Адзін з лепшых у свеце, або Равеснік вызвалення

№ 42 (1429) 19.10.2019 - 26.10.2019 г

Кожны вялікі горад — гаворка ідзе не пра колькасць насельніцтва, а пра адметную ролю ў гісторыі і значны статус у рэчаіснасці — абавязкова мае сярод знакаў-сімвалаў сваёй тоеснаснасці яшчэ і асаблівы музей. Такі музей, што можа быць толькі тут і ні ў якім іншым месцы. Для Мінска, горада-героя і сталіцы дзяржавы ў цэнтры Еўропы, гэта Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. 22 кастрычніка скарбніцы нашай пакутнай памяці і нашага нацыянальнага гонару спаўняецца 75 гадоў.

/i/content/pi/cult/767/16560/01.JPGУ верасні 1943 года Бюро ЦК КП(б) Беларусі прыняло пастанову аб стварэнні музея барацьбы супраць акупантаў. А сістэматызаваная праца па збору матэрыялаў і дакументаў, якія потым склалі аснову яго экспазіцыі і фондаў, распачалася годам раней. Адчынены быў для наведвальнікаў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны 22 кастрычніка 1944 года. Мінск яшчэ ляжаў у руінах. Для экспазіцыі тады прыстасавалі адзін з нямногіх ацалелых будынкаў у гістарычнай частцы сталіцы — на плошчы Свабоды. З таго дня прайшло 75 гадоў. За гэты час значна ўзбагаціліся фонды музея, неаднойчы грунтоўна перараблялася экспазіцыя. Музей двойчы змяняў адрас. Але, падкрэслім, што і ў першы, і ў другі раз гэта былі вельмі прэстыжныя кропкі гарадской прасторы — Кастрычніцкая плошча і скрыжаванне двух праспектаў, Пераможцаў і Машэрава. Сёння мы можам канстатаваць, што маем адзін з лепшых у свеце ваенна-гістарычных музеяў.

Напярэдадні юбілею наш карэспандэнт сустрэўся з дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Уладзімірам Сяргеевічам Варапаевым.

Змест гутаркі прыведзены ніжэй.

Чым адметны юбілейны год?

Уладзімір Сяргеевіч паведаміў, што да 75-й гадавіны з дня адкрыцця музея, якая супадае з юбілеем вызвалення Беларусі, ужо здзейснены шэраг выставачных праектаў. Так летась адкрылася выстава “Мы ідзем да цябе, Беларусь!”, з 20 чэрвеня бягучага года працуе часовая экспазіцыя “Подзвіг у імя вызвалення”, прымеркаваная да 75-годдзя аперацыі “Баграціён”, у якой адлюстраваная героіка і падзеі згаданай аперацыі ў кантэксце Другой сусветнай вайны. Упершыню на аснове выставы была праведзена экскурсійна-канцэртная праграма з такой жа назвай, якая складалася з агляду наведвальнікамі самой выставы і пастаяннай экспазіцыі і, зразумела, з канцэрта.

/i/content/pi/cult/767/16560/02.JPGЮбілею музея прысвечана і выстава “Вяртаючы час”, якая складаецца з больш як 500 музейных прадметаў з ліку тых, што паступілі ў фонды за апошнія пяць гадоў з дня адкрыцця новай музейнай экспазіцыі 2 ліпеня 2014 года.

Сёлета будзе завершана мадэрнізацыя шэрагу тэм у пастаяннай экспазіцыі. Гэта ў прыватнасці “Абарона Брэсцкай крэпасці”, якая аздоблена копіяй вядомай карціны Яўгена Зайцава; “Курская дуга”, дапоўненая прадметамі ваеннай археалогіі, знойдзенымі на месцах баёў пад Курскам і перададзеных музею Курскім універсітэтам; “Фарсіраванне Дняпра”, тут дададзена буйнамаштабная выява і зроблена імітацыя воднай паверхні; “Карныя аперацыі”. Зараз ідзе праца па дапаўненні і ўдасканальванні экспазіцыйнага комплексу “Лагер смерці Трасцянец”, што дасць магчымасць наведвальнікам больш выразна ўявіць трагедыю вязняў.

