Але не толькі выдатная праца перакладчыкаў, рэдактараў і паліграфістаў абумовіла поспех выдання: ілюстрацыі да самага загадкавага раздзела Старога Запавету зрабіў Арлен Кашкурэвіч, нечаканым чынам прадэманстраваўшы свету новую грань свайго таленту. Наш славуты графік-экзістэнцыяліст, “паўночны мастак”, як казаў пра Арлена Міхайлавіча Уладзімір Караткевіч, раптоўна раскрыўся як незвычайны лірык, стварыўшы ілюстрацыі, поўныя жывой чуллівасці і пяшчоты, уласцівай маладым закаханым, — ілюстрацыі, якія, спалучыўшыся з палымяным тэкстам Бібліі, склалі славу беларускай кнігі.
Сёлета ж мы ўбачым дапоўненае ілюстрацыямі выданне “Найвышэйшая песня Саламонава”. Аб гэтым і наогул аб сваім стаўленні да Яе Вялікасці Кнігі — гаворка карэспандэнта “К” з народным мастаком Беларусі, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Арленам КАШКУРЭВІЧАМ.
— Арлен Міхайлавіч, што мы ўбачым у новым выданні “Найвышэйшая песня Саламонава”? Хто быў ініцыятарам перавыдання кнігі?
— Прызнацца, гэта я прапанаваў перавыдаць кнігу. Прайшло ўжо шмат часу пасля яе першага выхаду, і сёння яна з’яўляецца букіністычнай рэдкасцю. Выданне карысталася вялікім попытам, і таму я звярнуўся да выдавецтва з прапановай здзейсніць новую і дапоўненую яго версію. “Мастацкая літаратура” падтрымала маю ініцыятыву. У гэты дапоўнены варыянт “Найвышэйшай песні Саламонавай” увойдуць і старыя ілюстрацыі, але шмат будзе і новых, да таго ж, змяніўся і макет кнігі — з’явіліся новыя развароты. Я трошкі інакш прачытаў тэкст і ўвёў новыя сцэны, якія пашыраюць былыя межы гэтага літаратурнага твора.
— У цэлым, ці змянілася ваша стаўленне да “Найвышэйшай песні Саламонавай” за гэты час?
— Канешне, працаваць над гэтым творам — вельмі цікава. Ён — самая загадкавая кніга Старога Запавету — нібы чароўная кветка сярод пяскоў пустыні. Побач з кнігай Эклезіяста, гнеўных прароцтваў Ісайі — раптам шэдэўр любоўнай лірыкі. Гэта дзіўна і цудоўна. У ім шмат недагаворанага, згубленага, пэўныя ўрыўкі, — таму і існуе так многа трактовак гэтага твора.
Я шмат чытаў гістарычнага матэрыялу аб ім, і шматлікія даследчыкі сцвярджаюць, што ў аснову “Найвышэйшай песні” леглі вясельныя абрадавыя песні старажытнага Ізраіля. Даўней у сірыйскіх і палесцінскіх спевах і звычаях можна было знайсці шмат падобнага. Мне падаецца, што і ў беларускім фальклоры прасочваецца гэтае параўнанне. У “Найвышэйшай песні” дзяўчына называе свайго каханага то “пастух”, то “цар”. І ў беларускіх вясельных спевах часам жаніха называюць князем, а нявесту — князёўнай. Ды тое, як усхваляюць каханыя адно аднаго — усё гэта надзвычай пераклікаецца з абрадавай вясельнай культурай беларусаў. Натуральна, што кожны народ вітае нараджэнне новага саюза мужчыны і жанчыны, і таму “Найвышэйшая песня Саламонава” аказваецца такой блізкай кожнаму. Прынамсі, гэтая кніга доўгі час не лічылася боганатхняючым творам, і ў Святое Пісанне не ўключалася, але пачуццё кахання — гэта святое пачуццё, і таму, мяркую, гэтая паэма трапіла ў лік кананізаваных кніг, “дажыла” да нашых дзён.
Мая жонка пераклала даследаванне аднаго нямецкага вучонага адносна “Найвышэйшай песні”, і, абапіраючыся на яго думку, я пашырыў былыя межы тэксту твора, паглядзеўшы на кнігу Старога Запавету не толькі як на вялікую паэму аб каханні, але як на здабытак багацейшай культурнай спадчыны ўсходніх народаў.
— Ці змянілі вы што-небудзь у выканальніцкай тэхніцы?
