Найвышэйшая Песня — чаротавым пяром

№ 36 (854) 06.09.2008 - 12.09.2008 г

Сёлета ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” ўбачыць свет другое выданне “Найвышэйшая песня Саламонава”. Вядомая кніга Бібліі, вылучаная ў асобны кніжны твор, прадстаўленая ў трох моўных варыянтах — рускім, беларускім і англійскім, — першы раз была выдадзена “Мастацкай літаратурай” у 1994 годзе, сцвердзіўшы сабой невялікую рэвалюцыю ў беларускай кнігавыдавецкай справе.

 /i/content/pi/cult/173/1657/Pesn-Salamonava1.jpg

Але не толькі выдатная праца перакладчыкаў, рэдактараў і паліграфістаў абумовіла поспех выдання: ілюстрацыі да самага загадкавага раздзела Старога Запавету зрабіў Арлен Кашкурэвіч, нечаканым чынам прадэманстраваўшы свету новую грань свайго таленту. Наш славуты графік-экзістэнцыяліст, “паўночны мастак”, як казаў пра Арлена Міхайлавіча Уладзімір Караткевіч, раптоўна раскрыўся як незвычайны лірык, стварыўшы ілюстрацыі, поўныя жывой чуллівасці і пяшчоты, уласцівай маладым закаханым, — ілюстрацыі, якія, спалучыўшыся з палымяным тэкстам Бібліі, склалі славу беларускай кнігі.
Сёлета ж мы ўбачым дапоўненае ілюстрацыямі выданне “Найвышэйшая песня Саламонава”. Аб гэтым і наогул аб сваім стаўленні да Яе
Вялікасці Кнігі — гаворка карэспандэнта “К” з народным мастаком Беларусі, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Арленам КАШКУРЭВІЧАМ.

— Арлен Міхайлавіч, што мы ўбачым у новым выданні “Найвышэйшая песня Саламонава”? Хто быў ініцыятарам перавыдання кнігі?

— Прызнацца, гэта я прапанаваў перавыдаць кнігу. Прайшло ўжо шмат часу пасля яе першага выхаду, і сёння яна з’яўляецца букіністычнай рэдкасцю. Выданне карысталася вялікім попытам, і таму я звярнуўся да выдавецтва з прапановай здзейсніць новую і дапоўненую яго версію. “Мастацкая літаратура” падтрымала маю ініцыятыву. У гэты дапоўнены варыянт “Найвышэйшай песні Саламонавай” увойдуць і старыя ілюстрацыі, але шмат будзе і новых, да таго ж, змяніўся і макет кнігі з’явіліся новыя развароты. Я трошкі інакш прачытаў тэкст і ўвёў новыя сцэны, якія пашыраюць былыя межы гэтага літаратурнага твора.

— У цэлым, ці змянілася ваша стаўленне да “Найвышэйшай песні Саламонавай” за гэты час?

— Канешне, працаваць над гэтым творам — вельмі цікава. Ён — самая загадкавая кніга Старога Запавету — нібы чароўная кветка сярод пяскоў пустыні. Побач з кнігай Эклезіяста, гнеўных прароцтваў Ісайі — раптам шэдэўр любоўнай лірыкі. Гэта дзіўна і цудоўна. У ім шмат недагаворанага, згубленага, пэўныя ўрыўкі, — таму і існуе так многа трактовак гэтага твора.
Я шмат чытаў гістарычнага матэрыялу аб ім, і шматлікія даследчыкі сцвярджаюць, што ў аснову “Найвышэйшай песні” леглі вясельныя абрадавыя песні старажытнага Ізраіля. Даўней у сірыйскіх і палесцінскіх спевах і звычаях можна было знайсці шмат падобнага. Мне падаецца, што і ў беларускім фальклоры прасочваецца гэтае параўнанне. У “Найвышэйшай песні” дзяўчына называе свайго каханага то “пастух”, то “цар”. І ў беларускіх вясельных спевах часам жаніха называюць князем, а нявесту — князёўнай. Ды тое, як усхваляюць каханыя адно аднаго — усё гэта надзвычай пераклікаецца з абрадавай вясельнай культурай беларусаў. Натуральна, што кожны народ вітае нараджэнне новага саюза мужчыны і жанчыны, і таму “Найвышэйшая песня Саламонава” аказваецца такой блізкай кожнаму. Прынамсі, гэтая кніга доўгі час не лічылася боганатхняючым творам, і ў Святое Пісанне не ўключалася, але пачуццё кахання — гэта святое пачуццё, і таму, мяркую, гэтая паэма трапіла ў лік кананізаваных кніг, “дажыла” да нашых дзён.
Мая жонка пераклала даследаванне аднаго нямецкага вучонага адносна “Найвышэйшай песні”, і, абапіраючыся на яго думку, я пашырыў былыя межы тэксту твора, паглядзеўшы на кнігу Старога Запавету не толькі як на вялікую паэму аб каханні, але як на здабытак багацейшай культурнай спадчыны ўсходніх народаў.

— Ці змянілі вы што-небудзь у выканальніцкай тэхніцы?