У бягучым годзе супрацоўнікі музея прынялі ўдзел у міжнародных канферэнцыях, прысвечаных 75-годдзю вызвалення Беларусі і Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Адбываліся канферэнцыі ў нашай сталіцы, а таксама ў Славеніі і Германіі. Выйшла з друку навукова-папулярнае выданне “Масюкоўшчына. Лёс савецкіх ваеннапалонных”. У кнізе на падставе музейных матэрыялаў распавядаецпа пра буйнейшы фашысцкі лагер з шэрагу падобных. У ім загінула 80 тысяч чалавек.

Рыхтуецца да выдання кніга пра лагер для грамадзянскага насельніцтва ў Азарычах.

Апошнім часам рэалізаваны шэраг выставачных праектаў. Гэта “Азарычы: трагедыя мірнага насельніцтва Беларусі”, “Аляксандр Пячэрскі — сімвал супраціўлення фашызму”, “Беларусь — Іспанія. Сяброўства, народжанае ў баях”, “Мінскае гета. Людзі і лёсы”. Да юбілею музея створана выстава “Між мінулым і будучым”, якая распавядае аб гісторыі музея з моманту яго адкрыцця ў 1944 годзе да пераезду ў сучасны будынак у 2014-м.

/i/content/pi/cult/767/16560/03.JPGА ў планах на першую палову наступнага года — стварэнне вялікай перасоўнай экспазіцыі па гісторыі партызанскага руху Беларусі для Музея-запаведніка “Сталінградская бітва” ў рамках падпісанага сёлета пагаднення аб супрацоўніцтве паміж нашым музеем і музеем у Валгаградзе.

Удасканальваецца і дапаўняецца пастаянная экспазіцыя. Асаблівая ўвага надаецца запаўненню мультымедыйных сістэм змястоўнымі матэрыяламі з музейных фондаў. Закуплена і ўсталёўваецца ў залах некалькі новых інфатэрміналаў.

Новы час — новая экспазіцыя

/i/content/pi/cult/767/16560/04.JPGСпадар Варапаеў нагадвае, што на працягу ўсёй сваёй гісторыі музей быў і сёння застаецца важнейшым інстытутам грамадскай памяці пра подзвіг беларускага народа і іншых народаў Савецкага Саюза ў барацьбе з фашызмам, служыць справе выхавання патрыятызму, выконвае высокую гуманістычную місію.

У розныя перыяды пасляваеннай гісторыі канцэпцыя экспазіцыі музея адпавядала патрабаванням свайго часу. Так, напрыканцы 1940-х і ў 1950-я гады ў аснову была пакладзена, найперш, ідэя паказу жахаў акупацыі і гора, якое прынёс фашызм. Канцэптуальную аснову экспазіцыі складалі дакументы і экспанаты, якія з падкрэсленым натуралізмам адлюстроўвалі акупацыйны перыяд, а таксама матэрыялы пра гераічную барацьбу народных мсціўцаў і франтавікоў.

1960 — 1980-я гады былі складаным перыядам “халоднай вайны”, што і знайшло сваё адлюстраванне ў тагачаснай экспазіцыі. Канцэптуальнай ідэяй і мастом паміж перыядам вайны і паўсядзённасцю была барацьба за мір і, адпаведна, праслаўленне подзвігу савецкага народа, які прынёс мір планеце, выратаваў сусветную цывілізацыю. У экспазіцыі, што адкрылася ў 1967 годзе, была значна пашырана франтавая тэматыка. У ёй акцэнтавалася ўвага на палкаводцах і ваеначальніках, часта з аднолькавым наборам экспанатаў: узнагароды, кіцель, шашка, планшэт, бінокль, у меншай ступені — на малодшых камандзірах, яшчэ радзей — на радавых. Былі захаваныя і ўзмоцненыя тэмы, якія адлюстроўваюць акупацыйны рэжым і партызанскі рух. У той час ідэалагічная накіраванасць выяўлялася найперш у адлюстраванні ролі камуністаў у арганізацыі партызанскіх атрадаў і ў паказе баявых дзеянняў. Тады былі створаны ў экспазіцыі і захаваліся да сённяшняга часу буйныя комплексы з паказам ролі партыйных і камсамольскіх арганізацый — ад пярвічных да цэнтральных. Пры гэтым недастаткова ўвагі надавалася беспартыйным удзельнікам вайны. Іх унёсак у перамогу быў адлюстраваны ў экспазіцыі фрагментарна. Роля вайскоўцаў, што аказаліся ў 1941 годзе ў акружэнні і сталі арганізатарамі і кіраўнікамі партызанскага руху, практычна замоўчвалася, таксама як і ўдзел у гэтым руху мясцовага насельніцтва. Ад згаданай дыспрапорцыі часткова пазбавіліся пры абнаўленні экспазіцыі ў 1980-я гады і пры рэканструкцыі залаў першага паверха ў 1996 — 2005 гадах.