— Не. Хачу нагадаць, што, увогуле, ілюстрацый да “Найвышэйшай песні” вельмі мала. Ёсць вядомая гравюра Скарыны, ілюстрацыі літоўскага мастака Стасіса Красаўскаса, выкананыя ў чорна-белых колерах, манеры егіпецкіх рэльефаў... І, напэўна, усё. Часам сустракаюцца ў выяўленчым мастацтве, літаратуры сюжэты, вобразы “па матывах” паэмы — тое ж апавяданне “Суламіф” Купрына, — але спецыяльных ілюстрацый да кнігі не сустракаў. Свае работы я выканаў, як і раней, чаротавым пяром у манеры лёгкага малюнка. Чарот — нібыжывая істота, працяг рукі. У той жа час, ён дазваляе правесці ад самай танюткай да надзвычай гучнай, моцнай лініі. І гэтым разам я гэтаму цудоўнаму інструменту не здрадзіў.
— Арлен Міхайлавіч, ні для кога не сакрэт, што вы — мастак-філосаф, якому вельмі блізкія пытанні чалавечага быцця, вы ў сваёй творчасці ставіце экзістэнцыяльныя пытанні. Як вам пачувалася ў ролі мастака-ілюстратара “Найвышэйшай песні” — як вы самі адзначылі, самай палымянай з кніг Старога Запавету?
— Вы цалкам маеце рацыю. Мне вельмі блізкае выслоўе Мікалая Забалоцкага: “Мастацтва — гэта не ўрач, а боль”. Мне не цікава працаваць над такімі рэчамі, якія цешаць вока, упрыгожваючы інтэр’ер, хоць я і не адмаўляю такога мастацтва. Так склалася, што ў мяне іншыя погляды: цікава ставіць складаныя задачы як у кніжнай ілюстрацыі, так і ў станковай графіцы. Але часам з’яўляецца штосьці такое. Вось “Найвышэйшая песня” і сталася такой нечаканай аддушынай. Трэба калісьці і адпачываць ад складаных пытанняў.
— Наколькі важнай была для вас праца над гэтай кнігай?
— Разумееце, гэтае пытанне не такое простае. З аднаго боку, мне было вельмі радасна зноў узяцца менавіта за гэтую паэму, з другога — узяцца проста за кніжную ілюстрацыю, адчуць радасць творчасці ў афармленні кнігі. Я ўжо не аднойчы гаварыў пра тое, што кніжная ілюстрацыя знаходзіцца ў крызісе. Мы бачым на паліцах крамаў тоны танных кніжак у тонкіх, як кажуць зараз, глянцавых вокладках. Усё— на гэтым вычэрпваецца ўся ілюстрацыя. Даўно ўжо не ілюструюцца творы класічнай літаратуры. Дзякуй Богу, сярод выданняў для дзяцей яшчэ можна знайсці цудоўныя.
Але цэлы пласт кніжнай выяўленчай культуры сыходзіць — даўно ўжо нельга знайсці добры зборнік вершаў з паэтычнымі малюнкамі. Апошняя кніга, якая мяне парадавала, памятаю, была “Слова аб палку Ігаравым”, праілюстраваная Паўлам Татарнікавым.
— Але беларускія выдавецтвы выдаюць зусім неблагія кнігі...
— Разумееце, гаворка тут ідзе не зусім пра якасць кніжнай прадукцыі — яна зараз на высокім тэхналагічным узроўні. Я кажу менавіта пра кніжную ілюстрацыю, якая паступова сыходзіць у нябыт. А ў мностве кніг з глянцавымі вокладкамі душы няма. Няма ауры кнігі, калі дакранаешся да яе старонак — і сэрца замірае. Магчыма, гэта мая думка, але стаўленне да кнігі для мяне — вельмі асабістая рэч. Для мяне кніга— частка маёй экзістэнцыі. Памятаю, у дзяцінстве я не мог заснуць без кніжкі, не паглядзеўшы перад сном яе карцінак. Пад час вайны, калі нават было няма чаго есці, абмяняў стакан проса на кніжку Аляксандра Дзюма. Справа ў тым, што для мяне важны не толькі змест кнігі, але і прыгажосць, тое, як яна зроблена, якія ў ёй ілюстрацыі. І мне зараз становіцца вельмі сумна ад таго, што не знаходжу, не бачу дасканалых і сапраўдных кніг.
— Магчыма, гэта прыкмета часу — людзям патрэбна толькі інфармацыя, а ўсё астатняе застаецца “за бортам”?
— Я ведаю, што ў Велікабрытаніі, Германіі кнігі ўжо даўно не ілюструюцца. Магчыма, кніжная ілюстрацыя яшчэ жывая ў Чэхіі. Мы паступова таксама набліжаемся да цудоўна выдадзеных, але “глухіх” кніжак. Прыкмета часу, кажаце... Ведаеце, прагрэс — гэта, з іншага боку, і рэгрэс: побач з інфармацыйнымі тэхналогіямі штосьці няўмольна памірае, не толькі кніжная ілюстрацыя. Ды і мы самі, набываючы ўсё больш “наварочаныя” сродкі сувязі, становімся ўсё больш і больш адзінокімі. Хоць і не ведаю: магчыма, самі і прагнем гэтага адзіноцтва?
Гутарыла Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
Фота аўтара