна Раздзел закрыюць. Пакуль жа, спадзяюся, у цёплы час года ў ім і каля яго па-ранейшаму будуць праходзіць розныя мерапрыемствы.

Л.Ш.: Мы толькі “за”! А калі не браць у разлік святы, я ведаю, што ў апошнія гады ў Раздзеле зімой нічога не адбывалася.

Л.А.: Хай так, але месца гэта было і застаецца цэнтрам людскога прыцягнення — і ў святы, і ў будні сюды пастаянна цягнуўся і цягнецца народ. Горка ўсведамляць, што, мабыць, у нейкай недалёкай перспектыве яно знікне.

Л.Ш.: Можа, клуб у Іванічах варта было б пакінуць клубам, у якім бы, напрыклад, знаходзіўся і музейны пакой. Цяпер жа дзейнасць Раздзела, што выконвае ў агульным функцыю музея, выглядае некалькі дзіўнай. І калі мне кажуць, маўляў, летам Іванічы бурляць мерапрыемствамі, то расцэньваць гэта варта так: бурляць у кантэксце клубных імпрэз, а не вакол Раздзела. Што ж тычыцца ліквідацыі, хутчэй за ўсё, пытанне стане актуальным тады, калі для Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея ўзвядуць новы будынак. Аднак, у выпадку спынення працы Раздзела, экспанаты, вядома ж, нікуды не знікнуць, а будуць выстаўляцца ў Краязнаўчым музеі. Мы б ужо цяпер маглі нешта з іх перавезці ў аграгарадок Вайнілава, дзе дзейнічае сектар традыцыйных промыслаў (рамёстваў) Чэрвеньскага раённага цэнтра культуры і адпачынку, стварыўшы ў ім аддзел народнага побыту, але пакуль яго няма каму ўзначаліць.

Мне зразумелыя пачуцці Ларысы Мікалаеўны, калектыву “Вечарына”, жыхароў Іванічаў, але па выніку атрымліваецца, што перш за ўсё іх турбуюць лёсы ансамбля, масавых мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў вёсцы, і Раздзела як клуба, а не сховішча артэфактаў.

Л.А.: Не згодная. Усе, што тут сабрана, — заслуга менавіта жыхароў вёскі, і каму, як не ім, хвалявацца за яго сучаснасць і будучыню…

Перад вамі звычайная гісторыя. У якой рацыянальнае пераважыла эмацыйнае. З’яўляліся б экспанаты Раздзела безумоўнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю не толькі для Беларусі ў цэлым — значыць, былі б яны такімі, што на іх — адзіных ва ўсім свеце, — ламіліся б паглядзець людзі з розных краёў планеты, ніколі б да сумнага “санітарна-тэхнічнага” стана ён, упэўнены, даведзены не быў. І бесперабойна працаваў бы ў любую пару года, жыві ў вёсцы хоць сто, хоць дваццаць чалавек. Але чаго няма, таго няма. І аналагічных “раздзелаў” да нядаўніх часоў дзейнічала ў рэспубліцы ў дастатковай колькасці. Аднак прыйшлі іншыя часы з “такімі рэаліямі”. З такімі звычайнымі гісторыямі беларускай культуры. Я ўсё гэта разумею. Якімі ж наіўнымі здаюцца сёння словы акадэміка Дзмітрыя Сяргеевіча Ліхачова, прамоўленыя ім у 1989-м годзе на I з’ездзе народных дэпутатаў СССР: “Культура не можа быць на гасразліку. Аддача культуры народу, краіне невымерна большая, чым ад магчымых непасрэдных даходаў бібліятэк, архіваў і музеяў, чым ад любой галіны эканомікі і тэхнікі”. Цікава, што жыхарам Іванічаў у снежні-лютым заменіць зімовыя вячоркі ў Раздзеле, хай і рэдкія?..

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"