Хто паедзе на “…Базар”?

№ 42 (1429) 19.10.2019 - 26.10.2019 г

Да “Славянскага базару ў Віцебску” яшчэ дзевяць месяцаў, а імёны магчымых канкурсантаў ад нашай краіны стануць вядомымі даволі хутка: у снежні пачнуцца адборачныя туры.

/i/content/pi/cult/767/16562/RIAN_archive_411183_18_opt.jpegПошук будзе весціся па рэгіёнах — у кожнай з абласцей і ў сталіцы. Ужо складзены графік правядзення такіх праслухоўванняў. Рэгіянальныя адборачныя туры пачнуцца 2 снежня з Мінска. А завершацца 13-га ў аграгарадку Мір на Брэстчыне. На гэтым этапе ў кожным з рэгіёнаў будуць абраны да пяці спевакоў, якіх пазней збяруць на другі тур. Там і высветліцца канчаткова, хто ж паедзе летам у Віцебск, каб прадставіць нашу краіну на адным з самых, бадай, прэстыжных конкурсаў у галіне эстрадных спеваў — на нашым “Славянскім базары”.

А там, дарэчы, спаборнічаюць і дарослыя, і дзеці — і пакуль невядома, які з гэтых двух конкурсаў будзе сёлета больш мацнейшым. Бо дзеці там збіраюцца звычайна такія, што дадуць фору дарослым. Нават па ўзросце гэта хутчэй падлеткі — ад 8-мі да 14-ці гадоў. Дый у дарослых узроставы калідор дастаткова шырокі — ад 18-ці да 31 года на момант заканчэння фестывалю.

Як звычайна, кожны будзе павінен прадставіць па дзве песні. Але разлік на тое, што хтосьці “галасісты” паспее вывучыць іх да снежня і адразу перамагчы, не спрацуе: на гэты конкурс абіраюцца не пачаткоўцы, а ўжо спрактыкаваныя юныя і маладыя эстрадныя вакалісты, за плячыма якіх шматлікія канцэртныя выступленні, перамогі на іншых конкурсах і ўдзел у фестывалях.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"