Аўдыя & Відэа

№ 42 (1429) 19.10.2019 - 26.10.2019 г

Вераснёўскія аўдыя / відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць лідар гурта “Дядя Ваня” Іван ВАБІШЧЭВІЧ (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

АЎДЫЯ

/i/content/pi/cult/767/16570/Dziec_opt.jpegГурт Dzieciuki, альбом “Радыё “Harodnia”

А.: Заўваг па рабоце ў мяне няма ніякіх. А да яе плюсаў прылічу тое, што музыканты здолелі арганічна аб’яднаць у суцэльны прадукт самыя розныя стылістыкі, але ўсё ж такі больш “пад сцягам” рока. У альбоме ёсць і рэпкор, і рэгі, і беларуская этніка, і ірландскія матывы, і хэві... Прасцей сказаць, чаго ў ім няма — папсы. Правільны рэліз з правільнымі тэкстамі, некаторыя з іх рэальна прымушаюць задумацца. А па мелодыях і інструментале — усё ў асноўным забіяцка і весела, як гэта і ўмее рабіць дадзены гурт.

B.: Да інструментальнага складніка панк-рока з фолк-адценнем гарадзенцаў у мяне ніколі асаблівых прэтэнзій не ўзнікала — усё ў жанры, баявіта, ад душы, і чым даўжэй існуе калектыў, тым прафесійней ён гучыць (ва ўсякім выпадку, запісан альбом добра). Зразумелая сацыяльная пазіцыя аўтара тэкстаў, але, скажам, калі лепшыя выказванні ў аналагічным аспекце яго калегі з “Нейро дюбеля” Аляксандра Кулінковіча былі напоўнены сапраўднымі болем і перажываннямі, то са сцёбам Dzieciuki часцяком перабіраюць, застаючыся ў сваім песенным мысленні сапраўды на ўзроўні дзецюкоў. Я дакладна не з мэтавай слухацкай аўдыторыі гурта.

/i/content/pi/cult/767/16570/_opt.jpegWarsoba + Irena Kotvitskaya, альбом Razok

A.: У альбоме гучыць шмат завадны музыкі, аднак я злавіў сябе на думцы, што яна ўсё ж наўпрост да камерцыйнай адносінаў мае мала. “Занадта” глыбокія пласты закранае рэліз, — калі артысты “выцягваюць” на суд слухачоў старадаўнюю беларускую аўтэнтыку. Так, дзесьці яе падаюць у “забаўляльным” ключы, але каранёвая сутнасць пры гэтым не мяняецца, яна проста пачынае гуляць новымі, сучаснымі аранжыровачнымі фарбамі. Адчуваецца, што няма нічога надуманага, што дуэт вельмі старанна ўзважваў кожную музычную фразу. І, вядома, варта адзначыць найбагацейшы голас Ірэны!

B.: Заўсёды выклікае цікавасць, што атрымаецца з праекта, які “каламуцяць” лідары пэўных музычных кірункаў. У дадзеным выпадку дуплетам бахнулі акардэаніст world-music-trio Port Mone Аляксей Варсоба і, без перабольшвання, фенаменальная этна-спявачка Ірэна Катвіцкая, што валодае нейкім сапраўды залімітава вядзьмарскім голасам, які можа быць то трывалей самага цвёрдага металу, то танчэй ледзь прыкметнай ніткі. Грунтуючыся на беларускай аўтэнтыцы, дуэт прапанаваў сучаснае па гуку і, натуральна, уласнае прачытанне старадаўняй спадчыны. І цяперашнія саўнд і стылістычныя трэнды шчасліва спалучаліся з народным песенным падмуркам. З такой праграмай дуэту гарантаваны захоплены прыём слухачоў і на буйных фестывалях на адкрытым паветры, і ў клубах. Павольныя і завадныя кампазіцыі, тыя, якім тут жа хочацца падпяваць, і іншыя, што мяркуюць уважлівае ўслухоўванне. З разнапланавага асартыменту страў-трэкаў асабіста я выбраў дарожкі “Стаяла дзяўчына”, “Арол” і “Ліда-Іскарка”. Выдатны рэліз!

/i/content/pi/cult/767/16570/OpTeam_opt.jpegГурт OpTeamist Project, альбом “Галасы рэчаіснасці”

A.: Схіляю галаву перад ідэолагам гэтага праекта, які адважыўся ў наш час, калі менавіта песні — у якіх бы напрамках яны ні былі складзеныя — з’яўляюцца галоўным таварам у музычным шоу-бізнесе, запісаць альбом інструментальных кампазіцый. Я, натуральна, ведаў, што Павел Трыпуць гітарыст шыкоўны, аказалася, ён і кампазітар выдатны — разнапланавы, інтэлектуальны, з цікавымі думкамі. Увогуле, тут ёсць ад чаго кайфануць!

B.: Узяў гітарыст Павел Трыпуць і стварыў супергурт з вядомых музыкантаў, што выступаюць у шматлікіх калектывах. Ну а так як усе яны, уключаючы ідэолага, у якіх толькі жанрах ні граюць, то запісаў новаспечаны ансамбль фьюжн-альбом, дзе стылістыкі дапаўняюць адна адну, індывідуальна сябе не занадта выпінаючы. Асноўным жа “голасам” на гэтым рэлізе з інструментальнымі кампазіцыямі стала, вядома ж, гітара. Усё, быццам бы, слухаецца, асобнымі пасажамі проста захапляешся, але яркіх мелодый, ці хаця б намёкаў на іх, мне не хапіла. У цэлым работа нагадвае адзін доўгі ўрок выканальніцкага майстэрства.

ВІДЭА

/i/content/pi/cult/767/16570/Untitled-2_opt.jpegГурт ili-ili, кліп на песню “Ноч”

А.: Калі б загадзя не стала вядома, што над ролікам працавала некалькі рэжысёраў, я б гэтага не заўважыў і не адчуў. Верагодна, усе яны здымалі ўласныя лакацыі, але сабраныя разам гісторыі не пацягнулі коўдру кожная ў свой бок, а стварылі сапраўды агульную карціну. Яе для сябе назваў “беларускае змярканне” — ёсць нешта такое ў кліпе па настроі ад знакамітага амерыканскага фільма. Праўда, у “нашым” абышлося без вампіраў. А песня выйшла такі ж — загадкавай і прыгожай.

B.: Назавем ідэю гэтага кліпа “Гісторыя ўзнікнення любві”, альбо “Мары спраўджваюцца”. Прыйшоўшы ў начны клуб і апынуўшыся сярод рытму яго музыкі і танцуючых людзей, малады чалавек мроіць выдатнай незнаёмкай, якую ён хацеў бы тут сустрэць. Ва ўявах юнак пераносіцца ў іншыя лакацыі, дзе ён сонечным днём шпацыруе па горадзе рука аб руку з дзяўчынай сваёй мары. І, о цуд — яна з’яўляецца яму на танцпляцы, яны глядзяць адзін аднаму ў вочы, злучаюць далоні, хэпі-энд! Электронныя біты, святло, рух — усё правільна іграе на ўтрыманне роліка. Самой жа песні хітом не стаць — не занадта запамінальная кампазіцыя па мелодыцы, але як відэасуправаджэнне менавіта такога па драматургіі кліпа задачу трэк выконвае.