Другая палова 1980-х — першая палова 1990-х — час, калі грамадства зрабілася больш адкрытым, здабыткам галоснасці сталі раней невядомыя дакументы, што і знайшло адлюстраванне ў экспазіцыі музея. Яна пазбавілася спрошчанага, чорна-белага адлюстравання падзей, з’явілася магчымасць паказаць вайну шматгранна, у адценнях і колерах. У экспазіцыі з’явілася інфармацыя аб праціўніку — змешчаны фотадакументальныя матэрыялы, перададзеныя германскім бокам у 1990-я гады, і матэрыялы саюзных нацый па антыгітлераўскай кааліцыі. Больш увагі было нададзена беларускаму матэрыялу: пашырана экспазіцыйная плошча для размяшчэння тэмы “Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі летам 1941 года”.

Разам з тым, гэты час запомніўся патокам фальсіфікацый у друку і электронных СМІ ў адносінах да канкрэтных гістарычных асоб, падзей, увогуле хады вайны і яе вынікаў. У гэтых умовах музей у сваёй рабоце захаваў патрыятычны кірунак і вернасць праўдзе гісторыі.

Змены ў пабудове новай экспазіцыі ў будынку на праспекце Пераможцаў супалі з агульнай тэндэнцыяй змен у грамадстве. З 1944 года, гэта значыць — з моманту стварэння Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, храналагічныя рамкі музейнай экспазіцыі абмяжоўваліся перыядам з 1941 па 1945 год. Храналагічныя рамкі новай экспазіцыі вызначаюцца 1920-мі — 1950-мі гадамі. Пашырэнне гэтых рамак тлумачыцца неабходнасцю паказаць прычыны выспявання Другой сусветнай вайны, а таксама прадставіць матэрыялы першых пасляваенных гадоў аднаўлення параненай зямлі, каб раскрыць працоўны подзвіг беларускага народа як працяг подзвігу ратнага.

Акрамя таго, зала № 10 “Спадкаемцы Вялікай Перамогі” ахоплівае перыяд ад 1950-х гадоў да нашага часу. Ягоная экспазіцыя распавядае пра лакальныя войны і войны-канфлікты, гуманістычную місію Савецкай Арміі і сённяшні дзень Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Пры падрыхтоўцы дадзенай канцэпцыі браліся да ўвагі як распрацоўкі сучаснай беларускай гістарычнай навукі і найноўшай айчыннай гістарыяграфіі, так і тэндэнцыі музеязнаўства ўвогуле.

Немагчыма ўявіць экспазіцыю сучаснага музея без тэхнічнай падтрымкі. Таму яго залы насычаны разнастайнымі аўдыя- і відэасродкамі для дэманстрацыі галасоў, шумоў, музыкі, відэаматэрыялаў, выяў сапраўдных дакументаў і даведачных матэрыялаў.

Ці будзе музей пашырацца?

Наша гаворка датычыла і перспектывы стварэння новых філіялаў музея. Сёння філіяламі з’яўляюцца ваенна-гістарычны комплекс “Мінскі ўкрэпраён” і мемарыял у гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў побач з Траецкім прадмесцем. Між тым, на тэрыторыі нашай краіны ёсць нямала аб’ектаў, якія з’яўляюцца матэрыяльным сведчаннем пакут і подзвігу народа ў гады Вялікай Айчыннай. У шэрагу выпадкаў мясцовыя актывісты хацелі б, каб сталічны музей узяў гэтыя аб’екты пад сваё крыло. На гэта спадар Варапаеў адказаў, што афіцыйна да музея з такой просьбай ніхто не звяртаўся. Будуць звароты — будзе і прадметная размова. У любым выпадку кіраўніцтва музея можа аказаць актывістам у рэгіёнах метадычную і арганізацыйную дапамогу ў справе ўшанавання памяці абаронцаў Айчыны.

Было пытанне пра стан і лёс мастацкай калекцыі музея, у якой прадстаўлены творы, на якіх выхавалася не адно пакаленне патрыётаў. Ці рэальна музею мець у дадатак да існуючай экспазіцыі яшчэ і ўласную мастацкую галерэю?