— Не. Хачу нагадаць, што, увогуле, ілюстрацый да “Найвышэйшай песні” вельмі мала. Ёсць вядомая гравюра Скарыны, ілюстрацыі літоўскага мастака Стасіса Красаўскаса, выкананыя ў чорна-белых колерах, манеры егіпецкіх рэльефаў... І, напэўна, усё. Часам сустракаюцца ў выяўленчым мастацтве, літаратуры сюжэты, вобразы “па матывах” паэмы — тое ж апавяданне “Суламіф” Купрына, — але спецыяльных ілюстрацый да кнігі не сустракаў. Свае работы я выканаў, як і раней, чаротавым пяром у манеры лёгкага малюнка. Чарот — нібыжывая істота, працяг рукі. У той жа час, ён дазваляе правесці ад самай танюткай да надзвычай гучнай, моцнай лініі. І гэтым разам я гэтаму цудоўнаму інструменту не здрадзіў.

— Арлен Міхайлавіч, ні для кога не сакрэт, што вы — мастак-філосаф, якому вельмі блізкія пытанні чалавечага быцця, вы ў сваёй творчасці ставіце экзістэнцыяльныя пытанні. Як вам пачувалася ў ролі мастака-ілюстратара “Найвышэйшай песні” — як вы самі адзначылі, самай палымянай з кніг Старога Запавету?

— Вы цалкам маеце рацыю. Мне вельмі блізкае выслоўе Мікалая Забалоцкага: “Мастацтва — гэта не ўрач, а боль”. Мне не цікава працаваць над такімі рэчамі, якія цешаць вока, упрыгожваючы інтэр’ер, хоць я і не адмаўляю такога мастацтва. Так склалася, што ў мяне іншыя погляды: цікава ставіць складаныя задачы як у кніжнай ілюстрацыі, так і ў станковай графіцы. Але часам з’яўляецца штосьці такое. Вось “Найвышэйшая песня” і сталася такой нечаканай аддушынай. Трэба калісьці і адпачываць ад складаных пытанняў.

— Наколькі важнай была для вас праца над гэтай кнігай?

— Разумееце, гэтае пытанне не такое простае. З аднаго боку, мне было вельмі радасна зноў узяцца менавіта за гэтую паэму, з другога — узяцца проста за кніжную ілюстрацыю, адчуць радасць творчасці ў афармленні кнігі. Я ўжо не аднойчы гаварыў пра тое, што кніжная ілюстрацыя знаходзіцца ў крызісе. Мы бачым на паліцах крамаў тоны танных кніжак у тонкіх, як кажуць зараз, глянцавых вокладках. Усё— на гэтым вычэрпваецца ўся ілюстрацыя. Даўно ўжо не ілюструюцца творы класічнай літаратуры. Дзякуй Богу, сярод выданняў для дзяцей яшчэ можна знайсці цудоўныя.

 /i/content/pi/cult/173/1657/Pesn-Salamonava2.jpg

Але цэлы пласт кніжнай выяўленчай культуры сыходзіць — даўно ўжо нельга знайсці добры зборнік вершаў з паэтычнымі малюнкамі. Апошняя кніга, якая мяне парадавала, памятаю, была “Слова аб палку Ігаравым”, праілюстраваная Паўлам Татарнікавым.

— Але беларускія выдавецтвы выдаюць зусім неблагія кнігі...

— Разумееце, гаворка тут ідзе не зусім пра якасць кніжнай прадукцыі — яна зараз на высокім тэхналагічным узроўні. Я кажу менавіта пра кніжную ілюстрацыю, якая паступова сыходзіць у нябыт. А ў мностве кніг з глянцавымі вокладкамі душы няма. Няма ауры кнігі, калі дакранаешся да яе старонак — і сэрца замірае. Магчыма, гэта мая думка, але стаўленне да кнігі для мяне — вельмі асабістая рэч. Для мяне кніга— частка маёй экзістэнцыі. Памятаю, у дзяцінстве я не мог заснуць без кніжкі, не паглядзеўшы перад сном яе карцінак. Пад час вайны, калі нават было няма чаго есці, абмяняў стакан проса на кніжку Аляксандра Дзюма. Справа ў тым, што для мяне важны не толькі змест кнігі, але і прыгажосць, тое, як яна зроблена, якія ў ёй ілюстрацыі. І мне зараз становіцца вельмі сумна ад таго, што не знаходжу, не бачу дасканалых і сапраўдных кніг.

— Магчыма, гэта прыкмета часу — людзям патрэбна толькі інфармацыя, а ўсё астатняе застаецца “за бортам”?

— Я ведаю, што ў Велікабрытаніі, Германіі кнігі ўжо даўно не ілюструюцца. Магчыма, кніжная ілюстрацыя яшчэ жывая ў Чэхіі. Мы паступова таксама набліжаемся да цудоўна выдадзеных, але “глухіх” кніжак. Прыкмета часу, кажаце... Ведаеце, прагрэс — гэта, з іншага боку, і рэгрэс: побач з інфармацыйнымі тэхналогіямі штосьці няўмольна памірае, не толькі кніжная ілюстрацыя. Ды і мы самі, набываючы ўсё больш “наварочаныя” сродкі сувязі, становімся ўсё больш і больш адзінокімі. Хоць і не ведаю: магчыма, самі і прагнем гэтага адзіноцтва?

Гутарыла Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
Фота аўтара