“Мая бабуля з Марса”, “Чыстае мастацтва”, “Сашына пекла”...

№ 42 (1429) 19.10.2019 - 26.10.2019 г

Ды іншыя цікавосткі Нацыянальнага конкурсу “Лістапада”
1 лістапада распачынаецца Мінскі міжнародны кінафестываль. Самы час зазірнуць у афішы, каб разабрацца з тым, куды пайсці. Ад дакументальнага блокбастэра “Акварэль” Віктара Касакоўскага — да фільма-адкрыцця апошніх кінафорумаў “А потым мы танцавалі” Левана Акіна. Вытанчаных прапаноў на 26-м “Лістападзе” болей чым дастаткова. І не варта забывацца на беларускае кіно, што звычайна трапляе ў цень фестывальных сенсацый. Чым цікавы сёлета Нацыянальны конкурс? У бягучым аглядзе прааналізуем расстаноўку сіл на галоўнай пляцоўцы для айчынных кінематаграфістаў.

/i/content/pi/cult/767/16568/09.JPGДакументальнае кіно

Самая моцная частка беларускай праграммы. У ёй і нашумелая Summa Андрэя Куцілы, прызнаная лепшым фільмам на самым вядомым фестывалі дакументальнага кіно IDFA у Амстэрдаме, і не безвядомая “Перазімаваць” Евы-Кацярыны Махавай, і “Вялікае падарожжа князя Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі” Юрыя Цімафеева, стужка-трылер, што распавядае пра ўнікальную крыпту Радзівілаў у Нясвіжы. Але таксама сёлета выйдзе да гледача “Мая бабуля з Марса” Аляксандра Міхалковіча — фільм, што ўжо мае фестывальны шлейф, але які трошкі затрымаўся на шляху да “Лістапада”. У цэнтры гісторыі — бабуля рэжысёра, што жыве ў Феадосіі: пасля палітычных узварушэнняў яна са складанасцю можа адшукаць сваё месца на мапе. Дабрацца да бабулі дзецям і ўнукам праблематычна. Фільм — поўны гумару, цеплыні і трапных назіранняў — сярод цікавостак конкурсу.

Навінка гэтага года — “Чыстае мастацтва” Максіма Шведа. Стужка, за нараджэннем якой мы маглі назіраць яшчэ з пітчынга яе ідэі на “Лістападзе — 2016”, атрымала нарэшце бліскучае ўвасабленне. Прысвечана карціна такой шматслойнай тэме як урбаністыка, гарадская прастора. Ужо сталі пагалоскай у Мінску шматколеравыя простакутнікі на сценах дамоў, што з’яўляюцца на месцы рознага кшталту подпісаў. Рэжысёр, абіраючы шлях роздуму, пераасэнсавання гэтай “творчасці”, тонкага гумару, прапануе разабрацца, што стаіць за ўсім вядомым культам чысціні беларусаў. Героямі “Чыстага мастацтва” становяцца работніцы ЖЭСу, мастак Захар Кудзін і жыхары Мінска, што імпульсіўна рэагуюць на перформанс-працу абстракцыяніста. Вядома, тут будзе і прывітанне Малевічу, супрэматыстам, але ўсё павернецца зусім не тым бокам, якім вы чакаеце.

Яшчэ ў праграме — сімпатычны фільм Вольгі Абрамчык “Трэнер”, галоўны герой якога — трэнер футбольнай каманды невідушчых ігракоў з Віцебска. Постаць адмыслоўца з такой рэдкай прафесіяй настолькі абаяльная, што сачыць за ім хочацца пастаянна. Ды варта адзначыць, што спорт у карціне ўсё роўна застаецца спортам, ды з вялікай цікавасцю хочацца ўнікаць у асаблівасці падрыхтоўкі такой каманды.

/i/content/pi/cult/767/16568/pages-7-SS.jpgДасціпная стужка пра асабістыя стасункі Вольгі Абрамчык — “Гульня ў класікі”. Наталля Жамойдзік даследуе працэдуру ўсынаўлення ў Беларусі ў сваёй карціне “Адна сям’я”. І цалкам нечаканы канкурсант — “Хронікі ртуці” Сашы Кулак і Бена Гезе. Фільм, зроблены цалкам на тэрыторыі ЗША нашай суайчынніцай у супрацы з амерыканскім аўтарам, распавядае пра двух жыхароў закінутага гарадка. Аніякіх прывязак да нашай тэрыторыі, ды, тым не менш… Фільм гэты — больш пра людзей, чым пра мясцовасць. Напачатку дзіўнаватыя і чужыя, напрыканцы стужкі героі раскрываюцца як адметныя і прывабныя асобы. Такі нечаканы трып у закінутае мястэчка, знайсці паралелі з якім можна і ў нашай краіне. Варта дадаць, што “Хронікі ртуці” ўмоўна распачалі дыскусію пра тое, што можна лічыць нацыянальным фільмам. Хто і што ў творы мусіць быць беларускімі — аўтар, тэрыторыя, каманда? Больш востра гэта пытанне ўзнялося падчас абвяшчэння ігравой часткі Нацыянальнага конкурсу.