Згаданыя творы можна пабачыць на зменных выставах, — адказаў дырэктар музея. “Некаторыя з іх — карціны, скульптурныя партрэты, графіку, можна пабачыць і ў пастаяннай экспазіцыі. Усе творы выставіць немагчыма. Аднаго толькі жывапісу ў нас звыш пяцісот адзінак захоўвання. Пытанне стварэння пры музеі мастацкай галерэі не разглядалася. Пад такі праект няма свабодных плошчаў. Але штогод у рамках часовай экспазіцыі выстаўляецца жывапісны цыкл Міхаіла Савіцкага “Лічбы на сэрцы”. Па магчымасці ўключаем творы мастацтва ў іншыя выставы. Не будзе выключэннем і часовая экспазіцыя “Вяртаючы час”, адкрыццё якой адбудзецца 22 кастрычніка а 12-й гадзіне”.

Кола супрацоўніцтва

На дадзены момант Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны заключаны дамовы пра ўзаемнае супрацоўніцтва з музеямі Расіі — Цэнтральным музеем Вялікай Айчыннай вайны 1941 — 1945 (Музеем Перамогі), Северадзвінскім гарадскім краязнаўчым музеем, Цэнтральным Ваенна-марскім музеем, Музеем гісторыі падводных сіл Расіі імя Аляксандра Марынэска, Ваенна-гістарычным музеем артылерыі, інжынерных войск і войск сувязі, Мемарыяльным музеем абароны і блакады Ленінграда, Музеем-запаведнікам “Прохараўскае поле”, Музем-запаведнікам “Сталінградская бітва” і іншымі. Наш музей цесна супрацоўнічае з музеямі Кітайскай Народнай Рэспублікі. Гэта Мемарыяльны музей памяці ахвяр Нанкінскай разні і Мемарыяльны музей антыяпонскай вайны кітайскага народа. Сёлёта аб намеры супрацоўнічаць выказаўся Мемарыяльны музей палеглых герояў Юхуатай горада Нанкіна. У рамках супрацоўніцтва праводзіцца абмен выставамі, камандзіроўкі супрацоўнікаў для ўдзелу ў міжнародных канферэнцыях, семінарах, круглых сталах. Да прыкладу, сумесна з Музеем Перамогі наш музей бярэ ўдзел у маштабным федэральным праекце “Тэрыторыя Перамогі”. У наступным годзе плануецца ажыццявіць абмен выставамі з Музеем-запаведнікам “Сталінградская бітва”.

Варта нагадаць, што беларускі музей з’яўляецца сябрам арганізацыі, што аб’ядноўвае ваенна-гістарычныя музеі. Ён уваходзіць у склад Таварыства “Музей Берлін-Карлхорст”, а з 2015 года з’яўляецца саўтваральнікам Міжнароднай Асацыяцыі музеяў Другой сусветнай вайны, створанай у Пекіне. Летась музей падпісаў Мемарандум аб ўваходжанні ў Міжнародны камітэт гісторыі Другой сусветнай вайны пры Музеі Перамогі.

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прымаў калег з Брытаніі. Ім быў цікавы наш досвед стварэння пастаяннай экспазіцыі. А сёлета па запрашэнні англічан ужо група супрацоўнікаў беларускага музея наведала Імперскі ваенны музей у Лондане. Таксама наладжана супрацоўніцтва з нямецкім музеем “Зеелаўскія вышыні”, ужо згаданым германа-расійскім музеем “Берлін-Карлхорст”, музеем “Славацкае нацыянальнае паўстанне”.

Музей як тэрыторыя мастацтва

Наша апошняе пытанне Уладзіміру Сяргеевічу гучала так:

“Да таго як узначаліць музей вы кіравалі галоўным ансамблем нашай арміі. Як папярэдняя работа адбіваецца на сённяшняй? Маеце намер надаць музею функцыі канцэртнай ці тэатральнай прасторы?”

— Больш пятнаццаці гадоў я кіраваў Заслужаным калектывам “Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь”, дзе цэнтральнае месца ў маёй творчасці адводзілася тэме Вялікай Айчыннай вайны, — кажа спадар Варапаеў. — Мая сённяшняя праца — працяг гэтай творчасці. Маю вялікае жаданне кожны год ладзіць на базе музея фестываль патрыятычнай песні, дзе побач з дарослымі будуць удзельнічаць і дзеці. Над гэтай ідэяй мы зараз працуем.

Падрыхтаваў Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"