Ігравое кіно

“1986” — так называецца карціна рэжысёра з Германіі Лотара Херцага, знятая цалкам у Беларусі ў супрацы з айчыннымі кінематаграфістамі. З аднога боку — галоўны апавядальнік не мае дачынення да нашай культуры, з іншага — кінатвор, па словах праграмнага дырэктара “Лістапада” Ігара Сукманава, пазбаўлены прыкрага “замежнага акцэнту” і дэманструе тактоўнае стаўленне да нашага асяродка. Дадам са свайго боку выдатную акцёрскую гульню галоўнай актрысы, спакойную інтанацыю і шчырую спробу разабрацца ў нашай пакутлівай неўраўнаважанасці. Якім чынам можна вымераць нацыянальны дух, свядомасць кінакарціны — актуальная дылема для кіно, якое ў міжнароднай практыцы, як правіла, ствараецца ў кааперацыі.

Сумеснай вытворчасці ў ігравой праграме і стужка Аляксея Палуяна “Возера радасці” па матывах аднайменнага рамана Віктара Марціновіча. Таксама адрыньце ўсе свае чаканні і ідзіце — нават пры ўсіх сваіх дзіўнасцях фільм западзе вам у душу.

“Старыя знаёмыя” ў праграме — “Пляж / Лес / Тамбур” Кіріла Галіцкага і Святланы Казлоўскай. І асобным блокам — кінатворы прадстаўніка мамблкора Мікіты Лаўрэцкага і псеўдадакументальнага кіно Юліі Шатун — эма-хорар “Сашына пекла” і фільм-настрой “Апошні дзень гэтага лета”. У першым выпадку — магія VHS-выявы (нагадаю, што “Сашына пекла” зняты на плёнку відэакасет), цудоўны саўндтрэк і мутацыя жанраў, калі азначэнне “хорар” хутчэй раскрывае стан душы, чым вядзе да крывавых забойстваў. І — на супрацьлеглым баку — лёгкая, атмасферная замалёўка Юліі Шатун, што прысвечана пражыванню апошняга летняга дня. Сюжэту амаль няма, але хвалявацца не варта — гэта цудоўны шпацыр па летнім Мінску падлетка, які нікуды не спяшаецца, пазбавіць вас ад восенькага спліну і непатрэбных думак. Да ўсяго, гэта кіно, што дэманструе сучаснае мысленне і творчую разняволеннасць у добрым сэнсе — і менавіта гэтыя творы дадаюць канцэптуальнасці ўсёй ігравой праграме Нацыянальнага конкурсу.

Прынамсі, варта адзначыць і стужкі, што будуць паказаныя ў пазаконкурснай падборцы. Гэта “Рыба дзён маіх” Андрэя Крывецкага і Дзмітрыя Рачкоўскага, “На парозе маўчання” Кірыла Ярохіна, “Анічога” Юліі Дублеўскай і “Пастка” Дар’і Юркевіч. “ІІ” Улады Сяньковай, прэм’ера якой толькі на днях адбылася на Варшаўскім кінафестывалі, будзе прэзентавана 4 лістапада ў кінатэатры “Піянер”.

Анімацыя

Яшчэ падчас прэс-канферэнцыі каардынатар Нацыянальнага конкурсу Мікалай Лаўрэнюк адзначыў, што анімацыйная секцыя — самая праблемная сярод беларускай праграмы. Заяўкі ад аніматараў дасылаюцца зусім не ў той колькасці, што ад рэжысёраў ігравога і дакументальнага кіно, і гэта тэндэнцыя кажа, з аднога боку, пра невялікую колькасць анімацыйных фільмаў, што ствараюцца ў нашым асяродку, з іншага, што аніматары самі даволі спакойна ставяцца да фестывалю і яго магчымасцяў. А дарэмна.

Тым не менш, сёлета ў анімацыйным блоку шэсць стужак. Беларускамоўная казка “Паданне пра гуслі” Таццяны Кубліцкай, фантазія пра каханне італьянскага паэта і яго каханай “Дантэ. Бэатрычэ” Ірыны Кадзюковай, асветніцкі трылер Алены Пяткевіч пра Францыска Скарыну “Магістр вольных мастацтваў”. Ды яшчэ тры анімацыйных фільма рэжысёраў іншага пакалення: “Лепшае месца на свеце” Ірыны Тарасавай, “Прыгажун і пачвара” Наталлі Дарвінай, “Чартапалох” Яўгена Надточая. Прадстаўлю герояў апошніх трох карцін — Мышаня, што шукае “лепшае месца на свеце” — свіран з зернем; пачвара Лахнеска і жабка Апалон, што “перакульваюць” да гары нагамі паняцце прыгажосці; ды — у “Чартапалоху” — хлопец, які прагне прыгодаў на сваю галаву, каб спужацца (прадказалі, што калі наполахаецца — стане шчаслівым). Як бачым, анімацыя будзе розных светапоглядаў. Радасна за новую работу Яўгена Надточая, маладога аніматара, але, вядома, хацелася б бачыць больш новых асобаў у айчынным анімацыйным кіно.

Аналізуючы праграму, магу заўважыць, што стужкі, зробленыя ў каааперацыі, — асабліва дакументальныя, ствараюць аснову конкурсу і вылучаюцца больш асэнсаваным падыходам да матэрыялу. Конкурс ігравога кіно, у цэлым, складаецца за кошт паўнаметражных карцін незалежных рэжысёраў (якіх, варта дадаць, ствараецца ў год не так і шмат). Анімацыя прадстаўлена фільмамі, зробленымі на кінастудыі “Беларусьфільм”.

Галоўныя імёны гэтага года — Андрэй Куціла, Мікіта Лаўрэцкі, Юлія Шатун, Аляксандр Міхалковіч, Максім Швед. Але, мяркую, усе кропкі над “і” расставіць міжнароднае журы Нацыянальнага конкурсу “Лістапад”, старшынёй якога сёлета будзе класік польскага кінематаграфа Кшыштаф Зануссі.